Волейбольный турнир на Кубок вызова "Северный вектор” прошёл в Рымдюнах

15:05 / 05.12.2012

“Пальчатку выкліку” на валейбольны рынг, якую Астравецкае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання кінула сваім калегам з суседніх раёнаў, рашыліся падняць Ашмяны і Мядзель. Спачатку згадзілася і Смаргонь, але ў апошні момант здалася без бою. Гэтая амаль перадстартавая адмова, зазначым, значна ўскладніла і расцягнула ў часе правядзенне турніру: з-за няпарнай колькасці каманд-удзельніц прымяніць алімпійскую сістэму “выбывання слабейшага” стала немагчыма, і давялося праводзіць гульні па крузе…
І вось у самай прыгожай спартыўнай зале раёна, якая належыць адразу дзвюм рымдзюнскім школам, сабраліся каманда раённага аддзела ўнутраных спраў, “Янвесттранс” – нядаўні пераможца раённага валейбольнага кубка, каманда СВК “Гервяты”, валейбалісты з Ашмян і Мядзеля.




Агульнае пастраенне. Гімн. Прывітальныя словы начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі А.У. Янчэўскага. Размінка. І турнір пачаўся!


Першымі сустрэліся на пляцоўцы валейбалісты астравецкага “Янвесттранса” і “Будаўніка” з Ашмян. За плячыма ашмянцаў – вопыт сумеснай гульні на працягу многіх гадоў, гульневы стаж нашай каманды непараўнальна больш сціплы – выстаўляцца на афіцыйных турнірах яны пачалі толькі сёлета. “Транспартнікам”, па-мойму, не хапіла ўмення не звяртаць увагі на “аўтарытэты”, асабліва ў першай палове сустрэчы, якая скончылася з лікам 13:21. Другую партыю яны пачалі ў значна больш рашучым настроі і нейкі час ішлі, што называецца, ачко ў ачко з ашмянцамі. Асабліва добра атрымлівалася гульня ў абароне – тэхніка выканання блакіроўкі атак саперніка была бездакорнай. А вось актыўнасці ў нападзенні яўна не хапала. І гэта не прамінуў выкарыстаць “Будаўнік”, якому ўдалося нарэшце знайсці брэш у абароне… Вынік другой партыі 17:21, а гульні ў цэлым – 0:2.


У наступнай сустрэчы сышліся каманды РАУС і Мядзеля. Забягаючы наперад, адзначу: і яе вынік вырашыў маральны настрой каманды. Мядзель літаральна “задавіў” саперніка: калі адзін з ігракоў каманды падаваў мяч, усе астатнія гучна пляскалі ў далоні і, дзёрзка паглядваючы на сваіх візаві, выкрыквалі нешта кшталту “Пу-пу-пу!” Напэўна, так уздзейнічала на праціўніка “Іду на вы” Аляксандра Македонскага – папярэдне распрацаваная стратэгія супрацьстаяння пачала хістацца. Канешне, мядзельцы таксама рабілі памылкі, але не засяроджваліся на іх. “Усё нармальна – забыліся! Гуляем далей”, – гэтую фразу, здобраную шчырай усмешкай, іх гуляючы трэнер паўтараў пасля кожнага промаху. І разборак кшталту “хто вінаваты і як трэба было зрабіць?” падчас гульні ў каманды (у адрозненне ад большасці іншых) не здаралася. Затое як дружна яны радаваліся кожнаму ўдаламу пасу! Вынік сустрэчы – 0:2.


Першыя дзве няўдачы “сваіх” выразна падпсавалі настрой гледачоў. І калі пачалася трэцяя гульня, у якой сышліся каманды Мядзеля і Ашмян, было ўражанне, што менавіта яна і з’яўляецца вызначаючай у гэтым турніры. У першай партыі сустрэчы “рубка” была яшчэ тая! Нездарма яна скончылася з не асабліва пераканаўчым лікам 21:18. Але ў другой – значна больш узроставая каманда Ашмян амаль без бою (з лікам 11:21) аддала перамогу маладым сапернікам.


РАУС – СВК “Гервяты”. Пасля эмоцый папярэдняй сустрэчы на відовішчнасць гэтай ніхто асабліва не спадзяваўся. І яе пачатак сапраўды атрымаўся даволі вялым. А потым гервяцкія ігракі, узначаліў якіх былы старшыня гаспадаркі, сённяшні начальнік райсельгасхарчу А.У. Янчэўскі, разгуляліся: адна за адной сталі выпісвацца прыгожыя атакі, дабротныя блокі зводзілі на “нуль” памкненні саперніка адгуляцца. Бліскучыя – з разраду тых, што “не бяруцца” – падачы стаў падаваць ігрок пад нумарам 6. “Тройка” была бездакорнай у блоках. А “двойка” валодае вельмі нязручным для саперніка талентам непрадказальнасці дзеянняў. Першая партыя закончылася з лікам 9:21. У другой павялі РАУСаўцы – гервяцкім валейбалістам ніяк не ўдавалася пераламіць ход гульні. Удалося гэта зрабіць на падачы капітана каманды Янчэўскага, які дапамог камандзе здабыць адразу чатыры ачкі і выйсці наперад. Тым не менш лік другой партыі ўжо не быў такім разгромным – 17:21.


Абедзве партыі ў сустрэчы “Янвесттранса” з камандай Мядзеля закончыліся з аднолькавым лікам 15:21. А РАУС (з лікам 16:21 у першай партыі і 12:21 у другой) прайграў ашмянскаму “Будаўніку”. Потым у прыгожым і пераканаўчым стылі “Гервяты” выйгралі ў Ашмян і “Янвесттранса”.



І ўсё ж на іх перамогу ў сустрэчы з Мядзелем адважыліся б паставіць нямногія. Мядзельцы падаўлялі саперніка сваім маладым напорам, зладжанасцю дзеянняў, безумоўным настроем на перамогу. Але, як аказалася, і гервятцы не лыкам шытыя – яны хутка засвоілі рытуал саперніка і на сваёй падачы таксама сталі пляскаць у далоні, падбадзёрваючы падаючага мяч. І яшчэ нядаўна відавочная непераможнасць мядзельцаў пачала раставаць. 9:6 – 11:6 – 14:9 – 19:10 – 21:12 – так красамоўна развіваліся падзеі ў першым перыядзе. Усмешка капітана і трэнера каманды Мядзеля паблякла, раз-пораз пачыналі ўзнікаць спрэчкі, якія – здымаем перад ім капялюш – капітан тут жа спыняў.


А гервятцы, “злавіўшы драйв”, разгуляліся не на жарт – ім бездакорна ўдаваліся і пасы, і атакуючыя ўдары, і падманныя дзеянні, і пастаноўка блокаў. СВК “Гервяты” ў выніку выйграў у каманды Мядзеля з лікам 2:0.



У апошняй гульні турніру сустрэліся каманды РАУС і “Янвесттранса”. І хоць яе вынік ужо не мог унесці асаблівых карэктываў у расстаноўку асноўных сіл, усё ж на пляцоўцы разгарэліся сапраўдныя жарсці. Прынамсі, для канчатковага высвятлення адносін менавіта гэтым камандам, якія першыя дзве партыі закончылі з лікам 1:1, спатрэбілася дадатковая, трэцяя. Перамаглі ў ім валейбалісты “Янвесттранса”.


У выніку месцы размеркаваліся так: пераможцам турніра стала каманда СВК “Гервяты”, другое месца занялі валейбалісты з Мядзеля, бронзу павёз у Ашмяны “Будаўнік”. На адну прыступку ніжэй тройкі лідараў апусціліся валейбалісты “Янвесттранса”, а заключны радок у турнірнай табліцы заняла каманда РАУС.
Удзельнікі каманд-пераможцаў былі ўзнагароджаны памятнымі медалямі, а каманда СВК “Гервяты” атрымала яшчэ і “залаты” кубак. Акрамя таго, у якасці заахвочвання кожная з каманд-удзельніц атрымала грашовую прэмію.

















Выйгралі ад правядзення спаборніцтва і Рымдзюнскія школы – як расказаў дырэктар беларускамоўнай школы Віктар Віктаравіч Спірыдон, арганізатары турніру падарылі ім валейбольную сетку і два шыкоўныя валейбольныя мячы.


Турнір на кубак “Паўночнага вектара” вырашана зрабіць традыцыйным.


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.