Путешествие в Дрезден журналиста "Астравецкай праўды" Анны Чакур

09:57 / 07.12.2012
3

У спісе гарадоў свету, у якіх маю намер пабываць, Дрэздэн, сталіца Саксоніі, стаіць (стаяў!) у ліку першачарговых. Нават не ведаю, адкуль растуць карані падобнага прыцягнення, але магнетызм гэтага горада я адчувала на сабе многія гады.
І вось ён, Дрэздэн, нарэшце расхінуў мне насустрач свае абдымкі…



Перабольшваю, канешне. Звычайная лістападаўская раніца ў пакуль абсалютна чужым горадзе… Так ужо і звычайная? А дрэвы? У Беларусі ад пышнай прыгажосці іх лістоты не засталося і следу, а тут – бач ты! – многія яшчэ выхваляюцца па-летняму шыкоўнай зелянінай сваіх футраў.
Зніадкуль выплывае рэўнасць: вясна ў Германіі пачынаецца на месяц раней, а восень, у параўнанні з нашай, спазняецца таксама не менш, як на месяц. Штогод два дадатковыя месяцы неўмірання прыроды – хіба гэта справядліва?!…
І пакуль нос зайздросліва шморгае, вочы, не ведаючы на чым затрымацца, кідаюцца, як благі конь у баразне, ва ўсе бакі адначасова!




А навокал пануе архітэктура. Класіцызм – лаканічны геаметр, стаіць у абдымку з пышнацелай готыкай, а тая строіць вочкі рэнесансу – строгія архітэктурныя лініі суседнічаюць з шыкоўнай ляпнінай, выкананай, на мой дылетанцкі погляд, у стылі ракако, багата аздоблены незлічонымі фігуркамі амураў, анёлкаў, упрыгожаны чародкамі німфаў, што з вышыні палацавых франтонаў наўмысна-сарамліва прапаноўваюць прахожым спакуслівую выпукласць уласнай аголенасці…
Палацы, храмы, адных музеяў – ажно 44! А яшчэ 56 галерэй, 30 з хвосцікам тэатраў і канцэртных залаў. І гэтае багацце разлічана ўсяго на 600 тысяч жыхароў горада?



Не зусім. Дакладней, не толькі, таму што ў накірунку Тэатральнай плошчы з боку Эльбы, на беразе якой абсталявана стаянка турыстычных аўтобусаў, цячэ бясконцы паток экскурсантаў. Тэатрплац – сэрца Дрэздэна, вакол якога “тусуецца” ўвесь астатні архітэктурны “бамонд”. Пацямнелыя пад подыхам стагоддзяў сцены цудоўных палацаў, кірхаў, галерэй – маўклівыя сведкі падзей даўно мінулых дзён. Гісторыя Еўропы выглядвае тут літаральна з кожнага аконнага праёма… Дарэчы, стан іх бездакорнай захаванасці не можа не здзіўляць – ва ўсіх жа падарожных дапаможніках чорным па беламу напісана: “Падчас вайны Дрэздэн быў поўнасцю зруйнаваны авіяцыяй саюзнікаў”. Выходзіць, не поўнасцю? Цэнтр нейкім цудам захаваўся?
– Пасля бамбёжкі ў горадзе не засталося ніводнага некранутага будынка. Прынамсі, у цэнтры. Дрэздэн ператварыўся ў суцэльныя руіны, – адказвае гід. – Існавала нават думка не аднаўляць горад – прасцей было пабудаваць новы. Аднак паступова, год за годам, адна за другой пабудовы сталі ўздымацца з попелу. Аднаўленне апошняй закончылася сем гадоў таму.
– Але ж сцены, пацямнелыя пад подыхам гісторыі… – не здаюся я. – Гісторыя ў аконных праёмах…
– Пацямнелы від адноўленыя архітэктурныя помнікі маюць таму, што пабудаваны яны з пясчаніка, які моцна падвержаны атмасфернаму ўплыву. Час ад часу, калі будынкі робяцца зусім чорнымі, гарадскія ўлады арганізоўваюць іх мыццё…



Ад механічнай праўдзівасці слоў гіда дыханне горада раптам мяняецца. Так, прыгажэзныя палацы, храмы, 46 музеяў і 56 галерэй… Так, стомятровае пано “Парад курфюстаў” на гарадской сцяне, на якім стаяць, ідуць, едуць усе прадстаўнікі дынастыі Вітын. Так, пазалочаны гадзіннік з фарфоравымі званочкамі, меладычны напеў якіх – нібы хор анёлаў… Усё ёсць, і гэтае “ўсё” – прыгожае і дагледжанае , але крыху несапраўднае, таму што пазбаўлена самай вялікай каштоўнасці – памяці. Тады, у пачатку 1945-га, авіяцыя зруйнавала не толькі горад – бомбы разарвалі пупавіну з’яднанасці пакаленняў, на якую стагоддзе за стагоддзем нанізвалася жыццё супольнасці…
Стараючыся не думаць, што і аўтэнтыка касцёла была страчана ў 1945-м годзе, заходжу ў яго бакавыя дзверы. Гэтая катэдра – галоўны каталіцкі храм Саксоніі, рэлігійнае жыццё якой, як вядома, прадстаўлена галоўным чынам пратэстантызмам. Але ў сярэдзіне 18-га стагоддзя курфюст, які прыняў каталіцтва, запрасіў італьянскіх майстроў на патаемнае будаўніцтва касцёла.
Храм здзіўляе сваімі 5-тысячквадратнымі памерамі (гэта таму што ў Германіі забаронены працэсіі, і католікі ў святочныя дні вымушаны ладзіць іх унутры касцёла). І выдатным архітэктурным вырашэннем. Унутранае ўбранства, зрэшты, таксама ўражвае. Асабліва незвычайны левы бочны алтар, прысвечаны святарам, загінуўшым падчас Другой сусветнай вайны, – яго журботным аздабленнем сталі драўляныя фігуркі людзей, стылізаваныя пад прымітывізм. Раздзёртыя ад крыку раты, развернуты выбухам жывот, кульці замест ног і рукі-крылы, узнятыя ў адчайнай малітве: “Ойча, чаму ж ты нас пакінуў?!”
Кафедра і стол для прынясення ахвяры таксама ўнікальныя – з блакітнага крышталю. Амбон трымае кампанія пуцатых анёлкаў. Спрабую палічыць іх – і на дваццаць другім збіваюся… Раблю яшчэ некалькі здымкаў – і кіруюся да дзвярэй. “Пад Тваю апеку ўцякаю…” – шапчу ўжо ў бабінцы…




...А ў горадзе кіпіць жыццё. Бойкія прадаўцы спяшаюцца “ўлюліць” экскурсантам шматлікія сувеніры з выявамі знакамітых мясцін горада. На фасадзе адной з кафэшак (відаць, для прыцягнення турыстаў) намаляваны нацыянальныя сцягі краін – наш беларускі размешчаны першым справа (ці апошнім злева?).
Туды-сюды сноўдаюць двухпавярховыя аўтобусы, аблепленыя рэкламай. З самага краю дарогі цокае капытамі пара коней, упрэжаная – ну не ведаю, як назваць – можа, у дыліжанс? Прыглядваюся: на баку гэтай дарожнай карэты красуецца парадкавы нумар. Праз нейкі час у полі зроку з’яўляецца яшчэ адна… І яшчэ. Здаецца, у Дрэздэне, побач з сучаснымі камфартабельнымі сродкамі грамадскага транспарту дзейнічае сетка, так бы мовіць, гужавой перавозкі людзей. Карыстаюцца ёй, вядома ж, пераважна турысты, але не грэбуюць праехаць на коніку і мясцовыя аматары рамантыкі…
Каля Фраўнкірхе (Лютэранскага сабора Маці Божай) тоненькая дзяўчынка іграе на флейце. Перад ёй сподачак, у які прахожыя час ад часу кідаюць звонкія манеткі еўрацэнтаў. На Тэатральнай плошчы малады чалавек, з ног да галавы пакрыты “серабранкай”, якой мы фарбуем нашы печкі і помнікі на могілках, стаіць нерухома – прыкідваецца статуяй. Але дастаткова было падняць фотаапарат, каб “нерухомасць” ажыла: малады чалавек адварочваецца ад майго аб’ектыва і на міжнароднай мове жэстаў тлумачыць: хочаш зрабіць здымак – плаці…




Не буду – тым больш, што няхай сабе і ў профіль, але ён ужо патрапіў у зону майго аб’ектыва. А ўвогуле на дрэздэнскіх вуліцах цікава і без жывых помнікаў. Вось прыгожая пара пажылых людзей: ён у нейкай абсалютна дваранскага фасону крылатцы, яна – у бейсболцы з чорнага драпу і свабодным паліто з гэткай жа тканіны. “Нашчадкі курфюстаў”, – вырашаю для сябе.
Стыль адзення дрэздэнцаў па-еўрапейску дэмакратычны: поўная адсутнасць высокіх абцасаў і слядоў касметыкі на тварах, камфортныя цёплыя курткі, зручныя штаны (жанчына ў спадніцы – з’ява рэдкая). Адценне элегантнасці надаюць хіба што прыгожа задрапіраваныя шарфы і сумкі, вытрыманыя ў модных гэтай восенню тонах.
Але час кіравацца ў эпіцэнтр майго падарожжа – у Дрэздэнскую карцінную галерэю.
Тут мушу крыху патлумачыць… У далёкім дзяцінстве пры ўсёй мізэрнасці нашага сямейнага дабрабыту мама на працягу многіх гадоў умудралася выпісваць часопіс “Работніца”, у якім на перадапошняй старонцы часта друкавалі рэпрадукцыі карцін сусветнавядомых майстроў, аб’яднаных адной тэмай: партрэт жанчыны. Мы са старэйшай сястрой Марыськай акуратна выразалі іх і прымацоўвалі на сцены нашага агульнага пакоя – як іншыя прымацоўвалі фатаграфіі любімых акцёраў ці музычных калектываў. Не адзін год рабіць хатнія заданні нам дапамагалі “Джаконда” Да Вінчы і “Дзяўчынка з персікамі” Сярова, “Невядомая” Крамскога і “Дама ў блакітным” Гейнсбаро, “Лапухіна” Баравікоўскага і “Венера” Бацічэлі… І паколькі часопіс суправаджаў іх рэпрадукцыі кароткай, так бы мовіць, біяграфіяй, мы ведалі, у якім музеі захоўваецца тая ці іншая карціна…
Стоп! Дык вось, аказваецца, чым кіравалася мая свядомасць, складаючы спіс гарадоў для наведання! Спачатку быў Эрмітаж, потым – Луўр, а цяпер – Дрэздэнская галерэя… Ну канешне ж! На сцяне нашага з сястрой пакоя шмат гадоў жылі яе “Шакаладніца” Жана Ліатара і “Сікстынская Мадонна” Рафаэля…
…Да білетных акенцаў карціннай галерэі “змеяцца” доўгія чэргі. Навокал – выключна руская мова.
– У тебя есть мелкие купюры?
– А для ребёнка тут делают скидки?
– Ты представляешь, повесить пальто в гардероб стоит 50 центов. Обнаглели!
Купляю білет, здаю паліто, хапаю праграмку і па масіўнай лесвіцы спяшаюся на другі паверх. Канешне, можна было ўзяць аўдыёгіда (гэта своеасаблівая тэлефонная трубка, гатовая загадзя запісаным голасам расказаць пра кожную з карцін), але яго механічны нудзёж (слухалі – ведаем!) хутка надакучвае.
Дэжавю накрыла ў першай жа зале. Нібы вярнулася да даўніх знаёмых: Рэмбрандтаўскі малыш, якога вось ужо чатырыста гадоў трымае ў кіпцюрах драпежная птушка. Венера Джарджоне, якую ён (вось жа памятаю, аказваецца!) з-за раптоўнай смерці не паспеў дапісаць, і яе заканчваў яго малады і нікому тады невядомы вучань Тыцыян. “Дынарый кесара” – адна з самых знакамітых работ ужо самога Тыцыяна. Дзяўчына Вермеера, якая стагоддзе за стагоддзем чытае ліст, – і яна “жыла” ў нашым з Марыськай пакоі… Зала за залай, карціна за карцінай – і адна за другой успышкі радаснага пазнавання…
Так ужо, відаць, уладкавана людская свядомасць, што пры ўсёй нашай цязе да новага найвялікшую радасць мы адчуваем ад сустрэчы з вядомым. На канцэрце: “О, дык гэта ж Вівальдзі!” У кіно: “Няўжо сам маэстра Мастраяні?..”
…У музеях у мяне свая стратэгія: ад работы, якая зацікавіла, далёка не адыходжу і, калі ля яе спыняецца чарговая група турыстаў, неўпрыкмет далучаюся, каб паслухаць “жывога” экскурсавода. Калі ж яго расповед не задавальняе, чакаю наступную групу... У Дрэздэнскай галерэі (балазе, публіка тут амаль выключна рускамоўная) свой трук праварочваю двойчы. Мяне зацікавіла карціна Рэмбрандта “Аўтапартрэт з Саскіяй на каленях”. У разрэз з назвай два гіды па чарзе заявілі: ніякая гэта не жонка мастака, гэта жанчына лёгкіх паводзін, знешне падобная да яе.
Але на маім баку, так бы мовіць, вопыт пражытых гадоў – далёка не заўсёды я гатова прыняць афіцыйную версію. Пасля стараннага параўнання выявы жанчыны з партрэтам Саскіі, што вісіць паблізу (і чаму Рэмбрандт так часта выпісваў на палатне сам сябе і сваіх жонак? Так моцна любіў? Не меў грошай на натуршчыц?), упарта бурчу сабе пад нос: і ўсё ж такі гэта Саскія!
Дрэздэнская галерэя, хоць і лічыцца адной з самых знакамітых у свеце, размяшчаецца ўсяго ў васьмі залах. У параўнанні з тым жа Луўрам – маленькая. Але яе энергетыка цяжкаватая. Нейкая занадта бюргерская, цалкам прыземленая. Гэтыя горы ўкормленай чалавечай плоці праз пэўны час пачынаюць прыгнятаць. Асабліва ў зале Рубенса.
Ратавацца ад засілля тоўстых сцёгнаў бягу да “Шакаладніцы” – пасля разнузданых німфаў і п’яных гераклаў яе падкрэсленая закрытасць – як глыток крынічнай вады. І чаму карціну размясцілі на ўскрайку?
“Сікстынская Мадонна”? Вядома ж, і ёй была аддадзена даніна павагі. І самой Мадонне, і Яе Сыну, і шасціпаламу Святому Айцу. Цудоўная работа, цёплая, шматсэнсоўная. Карціна-прымірыцелька, ураўнаважніца гармоніі…
Далей была выстава фарфору – сапраўднага, саксонскага. Сакрэт яго вырабу курфюсты старанна захоўвалі і, дзякуючы гэтаму, жылі ў раскошы. Сёння яна, гэтая самая раскоша – фамільныя каштоўнасці рода – выстаўлена ў музеі “Зялёныя зводы”. Шмат бляску, безліч багацця і добрага густу, але вочы ўжо стаміліся і адмаўляюцца ўпітваць гэты бляск – слізгаюць толькі па яго паверхні…
А вуліцы, між тым, ужо пачынаюць траціць выразнасць ліній – з “балкона Еўропы” пацягнула вячэрняй вільгаццю. У выпадковай кавярні афіцыянтка яўна в’етнамскага паходжання пасля папярэдніх перамоў на немагчымай трасянцы з англійска-нямецка-рускіх слоў прыносіць гарбату з лёдам. А я ж так старанна паўтарала ключавое слова: “Hot, bitte. Hot tea”…
Пасля ледзянога “tea” пагрэцца заходжу ў бліжэйшы ўнівермаг. У яго абутковым аддзеле ўспамінаю, як па дарозе ў Дрэздэн наша гід вучыла нас жыццю:
– Немкі не носяць батфортаў. Жанчын у высокіх ботах тут адносяць да адной з двух катэгорый: прыезджая або прастытутка.
– Значыць, трэба браць, – паўтараю словы сакратаркі з вядомага фільма Эльдара Разанава і кіруюся да паліц.
Выходжу з магазіна з кардоннай абутковай каробкай пад пахай. А звонку, аказваецца, ужо пануюць ліхтары! І ўмелае падсвятленне выдзеліла зусім іншыя, нябачныя днём дэталі архітэктуры старога горада – не налюбавацца. Затое вежа Фраўнкірхе, на якую нам раілі арыентавацца, стала нябачнай. “Эльба? – чапляюся да прахожых. – Where is Эльба?”. Сустрэчныя немцы не валодаюць анлгійскай нават на маім гора-ўзроўні, але назва рэчкі – нібы пароль. Праз паўгадзіны паспяхова дабіраюся да стаянкі турыстычнага транспарту.
Да адпраўлення аўтобуса яшчэ цэлых 20 хвілін, і я, перайшоўшы праз дарогу, на акуратным, у бетоннай абгортцы беразе Эльбы знаходжу ўтульную лаўку. Сядаю. Дастаю з пакета астравецкае яйка, якое мне ў дарогу зварыла мая мама, і абабраўшы яго і густа пасыпаўшы соллю, пачынаю смакаваць – нібы падпітвацца радзімай.
Рака, не звяртаючы ўвагі на маю прысутнасць, нясе свае воды скрозь анфіладу прыгожых мастоў. А навокал ззяе тысячамі агнёў Дрэздэн, якому зусім няўцям, што сёння ён стаў крышачку і маім горадам.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.