Новы дырэктар – новыя перспектывы

15:18 / 26.03.2010


З якімі якасцямі ў вас асацыіруецца слова “кіраўнік”? Строгасць, адказнасць, сур’ёзнасць, цвёрдасць, упэўненасць і мэтанакіраванасць. А слова “жанчына”? Лёгкасць, прыгажосць, мяккасць, далікатнасць, эмацыянальнаць, слабасць… А калі “жанчына-кіраўнік”, то што атрымліваецца – цвёрдая мяккасць і строгая далікатнасць? Дарэчы, я заўсёды захаплялася жанчынамі, якія займаюць кіруючыя пасады. І як ім удаецца сумяшчаць гэтыя часам несумяшчальныя паняцці?
Менавіта з адной такой жанчынай мы сёння і пазнаёмімся. Прыгожая і ўсмешлівая, яна ў адзін момант можа ператварыцца ў сур’ёзную і дзелавую. А нагоды сустрэцца з ёй было дзве. З аднаго боку – прафесійнае свята, а з другога – прызначэнне на новую пасаду – дырэктарам Астравецкага УКПБА. Знаёмцеся – Валянціна Міхайлаўна ЛЯЦКАЯ.

– Валянціна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра сябе.
– Сама я родам з Ліды. Скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці “таваразнаўства і арганізацыя гандлю нехарчовымі таварамі”. Чаму гандаль? Гэта ў нейкай меры сямейная справа – у майго дзядулі быў свой магазін. І мне з дзяцінства падабалася назіраць, як ён працуе. А ў Астравец трапіла па размеркаванню ў 1980 годзе, тут сустрэла свайго мужа, мы пажаніліся, потым дзеткі нарадзіліся – і вось ужо трыццаць гадоў як жыву ў Астраўцы. Да 1998 года працавала таваразнаўцам на аптовай базе ў Гудагаі, потым – у Астравецкім райспажыўтаварыстве на розных пасадах. А нядаўна мяне прызначылі дырэктарам раённага камбіната бытавога абслугоўвання.
– З якімі пачуццямі вы ўступалі на новую пасаду?
– Канешне, гэта было нечаканасцю. Я ніколі і падумаць не магла, што ў пяцьдзесят гадоў мне давядзецца змяніць работу. Тым больш, што гэта сфера паслуг, якая адрозніваецца ад гандлю. І адказнасць большая. Як вядома, наш камбінат трымаецца на трох кітах – вытворчасць, паслугі і гандаль, і мая задача – правільна арганізаваць работу, каб быць канкурэнтаздольным і развітым прадпрыемствам. Спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца і я змагу апраўдаць давер старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі.
– І як вы ацэньваеце тую спадчыну, якая вам засталася?
– Перш за ўсё хацелася б адзначыць наш швейны цэх, які працуе на поўную магутнасць, а рэалізацыя швейных вырабаў займае 60 працэнтаў абароту. Папулярная паслуга - изготовление тентов на газель. Мы аказваем паслугі па пашыву адзення для індывідуальных заказчыкаў, а таксама шыем спецадзенне для прадпрыемстваў раёна і вобласці.
У цэху жалезабетонных вырабаў наладжана вытворчасць помнікаў і калодзежных кольцаў.
А ўвогуле наша прадпрыемства аказвае 24 віды паслуг, у тым ліку 11 сацыяльных – рамонт абутку, мэблі, бытавой тэхнікі, тэлерадыёапаратуры, хімчыстка, клінінг, мыццё, чыстка падушак, рытуальныя паслугі, фотапаслугі, цырульня. Акрамя таго, у раёне ёсць 13 сельскіх КПП, дзе прымаюць заказы на аказанне гэтых паслуг. Распрацаваны графік выездаў цырульнікаў і фатографаў у сельскія населеныя пункты.
Як бачыце, спадчына вялікая і работы вельмі многа.
– Адразу бачна, што вы ўжо ўвайшлі ў курс справы. А з якімі праблемамі сутыкнуліся?
– Асноўная праблема, на мой погляд – кадравая. Не хапае высокакваліфікаваных спецыялістаў, а ад гэтага галоўным чынам залежыць імідж нашага прадпрыемства. Так, мы адчуваем недахоп кваліфікаваных краўцоў, якія могуць не толькі шыць, але і раскройваць моднае і сучаснае адзенне.
– А як вы лічыце, вам дапаможа ваш былы вопыт працы ў гандлёвай сферы?
– Безумоўна, мне спатрэбяцца веды і тыя сувязі, што я падтрымліваю з былымі пастаўшчыкамі. Я планую ў нашай бытоўцы пашырыць асартымент: завезці будаўнічыя матэрыялы, фарбы, тавары бытавой хіміі.
– І планы на будучыню ўжо намецілі?
– Так. Ужо падрыхтаваны бізнес-план па развіццю камбіната бытавога абслугоўвання. Для рэалізацыі намечанага мы будзем зыходзіць з тых магчымасцей, якія ёсць на нашым прадпрыемстве. Ёсць задумка распрацаваць летнюю калекцыю моднага адзення, якое будзе каштаваць менш, чым, скажам, у магазінах горада. І тым самым зацікавіць пакупнікоў. Па заказу гімназіі №1 наш мадэльер Кацярына Арлоўская распрацоўвае тры мадэлі дзелавога адзення для дзяўчынак. А 11 чэрвеня будзем удзельнічаць у абласным конкурсе мадэльераў “Люстэрка стылю”, дзе ў намінацыі “дзелавы касцюм” прадставім пяць мадэляў. Дарэчы, у швейным цэху для бесперабойнага забеспячэння сыравінай мы плануем стварыць яшчэ два рабочыя месцы.
Плануецца павялічыць колькасць аказваемых платных паслуг. У нас ёсць ліцэнзія на правядзенне вогнеахоўнай апрацоўкі драўляных канструкцый, і ў гэтым годзе мы плануем правесці такую апрацоўку на 61 мільён беларускіх рублёў.
Пры дапамозе апарата высокага ціску будзем аказваць паслугі па ачыстцы фасадаў, дахаў дамоў, каналізацыі. Акрамя таго, мы гатовы выконваць работы па зборцы мэблі для аб’ектаў, якія будуюцца.
Збіраемся правесці рамонтныя работы ў трох сельскіх КПП – у Варнянах, Рымдзюнах і Міхалішках, а таксама ў нашай цырульні. Аднак мы будзем прывабліваць кліентаў не толькі больш утульным памяшканнем, але і пашырэннем спектру паслуг. У цырульні можна будзе зрабіць манікюр, педыкюр, нарошчванне і дэкаратыўнае афармленне пазногцяў.
А калі казаць пра больш далёкія планы, то мне б яшчэ хацелася адкрыць у нас SPA-салон.
– Сфера абслугоўвання – вельмі няпростая. Як, на ваш погляд, можна дасягнуць гарманічных адносінаў паміж кліентам і работнікам бытавога абслугоўвання?
– Сённяшні кліент – гэта патрабавальны кліент. Ён плаціць грошы, а ўзамен хоча атрымаць якасны тавар. Таму варта прыслухоўвацца да яго пажаданняў і працаваць па прынцыпу “кліент заўсёды мае рацыю”.
– Давайце па традыцыі ўзгадаем лепшых работнікаў камбіната бытавога абслугоўвання.
– Нашы работнікі вызначаюцца сваім прафесіяналізмам, адказнасцю і адданасцю сваёй справе. Хацелася б сказаць словы ўдзячнасці швачкам, якія даўно працуюць на нашым прадпрыемстве і заўсёды своечасова і якасна выконваюць сваю работу – Г.У. Дамуць, В.З. Карэнда, А.З. Жамойць; вопытным спецыялістам, якія працуюць у сельскіх КПП – А.Ц. Азарава, А.Л. Сцяфанчык, Н.К. Чарняўская, В.А. Сідарук; а таксама стваральніцам прыгажосці – нашым цырульнікам В. Ромаш, В. Ковель, Г. Тарашкевіч, Н. Вісацкене.
– Што пажадаеце работнікам прадпрыемства напярэдадні прафесійнага свята?
– Моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, упартасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт, цярплівасці з кліентамі і пакупнікамі. А ўсіх жыхароў раёна заклікаю часцей карыстацца нашымі паслугамі. Мы будзем прыкладаць максімум намаганняў, каб задаволіць вашы пажаданні.
– Дзякуй за гутарку і поспехаў у новай для вас сферы дзейнасці!

Вольга ШОЎКУН.