Белорусское сафари в островецком стиле

15:59 / 25.05.2012

Прыгожая, багатая, шчодрая астравецкая зямля вабіць турыстаў з усёй краіны – тут можна наталіцца хараством лясоў і азёр, адчуць дыханне гісторыі, адпачыць ад гарадской мітусні. Прыцягальны наш край і для аматараў сафары па-беларуску – штогод на Астравеччыне гасцююць паляўнічыя з Расіі і Украіны.  Гэта нездарма: багацце разнастайнай дзічыны і зручныя ўмовы для палявання не могуць не спакусіць.


Аб асаблівасцях астравецкага паляўнічага турызму нам сёння расказвае вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Астравецкага лясгаса Віктар Мечыслававіч Урбановіч.


Віктар Мечыслававіч, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой ваша лесапаляўнічая гаспадарка?


– Лесапаляўнічая гаспадарка “Астравецкая” размяшчаецца на тэрыторыі трох лясніцтваў – Катлоўскага, Астравецкага, Палушскага і Варнянскага, і займае тэрыторыю 35 тысяч гектараў, 21 тысяча з якіх – гэта лясныя ўгоддзі. Некалькі гадоў назад на базе гаспадаркі быў пабудаваны вальер плошчай 206 гектараў, які складаецца з трох адсекаў. У першым  вырошчваюцца плямістыя алені і дзікія кабаны, у другім – высакародныя алені, завезеныя сюды з Белавежскай пушчы з мэтай стварэння новай папуляцыі. Трэці адсек стаў месцам жыхарства еўрапейскай лані, якую сюды завезлі з Літвы для рэакліматызацыі.


Ёсць у нас два Дамы паляўнічага –  у Задворніках і каля вёскі Быстрыца, дзе створаны ўсе ўмовы для адпачынку паляўнічых і турыстаў.


Якія ж паслугі вы можаце прапанаваць паляўнічым і турыстам?


– Арганізацыя палявання і рыбалкі, карыстанне лазняй, пражыванне, а таксама наведванне вальера з дзікімі жывёламі.


– На якіх жывёл можна паляваць у нашых лясах?


– На сённяшні дзень адкрыта паляванне на дзікага кабана, з 15 мая можна ўжо ісці на казулю еўрапейскую. Вясной таксама карыстаецца папулярнасцю паляванне на гусей, качак, вальдшнэпа. Увосень паляўнічыя  ў асноўным ідуць на аленя, лася, рачнога бабра, а таксама на пушныя віды – зайца, куніцу, тхара.


Ваўкі, лісы і яноты адносяцца да непажаданых відаў, якія шкодзяць паляўнічай гаспадарцы, таму іх можна здабываць круглы год. Дарэчы, з-за ўвядзення квот на адстрэл ваўка ў краінах Прыбалтыкі шмат драпежнікаў мігрыруюць адтуль на нашы багатыя ўгоддзі. Таму зараз актыўна прыцягваем мясцовых паляўнічых да палявання на ваўка.


– А якія віды палявання вы прапаноўваеце?


– Якія толькі пажадае паляўнічы:  загоннае, з засады і з падыходу, паляванне з сабакамі, са сцяжкамі. Напэўна, самымі цікавымі ўсё ж такі з’яўляюцца “загонкі” – камандная паляўнічая справа, амаль гульня — азартная, заўсёды непадобная адна на другую.


– Аднак лесаводам трэба сачыць і за тым, каб папуляцыя жывёл у нашых лясах не змяншалася…


– Шчыльнасць ляснога пагалоўя на нашых тэрыторыях даволі высокая, бо гаспадарка на сучасным узроўні вядзе захаванне і аднаўленне папуляцыі дзікоў, ласёў і казуль. Праводзяцца біятэхнічныя мерапрыемствы: засяваюцца кармавыя палеткі, вядзецца зімовая падкормка на пляцоўках. Не спыняецца барацьба з браканьерамі. Таму і паляўнічыя туры практычна заўсёды выніковыя – госці-паляўнічыя застаюцца задаволенымі.


– Ці часта да нас прыязджаюць замежныя паляўнічыя?


– У мінулым годзе прайшло 12 тураў з удзелам паляўнічых з Расіі і Украіны – гаспадарка ад замежнага паляўнічага турызму атрымала даходаў на суму 328 мільёнаў рублёў (пры плане 140 мільёнаў). Усяго даходаў атрымана на суму 512 мільёнаў рублёў (план – 180 мільёнаў).


Сёлета ўжо прайшло 2 туры з удзелам паляўнічых з Расіі – мы атрымалі 47 мільёнаў рублёў даходаў. Чакаем яшчэ 8 чалавек з Пермі і Масквы на трэці тур.


– Ці дарагая гэта забава – схадзіць на паляванне?


– Адназначна не танная. Разавая паляўнічая пуцёўка на капытную жывёлу каштуе 40 тысяч рублёў. Пры здабычы маладняку кабана да 2 гадоў трэба будзе заплаціць 500 тысяч рублёў, дарослага кабана – 700 тысяч рублёў, трафейнага – 1 мільён. Казуля селекцыйная абыдзецца паляўнічаму ў 300 тысяч рублёў, трафейная – у 500 тысяч. Пры трафейным паляванні трафеі (у казулі – гэта рогі, у дзіка – іклы) застаюцца ў паляўнічага.


–  Колькі паляўнічых вы можаце прыняць у сваёй гаспадарцы за адзін раз?


– Да дваццаці паляўнічых. Мы пастаянна працуем над тым, каб паляўнічая гаспадарка магла прыняць як мага больш турыстаў і паляўнічых. Так, нядаўна пабудавалі летні домік каля Дома паляўнічага ў Задворніках, заканчваецца рамонт другога паверху ў самім Доме.


Важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё другога Дома паляўнічага каля вёскі Быстрыца. Сядзіба знаходзіцца на маляўнічым беразе Віліі, што надае гэтаму месцу асаблівы каларыт.


У абодвух сядзібах створаны  камфортныя ўмовы для  пражывання і адпачынку – спальні, камінная зала, кухня, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, санвузел. Аматары пары могуць адпачыць у лазні.


У паляўнічым комплексе ў Задворніках ёсць лядоўня – спецыяльнае памяшканне, дзе можна разбіраць і захоўваць дзічыну. У невялікім кар’еры каля сядзібы размешчаны цір, дзе паляўнічыя трэніруюцца ў стральбе па мішэні.


– Ці арганізоўваеце вы харчаванне для паляўнічых?


– Толькі для замежных.


– Падзяліцеся сваімі планамі на будучыню!


– Каб прыцягнуць яшчэ больш турыстаў, Астравецкі лясгас у мінулым  годзе заключыў дагавор з Інстытутам лесу Нацыянальнай Акадэміі Навук аб пракладцы экалагічнай сцяжынкі. Ужо сёлета людзі, якія любяць падарожнічаць і праводзіць час на прыродзе, змогуць прыехаць у наш раён, убачыць цікавыя мясціны, дзікіх жывёл. Акрамя таго, мы плануем павялічыць плошчу вальера і праводзіць там паляванне з арбалета і лука.


– Дзякуй за цікавую гутарку!



Вольга ШОЎКУН.