Островчане отдыхают на Браславских озерах

15:00 / 23.08.2012

“Не патрэбны нам бераг турэцкі…” Мне здаецца, што гэтай фразай часцей за ўсё суцяшаюць сябе тыя, каму па розных прычынах не ўдалося назбіраць “зялёненькіх” на паездку на мора.
Дык вось, сёлета мне не патрэбен бераг турэцкі. Будзем адпачываць па-беларуску. А адправімся на цудоўную Браслаўшчыну.



Рыхтуйцеся да адпачынку зімой

Увогуле тым, каму ў свой час удалося набыць участак зямлі на Браслаўскіх азёрах, можна пазайздросціць: сёння ў іх ёсць дастаткова прыбытковы бізнес. Інтэрнэт стракаціць ад прапаноў адпачынку на аграсядзібах Браслаўшчыны з іх апісаннем, фотаздымкамі інтэр’ера, прылягаючай тэрыторыі і пералікам даступных паслуг.
Узброіўшыся ручкай, пачынаю выпісваць тэлефоны сядзіб, якія прыйшліся мне даспадобы. Выбрала дзесьці пятнаццаць варыянтаў. Тэлефаную па першым нумары. “Адпачыць у нас на наступныя выхадныя? Прабачце, але да верасня ўсё занята” (а справа была ў чэрвені). Па другім нумары – таксама занята! Трэцяя сядзіба – усё распісана. Абзваніўшы ўсе варыянты, ужо амаль страціла надзею знайсці домік на Браслаўскіх азёрах. Усё запаланілі расіяне, якія прыязджаюць да нас адпачываць сем’ямі – у асноўным на месяц – для іх адпачынак у Беларусі зручны, прыемны і танны.
Дарэчы, пра цэны. У сярэднім на Браслаўскіх азёрах зняць домік на суткі каштуе 10 долараў з чалавека. Аднак можна знайсці больш сціплыя варыянты – за 5-6 долараў, і наадварот – адпачыць у шыкоўнай фазэндзе за 20 долараў. Мне пакуль што нічога не ўдаецца знайсці...
І вось натыкаюся на яшчэ адну цікавую прапанову: сядзіба на беразе маляўнічага возера Струста (адно з самых буйных азёр Браслаўшчыны) з лазняй, альтанкай, мангалам і більярдам за 10 долараў з чалавека. Тэлефаную – і эўрыка! Выхадныя, якія мне патрэбны – свабодныя.
Аднак наступны раз для ўласнага спакою варта паклапаціцца пра адпачынак загадзя – гэта магу параіць і вам.



Домік ля возера

Да апошняга моманту мяне не пакідае хваляванне: толькі б у рэчаіснасці ўсё аказалася так прыгожа, як гэта адлюстравана на фотаздымках у інтэрнэце. І якім прыемным было здзіўленне, калі мы з сябрамі зайшлі на тэрыторыю нашай сядзібы і дружна ўсклікнулі “Ах!” – усё аказалася нават лепш, чым мы чакалі. Трохпавярховы дом стаіць прама на беразе возера, на другім і трэцім паверхах – тэрасы, з якіх адкрываецца цудоўны від на маляўнічую Браслаўшчыну. У доме 4 спальні, кухня з усімі выгодамі, санвузел, ёсць камін, пакой для більярда – адным словам, усё для камфортнага адпачынку. На двары – вялікая альтанка, мангал, гамак, садовыя арэлі, лазня, у нашым распараджэнні два катамараны і лодка.
Але адпачынак на Браслаўскіх азёрах – гэта не толькі знаходжанне, а і сузіранне. У гэтыя мясціны не закахацца хіба што абсалютна раўнадушны чалавек. Браслаўшчына – першазданная, амаль некранутая рукой чалавека прырода. І ў гэтым яе хараство. Няма тут асфальтаваных набярэжных з кафэ-палаткамі тыпу “Аліварыя”, як на Нарачы, няма ніякіх лішніх гукаў, акрамя гукаў прыроды. Браслаўшчына – чароўная! Гэта месца, дзе жыве гармонія.
У нашай вёсцы людзей не многа, а навокал – цішыня ды супакой блакітных азёр, усыпаных астраўкамі расліннасці.
Канешне, мы не атрымалі такіх яркіх эмоцый і вострых пачуццяў, як падчас паездак у незнаёмыя і экзатычныя краіны. Аднак тут мы адпачывалі душой і займаліся самымі простымі рэчамі: купаліся ў возеры, каталіся на лодцы, гулялі па лесе, смажылі рыбу, сядзелі каля вогнішча, спявалі песні пад гітару, парыліся ў лазні, пілі на тэрасе чай, гушкаліся на гамаку і глядзелі на бягучыя аблокі. Казка…



На зваротным шляху…

Па дарозе дадому мы заехалі на гару Маяк – месца, адкуль тую прыгажосць, якую мы сузіралі ўнізе, можна ўбачыць з вышыні птушынага палёту. На гары размяшчаецца аглядная альтанка, з якой можна назіраць навакольную мясцовасць у радыусе многіх кіламетраў: лясны масіў і водныя хітраспляценні Браслаўшчыны.
Непадалёк ад Браслава знаходзіцца невялікі пасёлак Відзы, дзе ўзведзены касцёл Ражджаства Дзевы Марыі – гатычная пабудова пачатку 20 стагоддзя. Разглядаць яго можна бясконца – яго шматлікія архітэктурныя дэталі проста зачароўваюць.
Наведалі мы і “беларускую Венецыю” – Паставы. Гэта літаральна горад на вадзе, які рассякаецца ракой Мядзелкай. Здавалася б, звычайны райцэнтр. Што там глядзець? Аднак не! Гэты горад вытрыманы ў адным стылі, і нават новыя пабудовы маюць тую ж вышыню і характэрныя фасады дахаў, што і старыя.
Наша кароткае падарожжа скончылася. Аднак і сёння, пераглядаючы фотаздымкі, хочацца зноў схавацца ад гарадской мітусні ў пяшчотных абдымках чароўнай Браслаўшчыны.



------------------------------------------------

Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.