Стритболисты с Островетчины стали чемпионами области

13:51 / 29.05.2012

Першае месца з абласной спартакіяды па стрытболу сярод юнакоў і дзяўчат 1997-98 гадоў нараджэння прывезлі гервяцкія стрытбалісты.


У канцы красавіка ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе праходзілі занальныя спаборніцтвы, у якіх гервятцы занялі першае месца ў групе. Такім чынам рабяты аўтаматычна трапілі ў фінал спаборніцтваў, якія праходзілі 16-17 мая ў Гродне.


Пазмагацца за перамогу сабраліся восем каманд. Па жараб’ёўцы гервятцы трапілі ў групу, дзе іх сапернікамі сталі каманды з Кастрычніцкага раёна горада Гродна, Гродзенскага і Ашмянскага раёнаў.


У першай гульні нашы рабяты без асаблівых цяжкасцей справіліся з камандай Гродзенскага раёна – 9:2. Затым выйгралі ў Кастрычніцкага раёна – 7:4.


А вось сустрэча з ашмянцамі прымусіла пахвалявацца балельшчыкаў і трэнераў абедзвюх каманд. Асноўны час скончыўся з лікам 3:3. У дадатковы гулялі да першага закінутага ў кальцо мяча. Тут удача і майстэрства гервятцаў не падвялі – і яны святкавалі заслужаную перамогу. Такім чынам, разам з ашмянцамі наша каманда прайшла ў фінальную частку спаборніцтваў, куды з другой групы выйшлі каманды Лідскага і Слонімскага раёнаў.


Сустрэча з лідчанамі была напружанай і завяршылася зноў-такі ў дадатковы час на карысць гервятцаў 8:7. У выніку ў рашаючым фінале за першае месца нашы рабяты гулялі з камандай Слонімскага раёна. Хвалюючыя хвіліны, вострыя моманты, удалыя кідкі мяча, фінальны свісток, і… 7:6 – наша каманда становіцца чэмпіёнам вобласці! За заслужаную перамогу юныя спартсмены былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі і грашовымі прэміямі, а каманда – Кубкам чэмпіёна.


–Канешне, рабяты вельмі задаволены вынікам, – дзеліцца ўражаннямі трэнер гервяцкіх стрытбалістаў Анатоль Кавалеўскі. –Я таксама рады нашаму першаму месцу. Рабяты – малайцы, гэта заслужаная перамога. Але асабліва раслабляцца няма калі – у чэрвені мы будзем прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Спадзяёмся, удача будзе на нашым баку!


Таго і пажадаем землякам!



Марына МАЦКЕВІЧ.