Как островецкие школьники в турслёте учавствовали

13:30 / 13.10.2012

Успамінаецца школьнае дзяцінства. З якім энтузіязмам і захапленнем мы збіраліся на школьныя турыстычныя злёты! Рыхтавалі праграму, трэніраваліся, праходзілі маршруты, радаваліся, калі перамагалі і вельмі засмучаліся, калі нешта не атрымлівалася.


З таго часу нічога не змянілася. Як і шмат гадоў назад, штогод вучні з усіх школ раёна збіраюцца на турыстычны злёт, каб пазмагацца за права стаць лепшымі турыстамі і спартсменамі, старанна рыхтуюцца, перажываюць – і радуюцца перамогам.
Вось і сёлета 29 верасня самыя адважныя, спартыўныя і таленавітыя прадстаўнікі дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў 15 устаноў адукацыі раёна з’ехаліся ў Альхоўку – тут прайшоў раённы турыстычны злёт, прысвечаны Сусветнаму дню турызму. Арганізатарамі турыстычнага злёту выступілі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пры падтрымцы аддзелаў адукацыі і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.
Школьнікам на гэты раз пашанцавала. Нягледзячы на восень, сонейка выглянула праз хмаркі, якія з раніцы хадзілі па небе, і расквеціла святлом і цяплом пажаўцелыя кроны дрэў і месцамі пажоўклую траву. І гэтая акалічнасць усяліла ў школьнікаў добры настрой!
Турзлёт, як і звычайна, пачаўся з заезду і размяшчэння каманд. Амаль адначасова поле каля Альхоўкі запоўнілася школьнымі аўтобусамі, з усіх бакоў загучалі галасы і смех дзяцей. І літаральна адразу ж пацягнуўся пах прыгатаваных у палявых умовах макаронаў з тушонкай. І гэтак жа хутка дзеці заселі за снеданне. Пасля якога і адбылося адкрыццё турыстычнага злёту.
Першым выпрабаваннем для школьнікаў стала прадстаўленне каманд. Сабраліся ўсе. За пяць хвілін камандам неабходна было расказаць пра мясцовыя традыцыі і звычаі, турыстычна-экскурсійныя магчымасці раёна, пра найбольш значныя падзеі і цікавых людзей сваёй мясцовасці. У адных гэта атрымалася проста цудоўна, у іншых – трошкі горш. І ўсё ж судзейская калегія ўзялася за падлічванне балаў – і аказалася, што лепшымі сталі юныя турысты з Міхалішкаўскай школы, якія прадставіліся як каманда “Мірны атам”. Другое месца заваявалі школьнікі з Варнянскага НПК. А трэцяе падзялілі паміж сабой гудагайскія “Турысты” і спондаўская “Сямёрка”.
Пасля абеду школьнікаў чакала яшчэ адно выпрабаванне – журы аб’явіла турыстычную эстафету, якая складалася з двух этапаў: веласіпеднага і турыстычнага. Падчас веласіпеднага, удзельнікі эстафеты выконвалі розныя фігуры – круг, васьмёрка, змейка, арэлі, вароты, каляіна, стоп-лінія. За кожны няправільны рух ці падзенне з веласіпеда прызначаліся штрафныя балы.
Турыстычная эстафета ўключала ў сябе бег з перашкодамі. На шляху школьнікаў то там, то сям узнікалі купіны, “тарзанка”, юным турыстам неабходна было прайсці па бервяне і пераправіцца па паралельных вяроўках. Гэта, дарэчы, быў асноўны этап турыстычнага злёту. Справіліся з ім юныя турысты добра. Трэцімі сталі вучні з Гервяцкай школы, другое месца падзялілі Дайлідская школа і Варнянскі НПК, на першае выйшла добра падрыхтаваная каманда Спондаўскай школы.
На працягу дня журы ацэньвала і “Быт турыста”. Пад увагу бралася афармленне і абсталяванне месца размяшчэння каманды, санітарны стан летніка, захаванне патрабаванняў аховы прыроды. Лепш за ўсё захаваць тэхніку бяспекі і зберагчы прыроду атрымалася ў Мальскай школы – яны сталі першымі. Другое месца – у гудагайскіх “Турыстаў”, трэцяе – у спондаўскіх вучняў.
Турыстычны дзень закончыўся конкурсам мастацкай самадзейнасці. Кожная каманда прадставіла па адным нумары. У адных гэта былі песні ўласнага складання, у другіх – традыцыйныя турыстычныя, у трэціх – ваеннай тэматыкі ці прысвечаныя роднай краіне. Школьнікі расказвалі вершы ці ўрыўкі з твораў, паказвалі сцэнічныя нумары. У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе падзялілі школьнікі з Дайлідак і Варнян, на другім месцы – турысты з Гудагая, Спондаў і Рытані. Першае месца заваявалі юныя артысты з Міхалішак.
І вось настаў самы ўрачысты момант злёту, калі ўсе выпрабаванні ўжо скончыліся і засталося галоўнае – узнагародзіць лепшыя каманды. На гэты раз школьнікі былі адзначаны граматамі за першае, другое і трэцяе месцы ў конкурсе мастацкай самадзейнасці і “Быт турыста”.
Былі вызначаны і лепшыя школьныя каманды па выніках усіх конкурсаў. Трэцяе месца ў сёлетнім турыстычным злёце заняла каманда “Турысты” з Гудагайскай школы. Яны былі ўзнагароджаны не толькі граматай, але і падарункам, спонсарам якога выступіў аддзел па справах моладзі Астравецкага райвыканкама – “Турысты” атрымалі веб-камеру і флэшку на 16 гігабайт. На другую прыступку п’едэстала ўзняліся школьнікі з каманды “Мірны атам” (Міхалішкаўская школа), у якасці прыза яны атрымалі лічбавы фотаапарат. І першае месца заваявала Спондаўская “Сямёрка” – ім таксама дастаўся лічбавы фотаапарат ад аддзела па справах моладзі.
Турыстычны злёт прайшоў весела і цікава. Школьнікі і педагогі надоўга зарадзіліся добрым настроем і здароўем. А пераможцы паехалі ў свае школы з падарункамі ад аддзела па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.


-------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.