Бліскучыя баі астравецкіх баксёраў

15:37 / 11.01.2012

Напярэдадні навагодніх святаў прайшло некалькі спаборніцтваў па боксе, удзел у якіх прынялі і нашы юныя аматары скураных пальчатак – у выніку астравецкая скарбонка ўзнагарод значна папоўнілася.


Паспяхова для астраўчан закончыўся VII рэспубліканскі юнацкі турнір па боксе “Алімпійскія надзеі”, які штогод прымае горад Узда. Выхаванцы нашых трэнераў Аляксея Маргужа і Яўгена Іваніцкага заваявалі пяць медалёў.
Шасцёра нашых рабят з ДзЮСШ прадстаўлялі Астравеччыну на спаборніцтвах і прадэманстравалі дастойныя і відовішчныя баі.
У вагавой катэгорыі да 42 кілаграмаў перамогу святкаваў пачынаючы, але вельмі перспектыўны баксёр, 11-гадовы Аляксандр Філіповіч. “Сярэбраным” прызёрам стаў Яўгеній Красоўскі, які правёў два напружаныя баі. Дастойна выступіў Арцём Рагавенка – ён стаў чацвёртым.
Напружаны і ўпарты бой правёў 12-гадовы Аляксандр Грынчук, які выступаў у вагавой катэгорыі да 36 кілаграмаў і ў выніку заняў трэцяе месца.
У вагавой катэгорыі да 32 кілаграмаў пераможцам стаў Аляксандр Міхайлаў, выхаванец маладога трэнера Яўгена Іваніцкага. “Золата” турніру ў той жа вагавой катэгорыі сярод юнакоў 1998-1999 года нараджэння здабыў 12-гадовы Мікіта Ромаш.


З 22 па 23 снежня ў Брэсце праходзіў рэспубліканскі навагодні юнацкі турнір па боксе. Удзел у ім прымалі юнакі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы.
Свае сілы на спаборніцтвах спрабавалі пяць юных спартсменаў Астравеччыны. Выдатна глядзеўся на рынгу Аляксандр Філіповіч, які аказаўся мацнейшым за сапернікаў у вагавой катэгорыі да 40 кілаграмаў і ў выніку пасля трох пераможных баёў прынёс нашаму раёну “золата”. У вагавой катэгорыі да 42 кілаграмаў другое месца заняў Арцём Рагавенка, які таксама паказаў выдатную тэхніку вядзення бою. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняўся Аляксандр Дубіцкі (вагавая катэгорыя да 40 кілаграмаў). Трэнеры ўскладвалі вялікія надзеі на Аляксандра Міхайлава і Мікіту Уласенку, але, на жаль, на гэты раз фартуна не ўсміхнулася хлопчыкам.

Першынство Гродзенскай вобласці па боксе сярод юнакоў 1996-1997 гадоў нараджэння праходзіла з 28 па 30 снежня . І тут зноў высокі клас паказалі астравецкія спартсмены: чатыры ўдзельнікі спаборніцтваў – і чатыры прызавыя месцы.
Вагавую катэгорыю да 52 кілаграмаў прадстаўляў Дзмітрый Юцкевіч, які мае I дарослы разрад. Ён правёў выдатны бой і заняў першае месца. Яго пачын падтрымалі кандыдат у майстры спорту Дзмітрый Лабецкі (вагавая катэгорыя да 56 кілаграмаў) і Аляксей Кандратовіч (да 69 кілаграмаў), які пасля двухгадовага перапынку зноў вярнуўся ў бокс, – юнакі бліскуча баксіравалі і пакінулі рынг з залатымі медалямі. Трэцяе месца ў нашу скарбонку перамог прынёс Дзмітрый Касцючэнка (I юнацкі разрад).
Віншуем рабят і іх трэнераў з выдатнымі вынікамі і жадаем дасягнення новых вяршынь.

Вольга ШОЎКУН.