"Путешествие без билета" редактора "Астравецкай праўды"

16:25 / 21.01.2013
1

…Знаходзячыся ў кастрычніку мінулага года ў Нясвіжы, не ўтрымалася і купіла ў тамтэйшай сувенірнай лаўцы – вельмі багатай, дарэчы, дзе не толькі магніцікі-паштоўкі-кубкі, а некалькі дзясяткаў найменняў разнастайнай, цікавай і, што не менш важна, практычна-карыснай прадукцыі з выявамі Нясвіжа і яго ўладальнікаў – шыкоўны штодзённік з манаграмай Радзівілаў і малюнкамі беларускіх помнікаў культуры і архітэктуры на кожнай старонцы. “Адшкадавала” з атрыманай прэміі амаль сто тысяч рублёў – і зрабіла сабе падарунак, пацешыла сваю даўнюю слабасць.
Другую слабасць пацешылі калегі, калі падарылі да юбілею рэдактарскай дзейнасці набор не менш шыкоўных аўтаручак… Пісаць у такім штодзённіку такімі аўтаручкамі звычайныя журналісцкія нататкі – па тры літары з кожнага слова, “на калене” -- сумленне не дазволіла. А потым, калі гартала гэты штодзённік і разглядвала выявы мясцін, многія з якіх – але яшчэ далёка не ўсе! – бачыла на свае вочы, прыйшла думка занатоўваць у ім свае падарожныя ўражанні, эмоцыі, асацыяцыі, думкі і адчуванні, што ўзнікаюць падчас падарожжаў. А ўслед за ёй – іншая: распачаць на старонках газеты новы “вандроўніцкі” праект. Ну, нешта накшталт “Непуцёвых нататак” Дзмітрыя Крылова, што паказваюць кожную нядзельную раніцу на АНТ. Але ў маскоўскай журналісцкай зоркі свае падарожжы – больш далёкія, экзатычныя і відовішчныя. І свае нататкі – больш таленавітыя: заўсёды захапляюся яго валоданнем словам, моўнай эквілібрыстыкай. А ў нас хай будуць свае: што называецца, у меру сіл і магчымасцей…
Скажу адразу: падарожнічаць я люблю, і ў гэтым сэнсе – “усёядная”. Куды выпадае адправіцца: у экскурсію па раёне, па вобласці ці па Беларусі, у блізкае ці далёкае замежжа – туды і еду, з радасцю і прадчуваннем новых уражанняў і пачуццяў. Ведаў, канешне, таксама – але веды ў гэтым сэнсе для мяне не галоўнае: любую інфармацыю сёння лёгка адшукаць з дапамогай усюдыіснага інтэрнэту. А вось эмоцыі – іх у інтэрнэце не знойдзеш. І, як паказваюць водгукі нашых чытачоў, за гэтыя самыя эмоцыі, асабістыя ўражанні, адчуванні яны найбольш і цэняць падарожныя нататкі журналістаў і нашых пазаштатных аўтараў, якія змяшчаюцца на старонках “Астравецкай праўды” і карыстаюцца нязменнай папулярнасцю – як сведчаць нашы апытанні, яны з’яўляюцца адной з найбольш “чытабельных” тэм.
Адразу хачу папярэдзіць: у гэтых нататках, як і ў запісах у дзённіку – добра, хай будзе па-радзівілаўску: дыярушу, не будзе ніякай пэўнай сістэмы: храналогіі, геаграфічнага падзелу ці яшчэ чаго. Вось як легла на паперу – так і чытайце. Калі палічыце патрэбным, вядома. Калі ж не – у газеце яшчэ шмат старонак з іншымі матэрыяламі: выбірайце па гусце.
Ну дык што, “Вандруем без білета”? Тады паехалі!



Нясвіж


Пачаць свае “падарожныя нататкі” я вырашыла з горада, чарговае спатканне з якім і падштурхнула мяне да стварэння гэтага праекта – Нясвіжа. Які з’яўляецца адной з найбольш цікавых у гістарычным і турыстычным сэнсе мясцін у нашай краіне. І дзе мне пашчасціла пабываць неаднойчы, кожны раз адкрываючы для сябе нешта новае, захапляючыся, а часам – і расчароўваючыся… Як я ўжо папярэджвала, не варта шукаць у гэтых нататках пераказвання шматлікіх гістарычных звестак пра Нясвіж і яго гаспадароў, уплывовых магнатаў Радзівілаў, якія на працягу стагоддзяў тварылі гісторыю на землях сённяшняй Беларусі і не толькі – за гэтым, калі ласка, да больш дакладных і дасведчаных крыніц, якіх зараз больш чым дастаткова. Я ж, як ні сорамна ў гэтым прызнавацца, увесь час блытаюся з гэтымі шматлікімі Мікалаямі Радзівіламі, якія былі ў кожным пакаленні. Добра яшчэ, што мянушкі свае мелі, дык можна неяк адрозніць Мікалая Чорнага ад Мікалая Рудога ды Мікалая Сіроткі, Рыбаньку ад Пане Каханку – хоць апошнія ўжо і не Мікалаі, але ўсё роўна, заблытацца ў іх сваяцкіх сувязях – прасцей простага. Толькі мянушкі ды справы нясвіжскіх магнатаў, якія засталіся ў гісторыі, і дапамагаюць запомніць, хто ёсць хто…



Вандроўка першая

Упершыню я трапіла ў Нясвіж, калі не памыляюся, летам 2004-га. (А можа, 2003-га? Заўсёды блытаюся з лічбамі. Але гэта, напэўна, не прынцыпова).


Гэтае невялікае і не вельмі ўражваючае падарожжа можна лічыць адметным ужо хаця б таму, што яно было адным з першых вандровак па краіне і, абудзіўшы вандроўніцкі апетыт, паклала пачатак усім наступным.


Па тэлебачанні тады моцна рэкламавалі нейкае свята, што павінна было адбыцца ў Нясвіжы – з рыцарскімі баямі, спаборніцтвамі лучнікаў і іншай “сярэднявечнай” атрыбутыкай, якая зараз прысутнічае практычна на ўсіх больш-менш значных святах, а тады яшчэ толькі ўваходзіла “ў моду.” І мы, “група таварышаў”, вырашылі паехаць – як палічылі па нявопытнасці, Нясвіж паглядзець і ў свяце прыняць удзел…


Адразу выкажу сваё перакананне, якое ўпершыню ўзнікла тады ў Нясвіжы і затым неаднаразова пацвярджалася падчас іншых вандровак: калі вы сапраўды хочаце пабачыць нейкі горад ці вёску, нешта пра яго даведацца – не едзьце туды падчас вялікіх свят! Не, калі мэта вашай вандроўкі – паштурхацца ў натоўпе зявак, “на іншых паглядзець і сябе паказаць”, пафатаграфавацца з рыцарамі і іх коньмі, пакаштаваць поп-корн і цукровую вату і набыць магніцік ці свістульку на памяць– значыць, вам туды дарога. Але, паверце, дзеля гэтага зусім не абавязкова ехаць за некалькі соцень кіламетраў, гэтакі ж “джэнтльменскі набор” раней ці пазней прыедзе калі не непасрэдна ў ваш горад ці вёску, то куды бліжэй…


Ад той першай паездкі ў Нясвіж застаўся сорам ад таго, што знакамітыя Слуцкія вароты мы прынялі за гарадскую ратушу; здзіўленне, калі ў шматтысячным натоўпе сустрэла – ну проста нос у нос сутыкнуліся! -- дачку, якая прыехала на свята з Мінска (мабільнікаў у нас тады яшчэ не было); расчараванне, што на палац, дзеля знаёмства з якім мы, уласна кажучы, і ехалі, удалося паглядзець толькі здалёк… І жаданне, амаль што ўпэўненасць: трэба ў Нясвіж прыехаць яшчэ! І не адной. Бо свае асабістыя ўражанні, нават самыя яркія, мне падаюцца нашмат слабейшымі, чым раздзеленыя з сябрамі і знаёмымі…



Вандроўка другая

Як вядома, галоўная рухаючая сіла любой справы – жаданне зрабіць яе, і калі яно вялікае, то перад ім скараюцца ўсе перашкоды і “няўвязкі”. Нездарма ж кажуць, што жаданне – гэта тысяча магчымасцей, а нежаданне – тысяча прычын…


Неўзабаве мы арганізавалі ці не першую рэдакцыйную калектыўную “экскурсійную вылазку” за межы раёна (падарожжы па раёне да таго часу ўжо асвоілі, і гэта нам спадабалася). Прычым салідную, двухдзённую, з начоўкай, як меркавалася, на беразе Нёмана (начоўка, праўда, атрымалася менш рамантычнай, але ад таго – не менш запамінальнай: згадкі пра яе і сёння жывуць у рэдакцыйным фальклоры). З наведваннем Нясвіжа, Міра, Любчы, Жыровічаў. Пра іншыя пункты той нашай першай вандроўкі я, магчыма, раскажу крыху пазней, сёння ж – пра Нясвіж.


Дык вось, прадугледзеўшы шматлікія важныя моманты нашай экскурсіі – транспарт, харчаванне, збор удзельнікаў і г.д., мы з-за тагачаснай нявопытнасці ў арганізацыі падобных спраў не паклапаціліся пра самае галоўнае – пра экскурсаводаў. Наіўна палічыўшы, што знойдзем іх на месцы.


Так, я ведаю, што ёсць турысты – і іх нямала! – якія аддаюць перавагу неарганізаваным экскурсіям: маўляў, тое, што раскажа экскурсавод, можна пачытаць у кнізе ці ў тым жа інтэрнэце, да таго ж такі расповед – гэта толькі яго асабістыя веды, перакананні і г.д., якія ён навязвае турыстам, а хочацца мець асабісты погляд. Паважаю гэтую кропку гледжання. Тым больш, што неаднаразова здаралася, калі дрэнны экскурсавод псаваў усё ўражанне ад знаёмства з цікавымі мясцінамі.


Але тым не менш усё ж лічу за лепшае, каб мне расказалі пра месца, з якім мы знаёмімся. Каб гэта было нфармацыйнанасычана – і пры гэтым сцісла, эмацыянальна, маляўніча. Да таго ж падмацавана ўбачаным. Неаднаразова здаралася, што з-за адсутнасці талковага экскурсавода ўражанні ад падарожжа аказваліся няпоўнымі, “змазанымі” ад недахопу інфармацыі, а нешта – магчыма, самае важнае! – увогуле “праходзіла міма”.


Дык вось, прыехаўшы ў той раз у Нясвіж і звярнуўшыся ў экскурсійнае бюро, амаль з роспаччу даведаліся, што ўсе экскурсаводы на гэты дзень “распісаны”, і мы “пралятаем”. Не ведаючы, што рабіць, стаялі ў разгубленасці…


Але тут здарыўся маленькі цуд: да экскурсійнага бюро пад’ехала машына з нашымі калегамі, журналістамі з Ліды – тыя яшчэ падарожнікі! Якія аказаліся больш вопытнымі і прадбачлівымі і папярэдне дамовіліся пра экскурсію. Ну, а мы з іх дазволу і маўклівай згоды экскурсавода, як гэта часта бывае, “далучыліся”.


Нясвіжскі палац незадоўга да таго перажыў сваю чарговую трагедыю – у ім адбыўся пажар, які моцна пашкодзіў будынак і яго ўнутранае ўбранства, і таму ён быў зачынены для наведвальнікаў.


Пра палац і яго гаспадароў Радзівілаў экскурсавод – дарэчы сказаць, вельмі эрудыраваная і прыгожая жанчына – расказвала нам ва ўнутраным дворыку. Дзякуючы яе расповеду (а пасля – набытай падчас той вандроўкі кнізе “Нясвіж і Радзівілы”) я пачала ідэнтыфікаваць для сябе шматлікіх Радзівілаў.


Да прыкладу, Юры Радзівіл, таленавіты палкаводзец, які перамагаў шмат пераўзыходзячыя сілы татар, крыжакоў, маскоўцаў, зараз асацыіруецца ў мяне са званнем пераможцы.


Лёс яго сына Мікалая Радзівіла Рудога, які прадоўжыў бацькаву справу і запісаў на свой рахунак шмат новых вялікіх перамог -- і затым плакаў, стоячы на каленях перад каралём Жыгімонтам, заклінаючы яго імем Ягайлы не падпісваць Люблінскую унію, якая пазбаўляла незалежнасці Вялікае Княства Літоўскае – з лёсам многіх беларускіх патрыётаў, якія не шкадавалі сябе дзеля незалежнасці Радзімы і затым былі жорстка падманутыя былымі саюзнікамі.


Мікалай Радзівіл Чорны ў маім разуменні – не толькі таленавіты эканаміст і гаспадарнік, але і шчыры патрыёт, які дзеля таго, каб Вялікае Княства Літоўскае стала незалежным ад захаду да ўсходу, спрабаваў на яго тэрыторыі ўкараніць новую рэлігійную плынь – пратэстантызм.


Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка – вандроўнік, які ў 16-ым стагоддзі аб’ехаў не толькі ўсю Еўропу, дзе атрымаў бліскучую адукацыю – гэта па тым часе было не дзіва, але пабываў і на Блізкім Усходзе – у Сірыі, Палесціне, Егіпце – а гэта вам не на самалёце за некалькі гадзін даляцець, на такія вандроўкі патрэбны былі гады. Адтуль першы беларускі турыст прывёз шмат новых ведаў, якія вобразна і таленавіта апісаў у сваіх “Вандроўках…” і экзатычных звяроў і птушак для Нясвіжскага звярынца. А яшчэ ён быў міласэрным і шчодрым да абяздоленых – дапамагаў сіротам і жабракам, і нават завяшчаў, каб пахавалі яго ў жабрацкім адзенні і труну неслі жабракі. Чамусьці мне ён найбольш сімпатычны…


Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў мяне (прабачце, мужчыны!) асацыіруецца найперш з імем яго высокаадукаванай, разумнай і таленавітай жонкі Уршулі: кажуць, што менавіта пад яе ўплывам і з яе дапамогай Рыбанька не проста адрадзіў зруйнаваныя шведамі Нясвіж і замак, але зрабіў горад культурнай сталіцай краю: тут у 18-м стагоддзі працавала друкарня, дзейнічала капэла і прыгонны тэатр, у якім ставіліся п’есы, якія пісала ў тым ліку і Уршуля, а затым – нават оперныя і балетныя спектаклі.


Ну, а пра “беларускага Мюнхаўзена” Пане Каханку – Караля Станіслава Радзівіла – і яго, як сёння б сказалі, “прыколы” з катаннем на санях, па солі, якая імітавала снег, конным прыездам у залу на тэатральныя прадстаўленні, выездам на прагулку ў брычцы, запрэжанай мядзведзямі– ведаюць, напэўна, усе. Пра яго пішуць найбольш: хто – як пра п’яніцу, гуляку і лгуна, хто – як пра шчырага патрыёта свайго краю. Якая з іпастасей вам падаецца больш рэальнай – паспрабуйце вызначыць з вышыні нашага часу, амаль праз два стагоддзі пасля яго жыцця. Калі атрымаецца…


Гэта, вядома, далёка не ўсе Радзівілы, якія пакінулі свой след у гісторыі. Але ж я абяцала, што не буду пра гісторыю, а буду – пра свае ўражанні ад спаткання з Нясвіжам. Таму пра іх і прадоўжу...


У палац падчас таго наведвання Нясвіжа, як я ўжо казала, нам патрапіць не ўдалося. Але фарны касцёл мы не мінулі.


Дзіўныя адчуванні апаноўваюць, калі трапляеш у храм, якому больш за чатыры стагоддзі. Так, ён уражвае як твор архітэктурнага мастацтва – нездарма ж гэта адзін з лепшых будынкаў італьянскага дойліда Бернардоні. Але мяне ў такіх выпадках звычайна ўражвае не прыгажосць, не веліч храма і яго роспісаў. І нават не надмагільныя помнікі, якія ўстаноўлены тут самім Радзівілам Сіроткам – яго сямнаццацігадоваму сыну, што памёр у Балонні, і другому, што пайшоў з жыцця немаўлём, і самому Сіротку – у адзенні вандроўніка-пілігрыма, якімі, згодна з эпітафіяй, напісанай ім самім, усе мы з’яўляемся на гэтай зямлі…


Я ў такіх выпадках стараюся ўявіць, колькі людзей прыходзілі за гэтыя стагоддзі ў гэты храм, і аб чым яны прасілі Бога. І разумею, што, хоць свет змяніўся вельмі моцна, людзі па вялікім рахунку засталіся тымі ж… І гэтак жа бацькі просяць здароўя і шчаслівай долі сваім дзецям, а самыя няшчасныя з іх, як той самы Сіротка, аплакваюць іх заўчасную смерць.



Дзяўчаты моляць аб шчаслівым замужжы, бяздзетныя – аб нашчадках, багатыя – каб іх багацце прымножылася, а бедныя – каб было з чаго зварыць суп ці зацірку, каб Усявышні пакараў ворагаў і паслаў удачу ім самім… І ўсе – у поўным перакананні, што Бог слухае зараз менавіта яго, і дапаможа – абавязкова, не можа не дапамагчы! – менавіта яму. І не стаміўся Гасподзь за столькі часу выслухоўваць штодня з усіх куточкаў свету адно і тое ж?..


Звычайна падчас наведвання фарнага касцёла турыстам прадастаўляецца магчымасць наведаць і фамільны склеп Радзівілаў, дзе захоўваюцца 70 саркафагаў з бальзаміраванымі целамі магнатаў гэтага роду. Паглядзець на іх – на саркафагі, вядома, не на целы – можна праз забраныя кратамі дзверы. Ну і паслухаць нешта з таго, што ціхім шэптам расказвае пры гэтым экскурсавод. Што называецца, “і я там быў”. Але без энтузіязму. Не люблю экскурсій па могілках. Такое адчуванне, што падглядваю за чужым горам…


А вось што пакінула ў тую вандроўку незабыўнае ўражанне, дык гэта нясвіжскі парк – “Альба”. І на гэты раз мы толькі парадаваліся, што засталіся адны, без экскурсавода: лідскія калегі наведванне парка не запланавалі ў сваім вандроўным раскладзе, і мы пайшлі пагуляць па парку адны.


Папярэдне выслухаўшы бясплатную параду, што абавязкова варта знайсці “на невядомых дарожках” і паглядзець. Напрыклад, дрэва (калі не памыляюся, ліпу). Цікава, ці стаіць тая ліпа зараз? За яе тады моцна перажывалі супрацоўнікі музея кожную навальніцу, бо трымалася яна на адной толькі абалонцы, усярэдзіне ствала ўтварылася вялізнае дупло, у якім лёгка маглі схавацца некалькі чалавек. Мы знайшлі тую ліпу, сфатаграфаваліся ў тым дупле. А таксама -- на шматлікіх мосціках, лужках, алеях нясвіжскага парку. Канешне, зараз ён зусім не такі, як быў пры Радзівілах: без аранжарэі, звярынца з аленямі, зубрамі ды мядзведзямі, без штучных вадаёмаў з лебедзямі. Але ўсё роўна -- утульны, прыгожы і вельмі хатні: гуляў бы і гуляў па такім…


Нават зараз, узгадваючы той настрой, тую ціхую радасць, шкадую, што часу на гэта было не шмат. І вельмі радуюся, што мы яго ўсё ж знайшлі, бо пры ўсіх іншых наведваннях Нясвіжа знакамітая “Альба” выпадала з нашых маршрутаў.



Вандроўка трэцяя

Трэцяе спатканне з Нясвіжам адбылося пасля працяглага перапынку, ажно ў 2010 годзе. У той год мы – калектыў рэдакцыі і далучыўшыеся на свабодныя месцы ў аўтобусе аматары падарожжаў з іншых арганізацый, “гарадоў і весяў” – арганізавалі таксама саліднае, хоць і аднадзённае падарожжа ў Навагрудак, Нясвіж і Мір. Навагрудак выбралі таму, што да гэтага часу, да свайго сораму, не пазнаёміліся толкам з гэтай старажытнай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Мір – бо хацелі паглядзець у рамках традыцыйных чэрвеньскіх мірскіх канцэртаў выступленне любімай многімі легендарнай «Машины времени”. А Нясвіж – бо там урэшце пасля працяглай рэканструкцыі адчынілася адна з залаў радзівілаўскага палаца. Першы і апошні пункт нашага падарожжа зноў-такі пакіну да лепшых часоў, зараз жа – пра Нясвіж, і толькі пра яго. Мне здаецца, што ў гэтым горадзе, як і ў Полацку (пра яго – таксама пазней) можна бываць бясконца – і кожны раз адкрываць для сябе нешта новае.


У гэты раз мы загадзя паклапаціліся пра экскурсавода, якая цікава і змястоўна расказала нам не толькі пра палацава-паркавы ансамбль і Радзівілаў, але і пра сам Нясвіж і іншых яго знакамітых жыхароў – Сымона Буднага, Уладзіслава Сыракомлю, для якіх гэты горад таксама быў родным і якія зрабілі для яго славы, як на мой прадузяты погляд, не менш, чым Радзівілы – ва ўсякім разе, у пераразліку на свае непараўнальныя з радзівілаўскімі магчымасці.


У тую паездку мы зноў наведалі фарны касцёл. І, вядома ж, ажыццявілі галоўную мэту свайго візіту – пабывалі ў адзінай на той час адрэстаўрыраванай зале палаца. Скажу шчыра: ад убачанага я атрымала шок. Так, я разумею, што палац быў моцна пашкоджаны пажарам. Так, рэстаўрацыя… Але ж не з дапамогай гіпсакардону і іншых сучасных матэрыялаў! Пераходзячы з аднаго пакоя ў другі, я лавіла сябе на думцы, што лепей ужо руіны Навагрудскага замка, якія мы перад гэтым толькі пакінулі, чым такая рэстаўрацыя!


Мне здаецца, аўтэнтычны там застаўся толькі герб Радзівілаў – і то далёка не факт, я не спецыяліст. Было страшна ўявіць , што такая ж рэстаўрацыя адбываецца і ў іншых частках палаца.


Але падчас гэтай вандроўкі ў гэтай “бочцы дзёгцю” была і немалая лыжка мёду. Яе мы пакаштавалі ў гарадской ратушы. Так, там таксама адбылася рэстаўрацыя. Так, там таксама зараз працуе музей. І фігуры гетмана ці пісара, вядома ж, несапраўдныя. Але… Ну няма там адчування, што ты знаходзішся ў апартаментах сучаснага нуворыша, які абставіў іх выпадкова прыдбаным антыкварыятам! Усё ж і для рэстаўрацыі, і для стварэння музея патрэбны не столькі грошы, колькі талент. І апантанасць. А найперш, напэўна, тая самая галоўная сіла, якая з’яўляецца першапачатковым рухавіком любой паспяховай справы – жаданне зрабіць яе добра.



Вандроўка чацвёртая

Скажу шчыра: пасля той вандроўкі ў Нясвіж я думала, што наўрад ці больш туды патраплю. Мне здавалася, што ўсё больш-менш вартае ўвагі я там убачыла – што з захапленнем, што з расчараваннем… Ну вось хіба што яшчэ б па парку паблукала, калі б надарылася такая магчымасць…



Але як там кажуць? Чалавек мяркуе, а Бог плануе. Ці нешта ў такім духу.


Восенню мінулага года мне зноў давялося наведаць Нясвіж. На гэты раз не проста так, з цікаўнасці, а, як кажуць, з нагоды. Нагода была досыць прыемная: у кастрычніку мяне запрасілі на рэспубліканскі форум, прысвечаны прафесійнаму святу работнікаў культуры. Прычынай стала тое, што супрацоўнікі рэдакцый СМІ ўваходзяць у галіновы прафсаюз работнікаў культуры. Цэнтральны камітэт нашага прафсаюза штогод прысуджае ў розных намінацыях лепшым работнікам культуры свае прэміі. У мінулым годзе такую прэмію за дасягненні ў галіне літаратуры кіраўніцтва прафсаюза работнікаў культуры вырашыла прысудзіць мне – выбачайце, калі ласка, усе тыя, каго раздражняюць падобныя звесткі, я не вінаватая. І я зноў паехала ў Нясвіж – за ўзнагародай і новымі ўражаннямі.


Недарэмна ездзіла, скажу я вам. Ну, пра свой штодзённік, які натхніў мяне на стварэнне новага праекта, я ўжо расказвала. Але і з уражаннямі на гэты раз усё, насуперак чаканням, атрымалася на ўзроўні. На той час для наведвання быў адкрыты ўжо ўвесь нясвіжскі палац, і пасля праведзенай для нас, лаўрэатаў, шырокай і падрабязнай экскурсіі, я з палёгкай уздыхнула: ну, дзякуй богу, усё не так дрэнна, як мне падалося ў мінулы раз.


Ну, канешне, не суцэльная аўтэнтыка – ды і адкуль, па вялікім рахунку, ёй узяцца, у нашай сто разоў разбуранай і разрабаванай Беларусі? Толькі руіны замкаў і сапраўдныя… Але ж і не суцэльны “навадзел”, які мы бачылі два гады таму, ёсць сапраўдныя і вельмі цікавыя рэчы. Напрыклад, рэквізіт для тэатральных пастановак Уршулі Радзівіл. Машына для стварэння плёскату хваль ці шуму дажджу – як вам? Захавалася (ці адноўлена?) нават вылічальная машына, зробленая мясцовым гадзіннікавым майстрам у 18 стагоддзі. Яна была дзесяціразрадная, на ёй можна было складаць і адымаць, а таксама – множыць і дзяліць.


Гэта ж які розум мелі нашы продкі? А вы кажаце – камп’ютар… З камп’ютарам мы ўсе разумныя, а вось адключы нам электрычнасць – і ўсё, абяцаны індзейцамі мая канец свету наступіць праз тыдзень.


А яшчэ падчас той экскурсіі мяне вельмі ўразілі печкі ў радзівілаўскім палацы. Праўда, іх захавалася нямнога, бо калі тут быў санаторый, у ім дзейнічала паравое ацяпленне, і печкі, як перажытак мінулага, паспяшаліся разбурыць. Але сёе-тое ўсё ж засталося.


Гэта сапраўдны цуд, скажу я вам! Я нават не пра тое, што з іх дапамогай ацяпляўся такі велізарны палац з высачэзнымі столямі, прасторнымі заламі. Але ж, акрамя чыста функцыянальнага значэння, гэтыя печкі маюць яшчэ і вялікую мастацкую каштоўнасць.


Кафля на кожнай з іх -- гэта, без перабольшвання, твор мастацтва, пры ўсім жаданні не знойдзеш дзвюх аднолькавых. На кафельных баках гэтых печак раз гортваюцца цэлыя баталіі, з іх сыходзяць рамантычныя ці ідылічныя карціны жыцця мінулых стагоддзяў... І міжволі захапляешся: гэта ж які розум і талент мелі людзі, якія гэта прыдумвалі і стваралі! І якія мы, навучаныя ведамі нашых папярэднікаў і ўзброеныя найноўшымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, супраць іх – невукі і няўмекі. Часам у мяне з’яўляецца думка, што чалавецтва, прыдумваючы для сябе ўсё новыя прылады для аблягчэння свайго паўсядзённага жыцця і затым “падсаджваючыся” на іх, як наркаманы на “іголку”, не прагрэсіруе, а наадварот – дэградуе, бо забываюцца элементарныя навыкі самазабеспячэння.


У той час у Нясвіжскім палацы працавала нашумеўшая выстава каралеўскай калекцыі з музеяў Вялікабрытаніі. З гэтым былі звязаны павышаныя меры перасцярогі: у кожнай зале стаялі ахоўнікі, і не толькі работнікі музея – традыцыйныя бабулькі ў акулярах, якія звычайна сочаць, каб нікому не захацелася сфатаграфавацца на памяць у княжацкім ложку ці “адпіць” медавухі з радзівілаўскага кубка… У той раз за экскурсантамі пільна прыглядвалі сапраўдныя міліцыянеры з сапраўднымі кабурамі (што ў іх унутры – не правярала). І білеты, думаю, на такую экскурсію, каштавалі не танна (нас, як лаўрэатаў, знаёмілі з сусветнымі каштоўнасцямі ў якасці бонуса да атрыманай перамогі). Але мяне, шчыра кажучы, “не торкнулі” гэтыя англійскія каралеўскія скарбы. Тым больш, што і скарбамі іх, на мой погляд, можна назваць з пэўнай нацяжкай. Ну падумаеш, кіёк са слановай косці, на які абапіраўся неякі чарговы манарх… Ці атласныя туфлі, якія маглі б (?!) належаць чарговаму Людовіку… У нашых Радзівілаў былі не горшыя! І не ахоўваліся так, не трымаліся ў зашклёных вітрынах на сямю замкамі… Але пры ўсім тым, на гэты раз экскурсія па замку мне спадабалася куды больш – яна была больш пазнавальнай, цікавай і, зрэшты, проста прыгожай.


Такім чынам, падводзячы вынікі вышэй расказанаму, бяру на сябе смеласць даць параду тым, хто яшчэ толькі марыць наведаць Нясвіж. Калі вы трапіце ў сталіцу некаранаваных каралёў Радзівілаў, усё ж, нягледзячы на мае асабістыя неадназначныя ўражанні, абавязкова наведайце палац – хоць бы для таго, каб мець уласныя, магчыма, адрозныя ад маіх. І пастарайцеся не абмінуць парк – не ведаю, які ён зімой, думаю, што таксама цудоўны, а летам – проста цуд. І, безумоўна ж, касцёл – гэта адзін з нямногіх будынкаў, які захаваўся практычна некранутым на працягу чатырох стагоддзяў і, на мой погляд, лепш за ўсё захаваў подых часоў, што праносіліся міма яго – мне здаецца, што, калі пастаяць каля алтара, затаіўшы дыханне, яго можна нават пачуць… І вядома ж, гарадскую ратушу. А ў дадатак – усё тое, што вы палічыце патрэбным.



Хоць увогуле я спадзяюся, што Нясвіж – як і Мір, і Полацк, і Гродна, і іншыя гістарычныя мясціны нашай роднай Беларусі ці замежжа -- для кожнага – свае. Калі мае ўражанні не супадаюць з вашымі – выбачайце, калі ласка. Я радая ўжо таму, што яны ў вас ёсць. І калі яны адрозніваюцца – з радасцю паслухаем-пачытаем і вашы “падарожныя нататкі”. І з не меншым задавальненнем выслухаем вашы меркаванні пра гэты праект “Астравецкай праўды”, пра яго вартасці і недахопы і мэтазгоднасць яго працягу.


----------------------------------------------------



Аматарка далёкіх і блізкіх вандровак Ніна РЫБІК.