Чацвёрты год на Астравеччыне праводзіцца турнір па мініфутболе, прысвечаны Дню жанчын

15:48 / 15.03.2012

Сёлета пазмагацца за кубак у імя жанчын у Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе сабраліся чатыры каманды: “Астравец-1”, “Астравец-2”, “Іўе” і “Ашмяны”. Гульні праходзілі па кругавой сістэме.


У першым матчы жараб’ёўка вырашыла пажартаваць і звяла на полі дзве астравецкія каманды. Гульня праходзіла цікава, і страсці разыгрываліся нежартоўныя – у выніку паядынак скончыўся на карысць “Астравец-1” 4:0. Наступнымі сустрэліся мінулагоднія чэмпіёны гэтага турніру з Іўя і іх сапернікі з Ашмян. Фартуна зноў аказалася на баку футбалістаў з Іўя – 5:2. Без асаблівай цяжкасці леташнія чэмпіёны таксама выйгралі і ў “Астравец-2” – 6:1. А матч “Ашмяны” – “Астравец-1” скончыўся на карысць суседзяў 5:1.
Цікавая, напружаная і відовішчная гульня атрымалася паміж “Астравец-2” і “Ашмяны”. Ні адна, ні другая каманды не жадалі аддаваць перамогу. У выніку яны так і не вырашылі, хто з іх мацнейшы: матч скончыўся нічыёй 3:3. А фінальная футбольная дуэль паміж Іўем і Астраўцом-1 завяршылася бясспрэчнай перамогай астравецкай каманды 4:0.
Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі ад аддзела па фізкультуры, спорту і турызму і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія і з’яўляюцца сумеснымі арганізатарамі і спонсарамі турніру. А тройка прызёраў атрымала камандныя прызы і кубкі.


Марына МАЦКЕВІЧ.