Бронзовая награда островецких медиков

13:58 / 15.06.2012

Астравецкія медыкі не толькі лечаць пацыентаў – яны сваім прыкладам паказваюць, што сакрэт здароўя, бадзёрасці і даўгалецця – гэта здаровы лад жыцця і заняткі спортам.


З абласной спартакіяды работнікаў аховы здароўя, якая прайшла напрыканцы мая ў Гродне, каманда Астравецкай ЦРБ прывезла ганаровы кубак за трэцяе месца.
У спартакіядзе ўдзел прынялі 38 каманд медыцынскіх устаноў Гродзеншчыны, якія спаборнічалі паміж сабой у валейболе, міні-футболе, плаванні, дартсе, настольным тэнісе, гіравым спорце, шматбор’і.
Медыкі Астравецкай ЦРБ вызначыліся ў самых розных відах спорту.
Жаночая каманда па валейболе на чале з капітанам Ірынай Багушэвіч заняла першае месца.
Сярэбраным медалістам у гіравым спорце стаў Дзмітрый Лаздзін – ён з лёгкасцю падняў 141 раз 24-кілаграмовую гіру.
Упэўнена выступіў у асабістым першынстве па настольным тэнісе Генадзій Хаменка – у яго другое месца.
Парадавалі і нашы плыўцы – каманда ў складзе Святланы Нікалаенка, Алега Філатава, Аляксандра Шоўкуна і Алесі Шэўчык у эстафеце заняла трэцяе месца.
Бронзавым прызёрам стала і каманда астравецкіх “айбалітаў” па міні-футболе.
У выніку ў агульнакамандным заліку каманда Астравецкай ЦРБ заняла трэцяе месца. Акрамя таго, наша раённая бальніца атрымала дыплом ад абласной арганізацыі галіновага прафсаюза за актывізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы ў калектыве. І гэта ўзнагарода – цалкам заслуга галоўнага ўрача В.І. Тачонага і прафсаюзнага лідара бальніцы Т.З. Субаткевіча, якія заўсёды падштурхоўваюць свой калектыў на новыя спартыўныя дасягненні і заўсёды суправаджаюць і падтрымліваюць каманду падчас падобных мерапрыемстваў.
Дарэчы, Ірыну Багушэвіч і Дзмітрыя Лаздзіна запрасілі ў склад  зборнай абараняць гонар вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе, якая прайшла ў мінулыя выхадныя ў Пінску. Адтуль нашы медработнікі таксама вярнуліся з добрымі вынікамі. Дзмітрый Лаздзін пацвердзіў свой статус сярэбранага медаліста і зноў узняўся на другую прыступку п’едэстала. У зборнай вобласці па валейболе, у склад якой увайшла Ірына Багушэвіч, – таксама другое месца. У выніку каманда Гродзенскай вобласці стала сярэбраным прызёрам рэспубліканскай спартакіяды.
Віншуем усіх удзельнікаў з цудоўным выступленнем на абласной і рэспубліканскай спартакіядах і жадаем новых спартыўных перамог!


Вольга ШОЎКУН.