Как и чем кормят хлеборобов повара из КСУП "Ворняны"

12:26 / 23.08.2017
3259
kh.jpg
Уборачная кампанія наблі­жаецца да свайго эпагею – дажынак, калі на палях будуць зжаты апошнія хлебныя каласы, а аграрыі змогуць падлічыць сабраны ўраджай і перавесці дух. Праўда, ненадоўга: азімую сяўбу ніхто не адмяняў – як і бульбакапанне, і нарыхтоўку кармоў…
За героямі жніва – камбайнерамі, іх памочнікамі, вадзіцелямі, аператарамі зернесушылак – стаяць героі нябачнага, але не менш важнага фронту – сталовай. Падчас палявых работ кожнага хлебароба трэба накарміць два разы на дзень. З гэтай задачай добра спраўляюцца чатыры повары КСУП «Варняны», якія штодзень гатуюць 170 абедаў і 80 падвячоркаў. А надвор’е на кухні стварае загадчыца сталовай і па сумяшчальніцтву шэф-повар КСУП «Варняны» Галіна Францаўна Грабоўская – і яно ў гэтай жанчыне заўсёды сонечнае і яснае..
Дарогу да сталовай, якая размяшчаецца ў адміністрацыйным будынку КСУП «Варняны», «пад­казалі» пахі – не паспела адкрыць дзверы, як нос прыемна заказытаў водар свежапрыгатаванага мяса. Ну і як тут працаваць «кантораўскім»?
kh3.jpg
– І не кажыце, – з усмешкай сустракае мяне Галіна Францаўна. – Куханька наша невялікая – але месца хапае. Разам са мной у сталовай працуюць чатыры чалавекі. Падчас жніва гатуем 170 абедаў і каля 80 падвячоркаў. Праўда, падчас уборкі не кормім работнікаў, якія працуюць у канторы. Нехта скажа, што дваццаць порцый надвор’я не зробяць – але магутнасць кухні не дазваляе нам павялічыць колькасць абедаў. А так дзяўчаты абедаюць тут. 
На работу прыходзім каля 7 га­дзін раніцы. Хуценька раз­мяр­коўваем, хто што робіць. Першая машына, якая адвозіць абеды ў поле, прыходзіць каля 11.30 – а да гэтага часу трэба паспець зварыць суп, згатаваць другое, зрабіць салату, чай ці кампот і нарыхтоўкі на падвячорак. Усяго ў гаспадарцы абеды і падвячоркі разво­зяць тры машыны.
Дзяўчаты ў нас старанныя, увішныя. І раздатчыцы таксама працавітыя. Больш вопытны повар Ганна Астроўская адказвае за мясныя стравы. Вольга Урбановіч, якая працуе ў сталовай другі год, што называецца, «на падхваце»: то бульбы прынясе, то моркву пачысціць. А Наталля Янкойць больш каля пліт завіхаецца. 
kh5.jpg
kh4.jpg

Меню складаю я. Стараюся так прыдумаць, каб страва паўтаралася не часцей, чым раз на тыдзень. Хлопцы з раніцы да вечара ў полі, таму імкнёмся смачна зрабіць, па-хатняму. Усё гатуем самі, не бяром ніякіх паўфабрыкатаў. Хоць кожнаму не дагодзіш: адзін каўбасу не есць, іншы халаднік не любіць. 
Што сёння на абед у хлебаробаў? Гарохавы суп, катлета, бульбяное пюрэ, салата са свежых агуркоў і капус­ты, кампот і хлеб. На падвячорак – рысавая каша, курынае бядро, марынаваныя агуркі і чай.
Каб накарміць 170 чалавек, трэба абабраць уручную каля 200 кілаграмаў бульбы, перапрацаваць крыху больш за 42 кілаграмы мяса на абед і 16 кілаграмаў – на падвячорак. Як усё паспяваем? Дык прывыклі ўжо! Вечарам звычайна робім нарыхтоўкі на заўтра: абіраем бульбу, замарыноўваем мяса – за пяць гадзін столькі порцый прыгатаваць нерэальна…
kh1.jpg
– Якое маё жніво? – перапытвае жанчына і на хвіліну задумваецца. – Напэўна, такое ж, як і кожны год. У лютым споўніцца трыццаць гадоў, як працую ў варнянскай гаспадарцы. Ці пераманьвалі мяне на іншыя месцы? Так, і не аднойчы. Чаму не пагадзілася? За столькі гадоў душой прыкіпела да людзей і да гаспадаркі і, па шчырасці, не ўяўляю сябе на іншым месцы. 
З дзяўчатамі хвалюемся за ўборку. Надвор’е паказвае свой нораў: без перапынку ліе і ліе… Каб сонейка хоць тыдзень пабыло – паспелі б дажаць. Не па чутках ведаю, як хлебароб нервуецца і перажывае, калі тэхніка псуецца ці дажджы ліюць. 
Светлай памяці муж мой Валянцін штогод працаваў на камбайне.  Бацькава любоў да тэхнікі перадалася старэйшаму сыну Яўгену. (Задумваецца) У дзяцінстве з Жэнькам справіцца не магла: усё лез да таты – памочнік малы… Цяжка паверыць, што гады так хутка праімчалі, і Жэня ўжо сам убірае ўраджай. Спачатку хвалявалася за яго, а зараз на сэрцы спакойна – ведаю, што справіцца… Ды і ў хаце – лад і парадак: нявестка Наталля не толькі добрая мама, гаспадыня і жонка, але і мне як дачка.
Малодшы сын Віталь працуе ляснічым Гервяцкага ля­с­ніцтва. Ён таксама знайшоў сваё месца: работу любіць.
Я ўжо двойчы бабуля маю ўнукаў – Максіма і Сашку. Малодшанькі, відаць, таксама, як дзядуля і тата, з тэхнікай будзе «на ты» – моцна машыны любіць! Падчас уборкі Жэня позна вяртаецца дадому, але Саша, калі толькі сон не зморыць, заўсёды яго чакае. Дзверы рыпнуць – малы падрываецца і з усіх ног бяжыць насустрач, каб абняць Жэньку: «Татач-ка-а!».
…Многія жанчыны скар­дзяцца, што ім надакучылі кухня, каструлі, міскі… А мне ўсё гэта – у радасць! Я люблю прымаць гасцей, прыгожа накрываць стол, прыдумляць новыя рэцэпты. Цяпер адна жыву – а што мне адной трэба? А вось калі дзеці на святы збіраюцца, то ад прысмакаў сталы ломяцца.
Чаму адны жанчыны гатуюць смачней, чым іншыя? Складанае пытанне… Ведаю адно: і гатаваць, і дзяцей гадаваць, і хлеб убіраць – усё трэба з любоўю. Тады ўсё атрымаецца.


  
Парады ад шэф-повара
- Фірменную страву – варняскія каўбаскі – робім уручную. Мяса перакручваем не на электрычнай, а на ручной мясарубцы. Каб «пханыя пальцам» каўбаскі атрымаліся смачнымі, кладзём толькі натуральныя інгрэдыенты: соль, перац, цыбулю і часнок.
- Час ад часу хлебаробаў песцім цэпелінамі. Каб яны заставаліся цэлымі і не развальваліся пры варцы, у кіпень трэба дадаць некалькі лыжак крухмалу. Цэпеліны тады  як на падбор атрымліваюцца – адна ў адну!
- Сакрэт смачных адбіўных вельмі просты. Парэжце на кавалкі паляндвіцу, пасыпце кожны шматок мяса прыправамі і соллю і, перад тым, як адбіць, абавязкова абгарніце іх у цэлафан: пырскі не разлятаюцца па кухні, а мяса лепш прамарынуецца.
kh7.jpg

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.ganulich@tut.by


Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений