Лучшие баскетболисты Островецкого района

07:10 / 07.02.2013

Лепшыя баскетбалісты раёна высвятлялі адносіны ў спартыўнай зале Рымдзюнскай школы падчас адкрытага турніру па баскетболе на прызы Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.


Раённая арганізацыя “Белая Русь” правяла спаборніцтва сумесна з аддзелам па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама.
Спачатку з прывітальнымі словамі перад удзельнікамі турніру выступілі старшыня РА “Белая Русь” Н.У. Сянюць і начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме С.В. Шэін.
Шэсць каманд-удзельніц былі падзелены на дзве групы. У группе А па кругавой сістэме паміж сабой гулялі зборныя каманды з Варнян, Астраўца і Гудагая. А ў групе Б сустрэліся баскетбалісты з Гервят, Міхалішак і Рымдзюн.
Серыя гульняў выявіла лепшых у кожнай групе. У матчы за трэцяе месца сустрэліся каманды Міхалішак і Гудагая. Барацьба была ўпартай, а матч – цікавым і відовішчным. Удача ў той дзень была на баку міхалішкаўскіх баскетбалістаў, якія перамаглі гудагайцаў з лікам 24:19 і сталі бронзавымі прызёрамі.
Гульня за першае месца была менш напружанай. З лікам 49:19 зборная каманда Гервят упэўнена выйграла ў сапернікаў з Астраўца.
Пераможцы і прызёры турніру былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі. Акрамя гэтага былі вызначаны лепшыя ігракі ў некалькіх намінацыях. Так, лепшым абаронцам быў названы Дзмітрый Міцкевіч (Гервяты), лепшым цэнтравым – Дзмітрый Бародка (Гервяты), лепшым нападаючым прызнаны Павел Саўкойць (Астравец), а лепшым снайперам – Яўген Мядэйша (Варняны). Усе яны таксама атрымалі прызы.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.