Островецкие боксёры удачно выступили на республиканской спартакиаде

10:36 / 12.07.2012

Пяць астравецкіх баксёраў выступалі ў складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці на спартакіядзе школьнікаў Рэспублікі Беларусь 1998-99 гадоў нараджэння. І чацвёра з іх вярнуліся дамоў з медалямі.
Усяго ў спаборніцтвах удзельнічалі 115 баксёраў, якія выступалі ў 17 вагавых катэгорыях.



Астраўчанін Мікіта Ромаш (вагавая катэгорыя да 38,5 кілаграма) у спаборніцтвах такога маштабу ўдзельнічаў упершыню. І ў першым жа баі па жараб’ёўцы трапіў на моцнага саперніка з Мінска. Барацьба была напружанай: першы раўнд закончыўся з лікам 1:1, другі – зноў 1:1, пасля трэцяга лік павялічыўся, але ўсё роўна застаўся роўным 7:7. Аднак па брудных ударах з вынікам 38:41 перамогу прысудзілі мінчаніну. Хаця, як расказаў трэнер рабят А.З. Маргуж, Мікіта прадэманстраваў цудоўную тэхніку, трымаўся да канца малайцом і, па словах іншых трэнераў, быў у гэтым паядынку мацнейшым.


У гэтай жа вагавой катэгорыі выступаў і Саша Грынчук, які мае першы юнацкі разрад па боксе. Для юнака гэта была таксама першая рэспубліканская спартакіяда. Першы бой Саша без праблем выйграў у саперніка з Мінска. У чвэрць-фінале лёс звёў яго на рынгу з гамельчанінам. І зноў завязалася ўпартая барацьба. Пасля першага раўнда Саша прайграваў 4 ачкі. Пасля другога – выйгрываў 5:3. Аднак трэці раўнд усё ж такі прынёс перамогу саперніку – 12:9. Саша Грынчук – бронзавы прызёр спаборніцтва.


У вагавой катэгорыі да 54 кілаграмаў выступаў Мікіта Власенка. У першым баі ён перамог мінчаніна 4:2. У другім юнак сышоўся на рынгу з баксёрам з Мінскай вобласці. 10:6 – астраўчанін уступіў саперніку і стаў бронзавым прызёрам спаборніцтва.


У вагавой катэгорыі да 41,5 кілаграма выступаў Арцём Рагавенка – першы юнацкі разрад па боксе. У першым баі ён выйграў у спартсмена з Віцебска 8:3. У другім – перамог удзельніка з Магілёва 3:1. У трэцім трапіў на брэстчаніна, у абсалютна роўным баі з якім перамогу аддалі апошняму 14:13. Арцём Рагавенка стаў сярэбраным прызёрам і, акрамя таго, выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту.


Марк Маргуж, які мае першы дарослы разрад па боксе, баксіраваў у вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў. Пасля першага бою юнак адправіў на лаўку прайграўшых мінчаніна – 10:3. У паўфінале з лікам 6:2 – перамог саперніка з Гомеля. І зноў рашаючым стаў трэці паядынак. У першым раўндзе Марк вядзе па ачках 4:3. Другі заканчваецца з лікам 8:8. У трэцім ідзе ўпартая, роўная і напружаная барацьба.


Як прызнаўся трэнер і бацька А.З. Маргуж, ён ужо палічыў, што перамогу зноў аддадуць не нам. Аднак – 13:12! Марк Маргуж становіцца чэмпіёнам спартакіяды, выконвае нарматыў кандыдата ў майстры спорту і атрымлівае пуцёўку на спартакіяду школьнікаў Еўропы, якая адбудзецца ў верасні!
Віншуем рабят і іх трэнера з удалым удзелам у рэспубліканскай спартакіядзе і папаўненнем скарбонкі перамог і медалёў!


Марына МАЦКЕВІЧ.