Первенство по боксу на призы Островецкого отдела по физкультуре, спорту и туризму

13:00 / 13.02.2013

Стала добрай традыцыяй кожны год у Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе праводзіць спаборніцтвы па боксе. Вось і нядаўна на працягу трох дзён тут праходзіла адкрытае першынство па боксе на прызы аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама.


Спаборніцтва было адкрытае і на астравецкае першынство сябе паказаць і на іншых паглядзець прыехалі юныя баксёры і з іншых гарадоў. Так, спартсмены са Смаргоні, Ашмян і Мінска сталі сапернікамі нашых рабят на рынгу. Павінны былі яшчэ прыехаць і баксёры з Гродна, але па аб’ектыўных прычынах (у дарозе сапсаваўся транспарт) яны, на жаль, на першынство не трапілі. Спадзяёмся, што ў наступны раз гродзенцы абавязкова прадэманструюць сваё майстэрства на астравецкім рынгу.
Тым часам на гэтым самым рынгу ў першы дзень сабраліся на ўрачыстым пастраенні ўсе ўдзельнікі першынства – каб пазнаёміцца, прайсці жараб’ёўку і, канешне ж, правесці першыя баі.
Прадстаўнікі пяці ўзроставых і васямнаццаці вагавых катэгорый сабраліся разам, каб не проста вызначыць лепшых, а прадэманстраваць тэхніку бою, на практыцы паказаць усе навыкі, атрыманыя за час трэніровак, паглядзець на іншыя паядынкі і проста атрымаць задавальненне ад бокса.
На працягу трох дзён юныя спартсмены па чарзе, у адпаведнасці з жараб’ёўкай, выходзілі на рынг. Мацнейшыя праходзілі далей, каму не пашанцавала – “хварэлі” за таварышаў за рынгам і “бралі на заметку” тыя ці іншыя прыёмы. І за ўсім гэтым уважліва назіралі і адзначалі памылкі і бонусы баксёраў члены судзейскай калегіі.
Самым напружаным і насычаным, хвалюючым і відовішчным быў, безумоўна, апошні, фінальны дзень першынства, які сабраў мацнейшых удзельнікаў. Некалькі хвілін бою – і расстаўлены ўсе кропкі над “і”, паднятая рука пераможцы...
Радасць і смутак, апраўданне спадзяванняў – і расчараванне, задавальненне вынікам – і горыч пройгрышу крочылі побач.
Аднак не трэба забываць, што бокс – гэта спорт, дзе ўлічваецца стараннасць, майстэрства, трэніроўкі – і крышачку шанцавання. І пераможцам можа стаць кожны, хай сабе не ў гэты дзень і момант, а праз некаторы час. І вось прозвішчы пераможцаў адкрытага першынства. Ва ўзроставай катэгорыі 2001-2002 гады ў вагавой катэгорыі да 26 кілаграмаў першае месца заняў Кірыл Васілеўскі. Да 28 кілаграмаў лепшым на рынгу стаў Раман Гродэль, а да 34 кілаграмаў – Назар Фадзееў са Смаргоні. Баі, дастойныя адзнакі і павагі, у гэтай вагавой катэгорыі правялі Дзіма Відута, Уладзімір Грынчук і Руслан Карвэль. У вагавой катэгорыі да 36 кілаграмаў пераможцам стаў Арцём Аляксандраў. Дарэчы, Арцём – выхаванец Уладзіміра Мацкелы, нашага земляка, які таксама калісьці пачынаў займацца боксам у астравецкага трэнера Аляксея Зянонавіча Маргужа. Зараз Уладзімір жыве і працуе ў Мінску, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, выкладае фізічную культуру ў Беларускім агратэхнічным універсітэце і, вядома ж, трэніруе дзяцей у секцыі па боксе. Жэня Красоўскі заняў першае месца ў вагавой катэгорый да 44 кілаграмаў, а ў катэгорыі да 54 кілаграмаў перамог Максім Булавіцкі. Сярод удзельнікаў 1999-2000 гадоў нараджэння пераможцамі сталі: Алег Батура (да 28 кілаграмаў), Саша Грынчук (38,5 кілаграма) – ён атрымаў яшчэ і грамату за лепшы бой, Арцём Каспяровіч (да 40 кілаграмаў), які таксама быў узнагароджаны граматай за волю да перамогі, Саша Філіповіч (да 44 кілаграмаў), Вадзім Мароз (да 64 кілаграмаў) і ўдзельнік з Ашмян Дзіма Гайбовіч (да 70 кілаграмаў). Таксама былі адзначаны добрыя баі Мікіты Ромаша, Сашы Міхайлава, Юрыя Дарашкевіча і Сашы Стаскойця. Ва ўзроставай катэгорыі 1997-98 гады нараджэння Марк Маргуж стаў пераможцам у вагавой катэгорыі да 54 кілаграмаў, а смаргонец Антон Ядзевіч – да 64 кілаграмаў.
Акрамя спаборніцкіх паядынкаў, падчас першынства праводзіліся таксама і паказальныя выступленні баксёраў. Тут дэманстраваліся адладжаная, дакладная тэхніка, майстэрства і прафесіяналізм у боксе. Кандыдаты ў майстры спорту Марк Маргуж, Дзіма Лабэцкі, Максім Дрэма, майстар спорту Рэспублікі Беларусь Сяргей Лобан – гэтыя прозвішчы вядомыя не толькі на Астравеччыне, яны неаднаразова гучалі падчас іншых – абласных, рэспубліканскіх, міжнародных турніраў у ліку прызёраў і пераможцаў. Ці трэба казаць, што паказальныя баі з іх удзелам прынеслі вялікую асалоду не толькі трэнерам, удзельнікам, але і гледачам? А калі на рынг падняліся не двое, як звычайна, а трое баксёраў – Дрэма, Лабэцкі, Маргуж – і сталі баксіраваць паміж сабой, іх малодшыя таварышы назіралі за гэтым, затаіўшы дыханне.
Апошнімі на рынг выйшлі Андрэй Нурчынскі з Ашмян і Уладзімір Мацкела. Іх паядынак скончыўся трыма накдаўнамі і безумоўнай перамогай нашага земляка. Усе пераможцы і прызёры першынства былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама.
– Спаборніцтва прайшло на добрым узроўні, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Аляксей Зянонавіч Маргуж. – Усе рабяты парадавалі, прадэманстравалі не толькі атрыманыя навыкі, але мужнасць і стараннасць, жаданне перамагчы. Баі былі прыгожымі і дастойнымі. Вельмі шкада, што на першынстве прысутнічала вельмі мала бацькоў нашых юных баксёраў. Шкада, што яны за тры дні не выдзелілі гадзіну-паўтары, каб прыйсці і паглядзець на свайго сына, на тое, што ён можа і ўмее, як па-майстэрску трымаецца на рынгу. І адчуць гонар за яго. Бо ўсе рабяты гэтага гонару і пашаны заслугоўваюць. А таксама – бацькоўскую падтрымку, зацікаўленасць да захапленняў сына. Паверце, гэта надае сіл, упэўненасці і аптымізму не толькі на рынгу, але і ў жыцці.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.