Бокс глазами матери островецкого боксера

12:30 / 13.09.2012

Кандыдата ў майстры спорту па боксе, шматразовага ўдзельніка раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтваў, выхаванца трэнера па боксе А.З. Маргужа, астраўчаніна Дзмітрыя Лабэцкага ведаюць многія. Сёлета ён стаў чэмпіёнам рэспублікі ў сваім узросце і вагавой катэгорыі. Таксама юнак удзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у балгарскай Сафіі, дзе заняў 4-6 месца, што таксама нядрэнна.
Дзіма ўжо год адвучыўся ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскага рэзерву. Хто падтрымлівае юнака і дапамагае яму? Як адносяцца бацькі да яго заняткаў боксам? Аб гэтым і не толькі мы вырашылі даведацца ў маці Дзмітрыя – Ірыны Сцяпанаўны Лабэцкай.


–Бокс – гульня захапляючая, але і сур’ёзная. Калі вы ўпершыню пачулі ад сына, што ён хоча запісацца на бокс і якой была першая рэакцыя?
– Увогуле гэта не ён вырашыў пайсці на бокс, а мы з мужам прапанавалі Дзіму запісацца ў секцыю. Абмеркавалі на сямейным савеце – і вырашылі. Рыхтавалі яго загадзя, яшчэ да пачатковых класаў. Сын быў не супраць. Афіцыйна запісаўся ў секцыю па боксе ў трэцім класе, але на трэніроўкі пачаў хадзіць раней. Проста нам хацелася, каб ён нечым быў заняты.
– А чаму менавіта бокс?
– А чаму б і не? Калі б мы бачылі, што сын хутка бегае – аддалі б, напэўна, у лёгкую атлетыку.
Проста я бачыла, што ў Дзімы мяккі характар. Таму першапачатковай мэтай было, каб ён навучыўся элементарным прыёмам самаабароны. І бокс, па-мойму, для гэтага цудоўна падыходзіць. Ды, шчыра кажучы, і выбар – куды аддаць дзіця – у Астраўцы быў не вельмі вялікі. Паўтаруся, проста хацелася, каб ён займаўся нечым карысным, а не бадзяўся па вуліцы, не звязаўся з якой дрэннай кампаніяй. Акрамя гэтага, ведалі мы і трэнера – гарадок невялікі, тут большасць адзін аднаго ведаюць. Таму ведалі, у чые рукі аддаём сына.
– Не расчараваліся, што ўласна адправілі сына туды, дзе двое на рынгу малоцяць адзін аднаго кулакамі?
– Пакуль не. Хвалявалася, перажывала, здзіўлялася – гэта было, але не шкадавала. Наадварот, вельмі добра, што Дзіма паездзіць па розных гарадах і краінах, пабачыць свет, дасягае поспехаў у спорце. Пакуль у іх яшчэ дзіцячы бокс. Канешне, з кожным годам расце ўзровень і ступень цяжкасці, але ўсё роўна гэта юніёрскі ўзровень. І, шчыра кажучы, я не ведаю, ці хацела б, каб сын займаўся прафесійным сур’ёзным боксам. У любым выпадку – вырашаць яму. А вось, што аддалі Дзіму трэніравацца да А.З. Маргужа – аб гэтым ні кропелькі не шкадуем. Гэта больш, чым трэнер. Ён умее знайсці да кожнага з рабят свой падыход, абыходзіцца з імі, як з роўнымі, калі ў каго якія праблемы – дапаможа і падкажа. Я таксама часам прашу пагаварыць яго з Дзімам. Гэта вельмі добра, калі паміж трэнерам і яго выхаванцамі такія давяральныя адносіны. Кожную суботу пасля трэніроўкі яны ўсе разам наведваюць лазню, часам ходзяць у паход. Першую суботу ліпеня адзначаецца дзень баксёра, на які прыязджаюць колішнія выхаванцы з розных гарадоў. Мяне нават здзівіла, што столькі людзей адусюль з’язджаецца! І гэта аб многім сведчыць. Вось бы нашым баксёрам яшчэ асобную, спецыяльна абсталяваную залу для трэніровак. Я была ў іншых гарадах і бачыла, у якіх умовах займаюцца там юныя баксёры. Нашым многа чаго не хапае…
– Ці наведвалі калі паядынкі ці трэніроўкі сына?
– Канешне! З першага ж спаборніцтва мы стараемся не прапускаць спаборніцтвы, у якіх удзельнічае Дзіма. Для дзяцей гэта вельмі важна – ва ўсякім выпадку мне так здаецца. Паназірайце – дзе б яны ні былі, у чым бы не ўдзельнічалі, ім вельмі важна бачыць у зале родныя вочы, адчуваць падтрымку блізкіх. Праўда, на першым турніры я была ў лёгкім шоку. Вельмі хвалявалася, перажывала за кожны ўдар. Ды, шчыра кажучы, не толькі на першым… Здавалася, ну як можна атрымліваць “ліхтары” і драпіны? А пазней прывыкла.
– Ці аказаў бокс на Дзіму нейкі ўплыў?
– У плане характару – абсалютна ніякага. Ён не стаў агрэсіўным, такім жа добрым і мяккім застаўся. Наогул, сын не змяніўся.
– Кім бы вы хацелі бачыць Дзіму ў будучым?
– Добрым сынам – і ўсё. Што тычыцца прафесіі – няхай выбірае сам. Навязваць сваё, каб ён пасля шкадаваў і папракаў? Навошта? Гэта яго жыццё, а мы падтрымаем і дапаможам у любым выпадку.
– Што можаце параіць бацькам, чые дзеці займаюцца боксам?
– Удзяляйце ім больш часу і ўвагі, хадзіце на трэніроўкі і спаборніцтвы. Калі Дзіма падрос, муж часам казаў мне: “Куды ты ідзеш? Ён жа ўжо вялікі, над ім смяяцца будуць!” Няпраўда. Дзецям у любым узросце заўсёды патрэбна і важна падтрымка бацькоў. Памятайце аб гэтым.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.