Островецкая "Энергия" против "Ледовых пингвинов" из Молодечно

16:45 / 26.12.2012

Разам з надыходам зімы распачаўся і хакейны сезон. Вось і ў мінулую пятніцу астравецкая каманда “Энергія” скрыжавала клюшкі ў таварыскім матчы з маладзечанскай камандай “Лядовыя пінгвіны”.


Матч праходзіў на тэрыторыі сапернікаў. Дарэчы, трэба адзначыць, што “Лядовыя пінгвіны” – моцная каманда, якая ўдзельнічае ў рэспубліканскай аматарскай хакейнай лізе і зараз там упэўнена лідзіруе.
Як расказаў трэнер па хакеі Я.М. Яфімаў, гульня пачалася для нашых ігракоў не вельмі ўдала. Хаця па гульні астраўчане амаль не саступалі сапернікам, шайбы, на жаль, траплялі толькі ў нашы вароты. На перапынак каманды пайшлі з лікам 7:0 на карысць маладзечанцаў. У пачатку другога тайма ў вароты астраўчан уляцелі яшчэ дзве шайбы і “Лядовыя пінгвіны” ўжо вялі 9:0.
І пасля гэтага астравецкія хакеісты перарвалі-такі паласу нешанцавання. Шайба раз за разам стала залятаць у вароты саперніка, а гледачы, якія пасля ўпэўненага лідзіравання маладзечанцаў, падумалі ўжо, што ўсё вырашана, у недаўменным захапленні са здзіўленнем і цікавасцю сачылі за гульнёй, гадаючы: чым жа ўсё закончыцца?
А завяршыўся матч складанай, але прыгожай перамогай астравецкай “Энергіі” з лікам 12:11. І гэта безумоўная заслуга лепшых ігракоў матча Аляксандра Арлоўскага, Дзяніса Ранцава, Руслана Алізара, Аляксандра Карвэля, Дзмітрыя Фалевіча, Яўгена Андралойця, Яўгена Каятоўскага, Антона Міхцеева і астатніх хакеістаў, якія агульнымі намаганнямі прынеслі камандзе перамогу.



-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.

Фота з сайта m.euroradio.fm.