Каляды ў Швецыі. Частка другая

16:49 / 11.01.2012
Падарожнічала Ніна Рыбік

Частка першая (чытаць)



Ражаство па-шведску









Калі выязджалі са Стакгольма, надвор’е было, што называецца, “ці то дождж, ці то снег, ці то ёсць, ці то не” – словам, не каляднае. Недзе да сярэдзіны шляху стала відаць, што на календары ўсё ж зіма: ступень дагледжанасці прыкрытых снегам палеткаў візуальна ўжо не ацэніш. А Худзіксваль – вядома, поўнач! — сустрэў нас сапраўднымі гурбамі снегу і невялікім, градусаў пяць, але ўсё ж марозікам. Самае каляднае надвор’е!
Дом, каля якога спыняецца наша машына, стаіць на ціхай вулачцы, побач з лесам – ён пачынаецца літаральна за агароджай. Домік — традыцыйны шведскі: чырвоны з белым балкончыкам, налічнікамі, вушакамі… Хоць у гарадах, я заўважыла, пераступіўшыя правіла “не выдзяляцца” ўжо знаходзяцца: сустракаюцца жоўтыя і шэрыя дамы. “Гэта анархісты!” – не вельмі паважліва характарызуюць адступіўшых ад традыцый іх прыхільнікі.
Дом невялікі, драўляны, двухпавярховы – яго некалі пабудавала маці гаспадыні. Але вельмі зручны і ўтульны: тут ёсць усё, што трэба для камфортнага жыцця: два прасторныя спальныя пакоі, гасцёўня з камінам, прыгожая мансарда, дзе летам, напэўна, вельмі прыемна піць гарбату ці каву, а зараз тут стаіць прыбраная ёлка; два санвузлы – на кожным паверсе, гарачая і халодная вада, душ, кандыцыянер, сістэма ацяплення, што працуе ад электрычнасці – у доме камфортна і цёпла. У двары яшчэ адзін невялічкі, амаль што цацачны домік, але такі ж цёплы і ўтульны – для гасцей.
Дом святочна ўбраны (і гасцявы домік – таксама): ужо звыклыя калядныя зоркі на вокнах, сямісвечнік, вазоны, якія ў нас называюцца “калядная зорка”. І – свечкі, свечкі, свечкі… Яны сустракаюць нас яшчэ на вуліцы, на сцяжынцы, што вядзе да дома, а таксама на ганку… і нават у снежнай гурбе! Свечкі ў самых розных падсвечніках: шкляных, драўляных, металічных, керамічных; падвясных і настольных; строгіх, традыцыйных і арыгінальных; вялізныя і традыцыйныя “таблетачкі”... Дзеля цікавасці хацела палічыць, колькі адначасова ў доме гарыць свечак – і вельмі хутка адмовілася ад гэтай задумы. Яны паўсюль – нават у ванным пакоі. У маім я налічыла іх пяць…
А на другім паверсе ў невялікім холе стаіць амаль што наш традыцыйны беларускі калаўрот – крыху іншай, праўда, канструкцыі, але ж прызначэнне і прынцып работы – тыя ж. Вось у гэтым – у спалучэнні традыцый і неабходнага сучаснага камфорту, як я зразумела, і заключаецца стыль жыцця тыповай шведскай сям’і….
…Гертруд частуе нас з дарогі гарачым глінтвейнам і спецыяльнымі каляднымі пернікамі, якія крыху нагадваюць наша аўсянае пячэнне. Увогуле, як мне падалося, да Ражаства ў Швецыі выпускаюць усё спецыяльнае, каляднае, традыцыйнае, што ставіцца ў гэты дзень на стол з году ў год, з пакалення ў пакаленне: хлеб, піва, квас, пернікі…
– Вы пацікаўцеся там у шведаў, ці ёсць у іх там пост, вігілійная вячэра, – наказаў калега, даведаўшыся, што я планую сустракаць Ражаство ў шведскай сям’і. – Ці сядзяць яны за калядным сталом, як за жалобным: ні песень, ні музыкі, ні мясных страў…
Перш я пацікавілася аб гэтым у дачкі.
– Посту ў нашым разуменні, калі забаронена ўжыванне мясных страў, тут няма, — расказала Алёна. – Увогуле Швецыя – краіна пераважна пратэстанцкая, але я б сказала, што найперш – атэістычная. Адвэнт тут заключаецца ў тым, што ў кожным доме кожную нядзелю запальваюць па чатыры свечкі – гэта таксама даніна традыцыі. Тут увогуле вельмі вялікую сілу маюць менавіта традыцыі, а не рэлігія.
“От, надта яна ведае, так ужо паспела вывучыць тыя шведскія традыцыі…” – не асабліва паверыла я дачцэ. І з нецярплівасцю чакала Ражаства, каб усё на свае вочы разгледзець…
Увогуле святкаванне Ражаства там адбываецца фактычна 24-га снежня. На другі дзень той жа абсалютна стол і тыя ж “калядныя забавы” – агульныя сямейныя настольныя гульні, няспешныя размовы, прагулкі па горадзе і на бераг Балтыйскага мора (падазраю, што апошняе — спецыяльна для госці з Беларусі), яно тут побач.
Яшчэ 23-га з вечара добры Тамтэ – шведскі Дзед Мароз — кладзе пад ёлку падарункі для ўсіх членаў сям’і, прычым па два: адзін – невялікі, другі – асноўны (што ж, у багатай краіне і Дзед Мароз багацейшы). А раніцай 24-га, адразу пасля снедання, усе збіраюцца каля ёлкі і дастаюць па аднаму невялікаму падарунку – астатнія будуць ляжаць там да вечара (бедныя шведскія дзеці – ну як ім трываць такую пакуту цэлы дзень, калі і дарослых разбірае нецярпенне і цікаўнасць: што ж там?). Каб ніхто нічога не пераблытаў і не ўхапіў незнарок чужы падарунак, яны не толькі прыгожа ўпакаваны ў спецыяльную паперу, абвязаны стужачкамі і абклеены кветачкамі і сняжынкамі – да кожнага прымацавана спецыяльная паштоўка: каму і ад каго павінен даставіць пакунак Тамтэ.
…Вечарам сям’я і запрошаныя госці садзяцца на калядны стол. Спецыяльна для свайго калегі і іншых цікаўных падрабязна пералічваю, што на ім было: спецыяльны калядны хлеб – чорны, кшталту нашага “Радніковага”, у звычайныя дні ў Швецыі, як я зразумела, аддаюць перавагу беламу, які чамусьці заўсёды застаецца свежым і мяккім. Калядныя пернікі, пра якія я ўжо гаварыла. Селядцы – ажно ў трох соусах. Вараная бульба – яна абавязкова павінна быць на святочным стале, як і спецыяльны салат з чырвоных буракоў, які падаюць, здаецца, толькі на каляды. Катлеткі, пра якія я ўжо расказвала. Спецыяльная калядная вяндліна. Спецыяльная калядная цяляціна... Здаецца, нічога не забылася. Як бачыце, ніякага намёку на пост! І ніякіх нашых абавязковых дванаццаці страў, трох “гарачых”… Прычым не толькі ў гэтай сям’і – такі стол у гэты вечар, як я зразумела, накрываецца ва ўсіх шведскіх дамах: адданасць традыцыям для шведаў – святое.
Уяўляю, як некаторыя нашы мужчыны прапанавалі жонкам: “А можа, у наступны раз і мы накрыем стол па-шведску?.. А то вечна: ніякага мяса!” Наступная інфармацыя спецыяльна для іх: з напояў на стале – толькі спецыяльны калядны квас і такое ж спецыяльнае каляднае піва. Ну як, будзем укараняць новыя традыцыі?



У 15 гадзін па цэнтральным канале шведскага тэлебачання пачынаецца «Дональд дак»: гадзінная «нарэзка» з папулярных мультфільмаў Уолта Дыснэя. Як мне патлумачылі, для шведаў гэта – святое, прыкладна тое ж, як для нашых людзей на Ражаство схадзіць у касцёл ці царкву: уся краіна, і старыя, і малыя, у гэты час кожны год усаджваецца ля тэлевізара і глядзіць адны і тыя ж мульцікі пра Беласнежку, Папялушку, Вінні Пуха і іншых. Іх ведаюць на памяць, можа, нават больш, чым нашы людзі славутую «Іронію лёсу...». Але ўсе глядзяць, не адрываючыся, смяюцца і спачуваюць мульцяшным героям. Таксама традыцыя.
Пазней, калі з-пад ёлкі дастаны, распакаваны і ацэнены захопленымі ахамі і падзякамі ўсе падарункі, і кампанія перацякае ў гасцёўню, да каміна, на стале разам з фруктамі і цукеркамі з’яўляецца віно. Толькі не варта чакаць, што вас па беларускай традыцыі будуць запрашаць выпіць да дна з дапамогай доўгіх пранікнёных тостаў і элементарнага прымусу – бо як жа без яго, госць жа можа дахаты цвярозы пайсці, а гэта проста непрыстойна… Тут кожны, каму хочацца віна, падыходзіць, налівае сабе, колькі лічыць патрэбным, і п’е, расцягваючы асалоду. А тост там адзін: “Сколь!” – ну прыкладна тое ж, што наша “Будзьма!” ці “Будзь здароў!”. Праўда, нашы шведскія сябры вельмі хутка асвоілі і беларускае “На здароўе!”. А таксама словы “Да” і “Не”. А я – “Так”, што па-шведску азначае “дзякуй”. Так што адзін аднаго мы ў асноўным разумелі, а ў астатніх выпадках падключалася Алёна.
…А потым мы пайшлі запускаць… Не, не феерверкі, а свае персанальныя калядныя зоркі – спецыяльныя свечкі, ад полымя якіх напаўняецца гарачым паветрам папяровы пакет і ўздымаецца высока ў неба. Вядома, пры гэтым трэба захоўваць асаблівыя правілы перасцярогі: рабіць гэта падалей ад дрэў і будынкаў, у бязветранае надвор’е. Якое, на наша шчасце, у той вечар у Худзіксвале было, як па заказу. І мая персанальная зорачка ўзнялася высока-высока, ажно пад самы нос Вялікай Мядзведзіцы, і панесла туды, бліжэй да Бога, маё запаветнае жаданне…
Сустрэча са старым знаёмым








– Што б ты хацела паглядзець у Стакгольме? – пацікавілася Алёна, калі мы вярнуліся ў сталіцу.
Цікавае пытанне! Для таго, каб нешта хацець, трэба перш ведаць, што можна захацець…

Хоць што гэта я? У мяне ж ад першага наведвання Швецыі тут застаўся стары знаёмы – жалезны дзядзька ў берэце, плашчы і чорных акулярах, які стаіць дзень і ноч з газеткай на Жалезнай плошчы старога горада – мне так хацелася думаць, што гэта мой калега журналіст ці, у крайнім выпадку, наш чытач. А яшчэ ў той свой прыезд мы шукалі, блукаючы па вузенькіх вулачках, у адным з двароў самы маленькі, 15-сантыметровы помнік хлопчыку, які глядзіць на Месяц, своеасаблівы сімвал Стакгольма — ды так і не знайшлі. І ўвогуле – цікава, ці пазнаю я зараз хоць што-небудзь у Стакгольме – асабліва з улікам таго, што з моманту нашага спаткання прайшло больш чым дзесяць гадоў, у той прыезд мы былі ў сталіцы толькі некалькі гадзін і я ўспрымала гэты горад і краіну як нейкую казку, у якую невядомы чараўнік дазволіў зазірнуць, пахадзіць па яе вуліцах, пазнаёміцца з героямі – але якую я неўзабаве пакіну, каб ніколі сюды больш не вярнуцца… Але, як аказалася, ніколі не гавары “ніколі”.
Ну што ж, едзем у гістарычны, культурны і турыстычны цэнтр Стакгольма, які сваімі вузенькімі брукаванымі вулачкамі, цеснымі дворыкамі, заціснутымі паміж мурамі каменных гмахаў, старым брукам нагадвае старую Вільню, а мноствам мастоў і вады – Пецярбург. Можа, у каго ўзнікаюць нейкія іншыя асацыяцыі і параўнанні, але ў мяне – менавіта такія.
А вось каралеўскім палацам горад нагадвае толькі сябе самога! Калі выйшлі на плошчу перад палацам, я адразу пазнала свайго старога знаёмага – Стакгольм. Тут трэба павярнуць, каб зайсці ва ўнутраны дворык каралеўскага палаца, вунь адтуль мы выходзілі на набярэжную, вось гэта — тыя самыя рознакаляровыя дамы, якія так любяць тыражыраваць на сувенірных паштоўках і магніціках.,
Як і дзесяць гадоў назад, вакол палаца натоўпамі ходзяць цікаўныя турысты – чуецца мова ўсіх краін і народаў, і руская – зусім не рэдкасць. Ля ўваходу ў палац вартавы – не той, безумоўна, што дзесяць гадоў назад, але амаль такі ж. Ён гэтак жа стаіць тут — хай мне прабачыць той невядомы малады чалавек у белых пальчатках і з ружжом на плячы – як малпачка на пляжы ў Крыме: кожны жадаючы падыходзіць да яго з адзінай мэтай – сфатагфавацца. Мне здаецца, дзеля гэтага ён тут і пастаўлены, бо ўявіць, што гэты амаль дэкаратыўны хлопчык з такой жа, падобна, дэкаратыўнай зброяй з’яўляецца рэальнай аховай каралеўскай сям’і, даволі цяжка. Грэшная, каюся: і я не ўтрымалася ад агульнага турыстычнага памяшальніцтва і спакусы – бо ў адрозненне ад Крыма, з вартавым шведскай манархіі сфатаграфавацца можна абсалютна бясплатна. Ды, падобна, нават “Так сюмі” (“Вялікі дзякуй”) яму сказалі за гэтую паслугу толькі мы – сімпатычны нашчадак вікінгаў усміхнуўся і ледзь прыкметна кіўнуў галавой у адказ.
...Мой стары знаёмы жалезны дзядзька ў чорных акулярах за час нашага расстання, у адрозненне ад мяне, ніколькі не змяніўся – толькі, здаецца, стаў карыстацца яшчэ большай папулярнасцю: каля яго ўвесь час стаяць жадаючыя сфатаграфавацца. Аднак, прыгледзеўшыся, я з расчараваннем разгледзела, што ён трымае ў руках зусім не газету, а ноты. Выходзіць, ніякі ён не журналіст і нават не чытач?! Эх-х, і вечна гэтыя мужчыны, нават жалезныя, падманваюць нашы спадзяванні…
А хлопчыка – таго, што глядзіць на Месяц – мы на гэты раз знайшлі! У зусім непрыкметным цесным дворыку ў цэнтры горада, куды выходзяць дзверы жылых кватэр – ніколі не мала зразумець, як у такіх гістарычных цэнтрах людзі могуць проста жыць: піць малако, глядзець тэлевізар, лаяцца з падвыпіўшым мужам… Аказваецца, могуць – і рамантычны хлопчык таму не перашкода…
На вузенькіх вулачках – утраіх побач не прайсці, а машыны неяк праціскваюцца — шматлікія сувенірныя лаўкі, месца паломніцтва ўсіх турыстаў. І я таксама не магла прайсці міма іх раўнадушна: падумаеш, цэны — павінна ж я нешта прывезці сябрам і знаёмым са Швецыі! Дачка мяне адтуль выцягвала ледзь не сілай: “Ну не можа звычайны магніцік каштаваць 5 еўра, а кубак – 20, гэта ўсё разлічана на такіх турыстаў, як ты, пайшлі, мы знойдзем усё гэта дзешавей”. Алёна мела рацыю: урэшце мы знайшлі тое, што хацелі – для майго задавальнення і яе заспакоенасці.
Былі, вядома, на нашым шляху, і іншыя “турыстычныя аб’екты” і крамы, пра якія, лічу, расказваць нецікава: сёння тым, што на паліцах ёсць усё-усё і многа-многа, нікога не здзівіш, а кошт – паняцце адноснае, каб ацаніць яго, трэба ведаць не толькі ўзровень заработнай платы ў краіне, але і шматлікія іншыя паказчыкі ўзроўню жыцця – гэта ўжо, што называецца, зусім іншая размова, тэма хутчэй эканамічнага аналізу, а не турыстычных уражанняў.
Былі на працягу гэтага каляднага тыдня ў Швецыі і іншыя сустрэчы, знаёмствы і ўражанні, і проста прыемны і карысны адпачынак – але ці варта аб усім расказваць? Ды і немагчыма гэта…
Таму – бывай, Швецыя і Стакгольм!
Ці, спадзяюся, усё ж – да пабачэння?..