Островецкие спортсмены на "Белорусской лыжне-2013"

14:00 / 01.02.2013

Гэта ўжо стала астравецкай прыкметай, бо чатыры разы запар супадзенняў не бывае: калі ў Астраўцы збіраюцца праводзіць спаборніцтвы па лыжах – чакай моцнага марозу. Так адбылося і сёлета. Цэлую ноч ён шчыраваў, не шкадуючы сіл: размалёўваў вокны непрагляднымі ўзорамі, падгаворваў аўтамабілі не заводзіцца ранкам, рабіў дзвярныя ручкі калючымі і ліпкімі, апускаў рысачкі на тэрмометрах да мінус пятнаццаці-васямнаццамі – і марозіў-марозіў-марозіў… Каб назаўтра ніхто не выйшаў на вуліцу, а сядзеў дома ля печак ці батарэй, і каб не было ніякіх лыжаў.


Толькі зноў у яго нічога не атрымалася. Не баяцца марозу спартсмены – і ў вызначаны час на гарадскім стадыёне станавілася ўсё больш шматлюдна. Гэта ўдзельнікі збіраліся на “Беларускую лыжню-2013”.
Хоць трэба аддаць належнае і марозу – ці гэта яго спалохаліся, ці па нейкіх іншых прычынах, але сёлета аматараў пракаціцца “з ветрыкам” на лыжах было менш. Прадстаўнікі шасці арганізацый – цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела ўнутраных спраў, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, СВК “Варняны” і фабрыкі “Альхоўка” – старанна разміналіся перад стартам і “наразалі” па стадыёне трэніровачныя кругі.
На жаль, не было на стадыёне абяцанага пракату канькоў. Толькі стыхія тут ужо ні пры чым, умяшаўся “чалавечы фактар”. Ды не проста ўмяшаўся, а праехаўся “з шыкам” па нядаўна залітым катку. Хто вінаваты, спадзяёмся, разбярэцца міліцыя, ды толькі за некалькі хвілін былі перакрэслены дні стараннай працы. І ўсё давядзецца пачынаць па новай…
Тым часам размінка і падрыхтоўка закончыліся, і суддзі запрасілі першых удзельнікаў заняць пазіцыі на старце.
Спаборніцтва традыцыйна праходзіла ў трох узроставых катэгорыях: 18-35 гадоў, 35-50 і 50+. Першымі асвойваць лыжню на трасе выйшлі ўдзельніцы-жанчыны, а таксама мужчыны, старэйшыя за 50 гадоў. Некалькі секунд прыгатаванняў, свісток суддзі – і дружны ўзмах палак, хуткі і непаўторны танец лёгкіх сняжынак ззаду. Наперадзе – адзін кіламетр дыстанцыі, жаданы фініш – і прага перамогі. Заўсёды цікава назіраць за спартсменамі першую хвіліну – яшчэ нядаўна яны былі роўнай шарэнгай з аднолькавымі магчымасцямі, а ўжо праз некалькі секунд наперад вырываюцца спрытнейшыя, і лыжная гонка набывае неперадавальны азарт.





Не паспелі ўдзельнікі схавацца між заснежаных дрэў лесапаркавай зоны, як суддзі прыгатаваліся фіксаваць час пераможцаў. І недарэмна – вельмі хутка на фінішнай прамой паказаліся постаці першых лыжнікаў. Сярод мужчын ва ўзроставай катэгорыі 50+ першым традыцыйна фінішыраваў Генадзь Драб з раённага аддзела ўнутраных спраў. На другім месцы – Генадзь Бужымскі з фабрыкі “Альхоўка”. На трэцім – Алег Філатаў з раённай бальніцы.
У малодшай групе сярод жанчын першай фінішавала Марыя Дашкевіч з СВК “Варняны”. На жаль, дастойных саперніц у гэтай узроставай групе ў Марыі не было, таму і вызначылі толькі першае месца.





Што тычыцца сярэдняй узроставай групы, то тут з першых хвілін лыжнага спаборніцтва стала зразумелым, хто стане пераможцам. Спрытная і хуткая чэмпіёнка шматлікіх абласных і раённых спаборніцтваў Гелена Варановіч па-ранейшаму без асаблівых цяжкасцей стала першай. На гэты раз яна выступала за каманду ПМС. На другім месцы – таксама неаднаразовая прызёрка раённых спаборніцтваў па лыжах і аматарка здаровага ладу жыцця Наталя Івашка (ЦРБ). Трэцяй фінішавала Нэля Сідарук з ПМС.
У старэйшай групе таксама было вызначана толькі першае месца, якое заняла Станіслава Савёнак з ЦРБ.
Малодшая і сярэдняя ўзроставыя групы ў мужчын таксама стартавалі разам. Толькі вось дыстанцыі ў іх былі розныя. Удзельнікі 18-35 гадоў беглі на лыжах 3 кіламетры, а 35-50 гадоў – 2 кіламетры. Такім чынам, інтрыга “закручвалася”. А суддзі павінны былі за ўсімі старанна прасачыць, час зафіксаваць і пераможцаў вызначыць. Хоць і кусаўся мароз за шчокі, пранікаў пад курткі і дублёнкі, казытаў ледзянымі пальцамі, замарожваў і студзіў, на фінішы з нецярпеннем чакалі лепшых лыжнікаў.
Сярод маладых самым хуткім і спрытным стаў Андрэй Баравік з РАУС. На другім месцы – Дзмітрый Волк-Леановіч з лясгаса. Трэцяе месца заняў Вадзім Адамкевіч (ПМС).
У сярэдняй узроставай катэгорыі першым двухкіламетровую дыстанцыю пераадолеў Віктар Шкулепа з раённай бальніцы. Другое месца заняў Генадзь Бужымскі (дарэчы, мужчына сам папрасіўся выступаць у дзвюх узроставых катэгорыях – 35-50 і 50+, – і ў абодвух стаў прызёрам). На трэцім месцы – Іван Бароўка, які выступаў за ПМС.
У выніку ў агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда ПМС, на другім – лыжнікі цэнтральнай раённай бальніцы, трэцяе месца заняў СВК “Варняны”.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі ад аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.