Туристический слёт в Ольховке

14:42 / 13.07.2012

Напрыканцы чэрвеня на базе ляснога масіву ў Альхоўцы прайшоў традыцыйны раённы турыстычны злёт. Гэтае мерапрыемства з нецярплівасцю чакаюць прыхільнікі здаровага і актыўнага ладу жыцця, каб акунуцца ў атмасферу рамантыкі і сяброўства, адпачыць на ўлонні прыроды ад гарадской мітусні, паўсядзённых клопатаў, а таксама пазмагацца за гонар роднай арганізацыі ці прадпрыемства і праявіць сябе не толькі ў спорце, але і ў творчасці.
У гэтым годзе турзлёт быў прысвечаны галоўнаму святу краіны – Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а яго ініцыятарамі выступіў аддзел па фізкультуры, спорце і турызме Астравецкага райвыканкама пры падтрымцы раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.







Прадэманстраваць свае сілу, спрыт і талент сабраліся 8 каманд – СВК “Гервяты”, “Гудагай”, “Варняны”, Астравецкі лясгас, цэнтральная раённая бальніца, аддзел адукацыі, завод “Радыёдэталь” і ўпершыню за доўгія гады – раённы аддзел культуры. Сёлета ўдзельнікам спартыўнага мерапрыемства пашчасціла: нябесная канцылярыя парадавала ўсіх цудоўным і цёплым надвор’ем – нарэшце наступіла сапраўднае лета, і яркае сонейка настройвала толькі на пазітыўны лад.
Падчас урачыстага адкрыцця турзлёту з прывітальным словам выступілі начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама С.В. Шэін, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Н.У. Сянюць і галоўны суддзя мерапрыемства, дырэктар ФСК Л.С. Даўляш. Усе пажадалі ўдзельнікам не толькі добра выступіць, але і прыемна адпачыць. Узняўся ў неба Дзяржаўны сцяг, прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь – і каманды адправіліся рыхтавацца да спаборніцтваў.
Пачалося ўсё са спаборніцтваў па валейболе, якія праходзілі па алімпійскай сістэме – выйграўшы працягвае барацьбу. На пляцоўцы, дзе разгарнулася барацьба за лідарства, было па-сапраўднаму горача. Кожная каманда ў складзе двух мужчын і адной жанчыны дэманстравала цікавую гульню. У выніку лепшымі валейбалістамі былі прызнаны ўдзельнікі каманды Астравецкай ЦРБ, на другім месцы – СВК “Гудагай”, на трэцім – аддзел адукацыі.





У гіравым спорце сілу рук і фізічную вынослівасць дэманстравалі сапраўдныя асілкі – па аднаму з кожнай каманды. 145 пад’ёмаў 24-кілаграмовай саперніцы – вось вынік абсалютнага чэмпіёна Дзмітрыя Лаздзіна з Астравецкай ЦРБ. Дзіма, як заўсёды, па-за канкурэнцыяй. “Сярэбраным” прызёрам стаў Андрэй Бумбуль з каманды аддзела адукацыі – у яго 93 пад’ёмы. Дзмітрый Мізей з СВК “Гервяты” падняў гіру 80 разоў і стаў трэцім.
Гульня ў дартс толькі на першы погляд можа паказацца манатоннай і не дынамічнай. Аднак уявіце, якую эйфарыю адчувае спартсмен, калі трапляе “ў дзясятачку”. А гэта не так проста – тут трэба быць і трапным, і лоўкім, і ўмець разлічыць сілу кідка, а яшчэ быць упэўненым у сабе, каб ніякае хваляванне не прымусіла руку здрыгануцца. Ад кожнай каманды выступала пара, ачкі складваліся і атрымліваўся агульны вынік. Самымі трапнымі аказаліся спартсмены з СВК “Гервяты”, “серабро” – у пары з лясгаса. На трэцім месцы ў дартсе стала каманда з СВК “Гудагай”.

















Спартыўныя спаборніцтвы першага дня змяніліся конкурснай праграмай. Сапраўдныя турысты, нягледзячы на палявыя ўмовы, свой побыт могуць арганізаваць так, што любому педанту будзе камфортна. У ходзе конкурсу “Побыт турыста” журы ацэньвала жартоўнае меню, само ўладкаванне і афармленне лагера, яго санітарны стан, прытрымліванне правілаў аховы навакольнага асяроддзя. Усе каманды вельмі добра падрыхтаваліся: турысты гасцінна сустракалі гасцей, праводзілі іх па сваіх уладаннях, затым частавалі рознымі прысмакамі і забаўлялі песнямі, вершамі ды танцамі. Пераможцаў вызначыць аказалася не простай задачай, аднак конкурс ёсць конкурс. Абсалютнымі лідарамі сталі медыкі, якія падрыхтавалі сапраўднае прадстаўленне і не на жарт развесялілі гасцей, а стравы “пякельнай кухні” прыйшліся ўсім даспадобы. Не пакінула раўнадушнымі членаў журы вечарына ў стыляг з аддзела культуры – у іх другое месца. На трэцім месцы аказаліся турысты з СВК “Гервяты”.









Конкурс мастацкай самадзейнасці яшчэ раз даказаў, што турысты не толькі выдатныя спартсмены, але і таленавітыя аратары, спевакі і танцоры. Жартаўлівымі нумарамі, песнямі, вершамі і танцамі здзіўлялі членаў журы ўдзельнікі спаборніцтваў. Самай яркай аказалася каманда аддзела культуры – у іх “золата”, крыху адстала ад іх каманда СВК “Гудагай”, якой прысудзілі “серабро”. Завяршае тройку прызёраў каманда “айбалітаў”.
Завяршыўся першы дзень турзлёту вясёлай дыскатэкай, якую дапамог арганізаваць індывідуальны прадпрымальнік Тадэвуш Бальцэвіч, і спускам вянкоў на ваду.
Раніца другога дня была сонечнай і пачалася са смачнага сняданку – каманды, набіраючыся сіл, рыхтаваліся да новых выпрабаванняў.
Скачкі на скакалцы вярнулі ўдзельнікаў у пару дзяцінства, калі хлопчыкі і дзяўчынкі спрачаліся, хто скокне больш разоў. Ад каманды было прадстаўлена па два чалавекі, іх колькасць скачкоў за хвіліну складвалася і атрымліваўся агульны вынік. Тут самымі “скакучымі” аказаліся работнікі СВК: на першым месцы – “Гудагай”, гервятцы заваявалі “серабро”, у СВК “Варняны” – трэці вынік.
Турыстычная паласа перашкод, якая праходзіла на веласіпедах, сабрала шмат балельшчыкаў і выклікала буру эмоцый. Аб’ехаць перашкоды, пераехаць праз бервяно, трапіць у вароты – з усімі заданнямі добра спраўляліся турысты. Аднак лепшай стала каманда з СВК “Гервяты”, на другім месцы – СВК “Гудагай” і ў бальніцы – “бронза”.






Не паспелі ўціхамірыцца жарсці пасля паласы перашкод, як пачалося не менш відовішчнае і эмацыянальнае спаборніцтва – перацягванне каната. Тут, зрэшты як і ў любым камандным спаборніцтве, патрэбны калектыўны дух каманды. І лепш за ўсё яго прадэманстравалі асілкі з Астравецкага лясгаса, медыкі – на другім месцы, “бронза” ў актыве СВК “Гудагай”.
І вось надышоў самы радасны і адначасова сумны момант – падвядзенне вынікаў і закрыццё лагера. Сумны – таму што ўсё добрае хутка заканчваецца, а радасны – адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне прызёраў і пераможцаў. Самымі хуткімі, спрытнымі і дружнымі аказаліся медыкі, якія па праве заслужылі першае месца. Зборная СВК “Гудагай” стала другой, на трэцім месцы СВК “Гервяты”.
Кубкі, граматы, каштоўныя прызы ад аддзела па фізкультуры, спорце і турызме і ад “Белай Русі” атрымалі прызёры і пераможцы спаборніцтваў. Акрамя таго, невялікімі падарункамі на памяць аб турзлёце былі ўзнагароджаны ўсе каманды. Быў і асобны прыз ад “Белай Русі”: за лепшае выкананне Дзяржаўнага гімна падчас адкрыцця спаборніцтваў – яго атрымала каманда аддзела культуры.
Сёлетні раённы турыстычны злёт быў яркім і насычаным, яго ўдзельнікі мелі магчымасць не толькі праявіць сябе ў розных спаборніцтвах, а яшчэ і цудоўна адпачыць у нефармальнай абстаноўцы ў крузе сваіх калег і сяброў. Прыемна і тое, што ўсё было арганізавана на высокім узроўні: месца правядзення турзлёту абсталявалі смеццевымі кантэйнерамі і біятуалетам, які прадаставіў камунгас, турысты былі забяспечаны пітной вадой, дровамі. Адным словам – адпачывалі з камфортам.
Будзем спадзявацца, што і ў далейшым раённы турзлёт не страціць свайго пазітыву і задору, і ў наступным годзе ў тым жа месцы ў яшчэ больш вялікай кампаніі сустрэнуцца самыя актыўныя, дружныя і энергічныя.

Вольга ШОЎКУН.
Фота Веры ДАЎЛЯШ.