Клопат пра ветэранаў

14:40 / 04.05.2010
Удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто абараняў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы і светлае, бясхмарнае жыццё нашчадкаў, засталося няшмат і з кожным днём іх шэрагі радзеюць — гады, хваробы, колішнія раненні і кантузіі, нялёгкае пасляваеннае жыццё накладваюць свой адбітак…
Сёння ў Астравецкім раёне засталося ў жывых толькі 35 ветэранаў вайны. І клопат аб іх, задавальненне іх жыццёвых патрэб становіцца справай гонару раённага выканаўчага камітэта, прадпрыемстваў і арганізацый, якія шэфствуюць над ветэранамі, школьнікаў і моладзі.
Штогод спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі органаў мясцовай улады, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, праводзяць абследаванне жыллёвых умоў ветэранаў, у гутарках з імі і самастойна вызначаюць, якая дапамога ім патрэбна. Рыхтуючыся да 65-годдзя Вялікай Перамогі, такое абследаванне правялі мінулай восенню, і сёлета вясной – паўторнае. Па выніках яго быў складзены спецыяльны план мерапрыемстваў і размеркавана, каму якую дапамогу патрэбна аказаць.
Як паведаміла рэдакцыі начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Ч.Э. Кандратовіч, да пачатку мая практычна ўсё з намечанага выканана. Многія ветэраны жывуць у прыватных дамах, якія патрабуюць таго ці іншага рамонту, зрабіць які яны самі не ў стане – і тут на дапамогу ўдзельнікам вайны прыходзіць раённая ўлада, гаспадаркі і прадпрыемствы. СВК “Варняны”, да прыкладу, адрамантаваў дах на доме ветэрана вайны В.А. Лукшы. Астравецкі лясгас за ўласныя сродкі замяніў дзверы ў доме Г.А. Махалавай і памяняў агароджу каля яе дома. Таксама работнікі лясгаса замянілі агароджу каля дома Ф.С. Дамброўскага-Дубіцкага – сродкі на гэта выдзеліў раённы цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. А Ю.М. Александровічу плот пафарбавалі яго верныя сябры, з якімі ён штогод сустракаецца на школьных лінейках, — вучні Варонскай базавай школы.
Ветэран вайны З.А. Быстрова пры сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады папрасіла правесці газіфікацыю яе дома. Справа гэта — не хуткая і не танная, таму да Дня Перамогі з-за шэрагу прычын выканаць просьбу ветэрана не паспелі. Але гэтым ужо займаюцца: зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, да канца года Зоя Ананьеўна будзе жыць у цёплым доме з сучасным ацяпленнем.
Канешне, галоўнае, чаго цяпер не хапае ветэранам, – гэта здароўе. Вярнуць яго не можа, на жаль, ніхто. Але па магчымасці аблегчыць жыццё хворых, прадаставіць ім усе неабходныя медыцынскія паслугі – гэтыя пытанні заўсёды знаходзяцца пад кантролем. Усе ветэраны, хто меў жаданне, паправілі здароўе ў шпіталі для ветэранаў вайны ў Бараўлянах. Тым, хто не захацеў ці не змог паехаць у санаторый, выплачана грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаную пуцёўку. Крэсла-каляска выдзелена Б.І. Калпаку, тростачка для хадзьбы – А.Н. Давыдавай, хадзілкі – М.П. Кажамякіну. Л.І. Сідарэвіч змешчаны ў палату сястрынскага догляду Міхалішкаўскай бальніцы.
Усе ветэраны атрымалі матэрыяльную дапамогу па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі са святкаваннем 65-годдзя Вялікай Перамогі. Акрамя таго, старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька звярнуўся з пісьмом да кіраўнікоў усіх гаспадарак, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый з просьбай у перыяд падрыхтоўкі і святкавання юбілею Вялікай Перамогі аказаць падшэфным ветэранам вайны асаблівую ўвагу, запрасіць іх на сустрэчы ў сваю арганізацыю ці наведаць дома, аказаць грашовую ці натуральную дапамогу.
Трэба сказаць, што большасці кіраўнікоў такі напамін не патрэбен. СВК “Гервяты” ўзначальвае малады кіраўнік, але А.У. Янчэўскі заўсёды з разуменнем і павагай ставіцца да ветэранаў і таго подзвігу, што яны здзейснілі, і не праміне выпадку падзякаваць ветэранам за іх гераічнае мінулае – словам і справай. Вось і нядаўна падчас святкавання юбілеяў А.А. Галагаева і У.Т. Сухарава праўленне СВК прыняло рашэнне ўручыць ім каштоўныя падарункі: Андрэю Андрэевічу, колішняму старшыні калгаса “Радзіма”, – халадзільнік, а Уладзіміру Трафімавічу – мікрахвалевую печ.
І гэты прыклад не адзінкавы. Можна сказаць, што клопат пра ветэранаў з’яўляецца першачарговым у нашым раёне – і хочацца спадзявацца, што так будзе заўсёды.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.