Усе на лыжню!

17:15 / 03.02.2012
7648
2

Падобна, гэта ўжо стала традыцыяй і хутка стане народнай прыкметай: як толькі ў раёне збіраюцца праводзіць спаборніцтвы па лыжах, узмацняецца мароз. І пачынаецца заўзятая дуэль спартсменаў і надвор’я – яна працягваецца ўжо трэці год. Мароз дэманструе ўсё новыя капрызы: замарожвае паліва ў аўтамабілях, размалёўвае вокны шматлікімі ўзорамі, каб нічога не было бачна, падгаворвае тэрмометры не падымацца вышэй мінус дваццаці і напалохаць усіх. А да смельчакоў, якія ўсё ж рызыкнулі выйсці на вуліцу, усё шчыльней стараецца прабрацца праз цёплае адзенне і казыча-марозіць сваімі ледзянымі пальцамі. Толькі зноў нічога ў яго не атрымалася – у прызначаны час на стадыёне пачалі збірацца людзі. Да старту раённага спаборніцтва па лыжных гонках “Беларуская лыжня 2012” заставаліся лічаныя хвіліны…


Рыхтаваліся ўдзельнікі сур’ёзна і заўзята. Пакуль суддзі рэгістравалі прыбыўшых, тыя, хто прыехаў раней, ваўсю разміналіся і “разліноўвалі” пляцоўку для падрыхтоўкі. І вельмі хутка яшчэ нядаўна бялюткі і чысты ўчастак ператварыўся ў белы аркуш, спісаны дзясяткамі незразумелых лыжных іерогліфаў. Гэта і не дзіва, бо аматараў пракаціцца “з ветрыкам” на свежым паветры, якія не спалохаліся хітрыкаў-выбрыкаў марозу, сабралася нямала – прадстаўнікі дзесяці арганізацый прыйшлі на гарадскі стадыён, каб паўдзельнічаць у спаборніцтве: СВК “Вараняны”, “Гервяты”, “Міхалішкі”, МПМК-158, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела ўнутраных спраў, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Варонскай базавай школы, “Астравецрайгаза” і лясгаса.


Першымі асвойваць лыжню на трасе выйшлі жанчыны. Апошнія прыгатаванні, свісток суддзі – і невялікі феерверк лёгкіх сняжынак ад шматлікіх палак, якія адштурхнуліся з месца. Ззаду – старт, наперадзе – жаданы фініш. Паміж імі – адзін кіламетр дыстанцыі.


Літаральна праз хвіліну наперад вырываюцца спрытнейшыя – і паступова знікаюць на тэрыторыі лесапаркавай зоны. Суддзі стаяць напагатове, каб зафіксаваць час пераможцы і астатніх удзельніц, а балельшчыкі з нецярпеннем чакаюць – хто ж першы перасячэ фініш? І вось з-за дрэў паказваецца постаць будучай пераможцы. І як вы думаеце, хто гэта? Ну, канешне, чэмпіёнка абласных і раённых спаборніцтваў, спартсменка са стажам, астравецкая “маланка” Гелена Варановіч! Мяне заўсёды здзіўляла і ўражвала, як лёгка, грацыёзна, без асаблівых намаганняў яна рухаецца на лыжах – і абавязкова з усмешкай прыходзіць на фініш.


Дарэчы, спаборніцтва праходзіла ў трох узроставых катэгорыях: 18-35 гадоў, 35-50 і 50+. Жанчыны беглі ўсе разам. У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. У малодшай групе першай фінішавала Марына Дашкевіч з СВК “Варняны”, яе час – 6 хвілін 31 секунда. Усяго на дзевяць секунд ад яе адстала “сярэбраная” прызёрка Вольга Лукша з Вароны (6,40). На трэцім месцы – Анжаліка Твёрдая з вынікам 7,15 (СВК “Гервяты”).


У сярэдняй групе пераможцай стала Гелена Варановіч, якая, напэўна, вырашыла дапамагчы сястры і выступала за каманду МПМК-158. Дарэчы, яе час – 5 хвілін 45 секунд – найлепшы сярод усіх удзельніц. З абсалютным “сярэбраным” вынікам 6,19 – яна таксама абышла маладзейшых саперніц – фінішавала Наталля Івашка з ЦРБ. Трэцяе месца ў Эліны Гражуль-Гульбінскай (СВК “Міхалішкі”) – 7,55.


У апошняй катэгорыі 50+ удзельнічалі толькі дзве жанчыны. У выніку сястра Гелены Варановіч Леанарда Рыбак з МПМК-158 стала першай (8,27), а на другім месцы – Святлана Нікалаенка з раённай бальніцы (10,10).


Затым на лыжню выйшлі мужчыны. Малодшыя ўступілі месца старэйшым, і першымі адначасова стартавалі дзве ўзроставыя катэгорыі: 35-50 гадоў з дыстанцыяй два кіламетры, і 50+, якім трэба было прабегчы адзін кіламетр. Зноў – напружанне і хваляванне, здаецца, неймаверна доўгая лыжня і адна думка ў галаве: “Хутчэй! Хутчэй!” Лепш за ўсё ў першай групе з гэтай задачай справіўся Іван Рубель – удзельнік з МПМК-158, які пераадолеў два кіламетры за 10 хвілін 47 секунд. На другім месцы Іван Скаржынскі з СВК “Міхалішкі” (10,54). Толькі на адну секунду адстаў ад яго Пётр Анімуцкі (МПМК-158), які стаў “бронзавым” прызёрам.


Хутчэйшым, спрытнейшым і першым на дыстанцыі адзін кіламетр аказаўся Генадзь Драб з РАУС. Яго вынік – 4 хвіліны 55 секунд. На другім месцы – прадстаўнік МПМК-158 Юрый Мадэкша – 5,03. На трэцім – Міхаіл Шульгін з Гервят (5,17).


Група, дзе ўдзельнічалі мужчыны 18-35 гадоў, аказалася самай шматлікай, і таму яны беглі ў два забегі. І замахнуліся на дыстанцыю тры кіламетры. Сур’ёзнае выпрабаванне для сапраўдных мужчын, з якім яны справіліся, лічы, за пятнаццаць хвілін. Лепшым тут стаў прадстаўнік СВК “Міхалішкі” Віктар Мешкель, які пераадолеў дыстанцыю за 14 хвілін 3 секунды. Другім на фініш з вынікам 14,32 прыбег Артур Грэчанік (ЦРБ). Трэцяе месца заняў Аляксандр Качкан з Вароны (14,44).


У выніку ў агульнакамандным заліку сярод сельгаскааператываў на першым месцы аказалася СВК “Міхалішкі”, на другім – СВК “Гервяты”, трэцяе заняў СВК “Варняны”. Тройка лепшых арганізацый размясцілася наступным чынам: пераможцам стала каманда лыжнікаў з МПМК-158, на другім месцы – цэнтральная раённая бальніца, “бронзу” атрымалі міліцыянеры.


Пераможцы і прызёры спаборніцтва атрымалі граматы і падарункі ад аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Комментарии
0
Гость
А аочему в газете и на сайте не было никакой предварительной информации о том, что состоятся соревнования? Обидно даже...
Имя Цитировать 0
0
Гость
Нам таксама, Пан спартсмен. Пра спаборніцтвы мы даведаліся, можна сказаць, выпадкова. Тут усе прэтэнзіі -- да аддзела па фізкультуры і спорту. Але, трэба спадзявацца, гэта не апошнія спаборніцтвы ў гэтым годзе, і ў далейшым рэклама будзе на належным узроўні
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений