На чемпионате Европы по боксу островчане выступили блестяще!

12:00 / 21.06.2013
Дзесяць дзён упартай барацьбы, дзе фізічная сіла ў тандэме з маральнай вытрымкай і майстэрствам трымаць удар прыводзіла да жаданай перамогі. Дзе на рынгу змагаліся не проста аматары, а сапраўдныя прафесіяналы. Дзе бурлілі эмоцыі, нябачныя звычайнаму гледачу і балельшчыку…

З 30 мая па 9 чэрвеня ў Мінску праходзіў чэмпіянат Еўропы па боксе, дзе права звацца лепшымі ў сваіх вагавых катэгорыях адстойвалі і нашы землякі – Віталь Бандарэнка і Сяргей Лобан.
На чэмпіянат прыехалі зборныя каманды з 37 краін. Выйсці на рынг рыхтаваліся каля 400 удзельнікаў. Пасля складаных спарынгаў у Стайках у склад зборнай Беларусі па боксе ўвайшлі і нашы землякі: майстар спорту міжнароднага класа Віталь Бандарэнка і майстар спорту Сяргей Лобан. На кожным з баёў сваіх (менавіта сваіх, а не былых, бо былых для яго не бывае) выхаванцаў прысутнічаў і астравецкі трэнер па боксе Аляксей Зянонавіч Маргуж. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад чэмпіянату, якія атрымаў непасрэдна на месцы, а не з экрана тэлевізара. І не толькі ад баёў, але і ад так званага “закулісся”.
У вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў, у якой выступае Сяргей Лобан, было 17 удзельнікаў. Баі праходзілі ў дзённай і вячэрняй праграме. Першы бой Сяргей праводзіў вечарам. Адразу адзначу, што ў чэмпіянаце ўдзельнічалі не проста аматары боксу, а сапраўдныя прафесіяналы, якія ўжо даказалі сваё майстэрства выхадам на такі ўзровень.
Першым сапернікам Сяргея аказаўся малдаванін, прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік Алімпійскіх гульняў. І ён не чакаў такога бою вышэйшага класа ад астраўчаніна. Паядынак Сяргей заслужана выйграў і выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату. Наступнай задачай для яго было ўсімі магчымымі і немагчымымі сіламі “выбіваць” сабе месца ў змаганні за медаль. Аднак нам у чарговы раз “пашанцавала” з сапернікам. Двухразовы прызёр Еўропы, прызёр Алімпійскіх гульняў, баксёр з Ірландыі быў вышэйшы на дзве галавы за нашага Сяргея, акрамя гэтага, ён – ляўша. Астраўчанін выконваў усе прыёмы бою бездакорна, але ірландзец проста не даў яму падысці да сябе і паказаць сябе ў сапраўдным баі. Паядынку, якім ён павінен быў быць, не атрымалася. У выніку Сяргей прайграў. Аднак разам з тым астраўчаніна можна павіншаваць. Сяргей Лобан выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа па боксе. Віншуем!
Разам з нашым земляком Віталем Бандарэнка ў вагавой катэгорыі да 75 кілаграмаў выступалі 27 удзельнікаў. Сапернікам на рынгу Віталія зноў аказаўся вельмі няпросты баксёр з Грузіі. Вядомая асоба ў Сусветнай асацыяцыі аматарскага бокса, прызёр Еўропы, адбіраўся на Алімпійскія гульні… Словам, дастойны сапернік. Ды толькі наш Віталь – таксама не навічок. Гэты бой стаў адным з самых прыгожых, напружаных, непрадказальных паядынкаў чэмпіянату. Ніхто не жадаў здавацца. І ўсё ж Віталь быў лепшым!
Не паспеўшы як трэба адпачыць ад бою з грузінам, на наступны дзень астраўчанін сустрэўся на рынгу з прызёрам чэмпіянату Еўропы, удзельнікам Алімпійскіх гульняў, баксёрам з Румыніі. І пачалася нежартоўная барацьба. Першы раўнд з невялікім адрывам выйграў румын. У другім лепшым быў Віталь Бандарэнка. Трэці суддзі зноў аддалі саперніку астраўчаніна. Аднак…


– Гэты бой бачылі сапраўдныя прафесіяналы міжнароднага бокса, – расказвае Аляксей Зянонавіч Маргуж, – ніякім чынам не звязаныя з маімі рабятамі. І большасць з іх была на сто працэнтаў упэўнена, што трэці раўнд выйграў Віталь. Ды што там казаць – вядомы, думаю, не толькі аматарам бокса, савецкі і расійскі баксёр, трэнер, алімпійскі чэмпіён, чэмпіён Еўропы і свету, Заслужаны майстар спорту Расіі Аляксандр Барысавіч Лябзяк сказаў: “Рабяты, што вы робіце! Гэта ж відавочная перамога беларуса!” Думаю, у боксе ён разбіраецца… Сумна, што пераможцу паядынку вызначае камп’ютар, які падлічвае балы. Машына, а не людзі, якія бачаць, ацэньваюць і судзяць. І яшчэ больш сумна, што не толькі ў нас, але і ў іншых краінах у прыгожы і сапраўдны бокс умешваецца так званае закуліссе, нябачнае гледачам на рынгу і ля тэлеэкранаў…
– Якія ўражанні ад чэмпіянату? – падводзіць вынік Аляксей Зянонавіч. – Да рабят у мяне няма абсалютна ніякіх прэтэнзій. І Віталь, і Сяргей выступілі як спартсмены, як мужчыны, – годна, больш таго – проста бліскуча! Канешне, я імі ганаруся! Нягледзячы ні на што, мы яшчэ пакажам і дакажам, хто лепшы. Можаце не сумнявацца!


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта 5min.by.