Дабрачынны турнір па міні-футболе сабраў больш за 700 тысяч рублёў

08:35 / 30.12.2011
8698

Правесці Каляды не дома на канапе, а на свежым паветры, згуляць у любімую гульню, сустрэцца з таварышамі-сапернікамі з суседняга раёна і разам з тым падараваць камусьці часцінку радасці – усё гэта можна было зрабіць падчас дабрачыннага Каляднага турніру па міні-футболе, які прайшоў на гарадскім стадыёне Астраўца.


Паўдзельнічаць у спаборніцтве прыехалі дзве каманды з Ашмян – “Ветэраны” і зборная Беларускага Чырвонага Крыжа, якая так і называлася – “БЧК”. Іх сапернікам стала астравецкая каманда валанцёраў “Прамень”.
Гульні праходзілі па кругавой сістэме. У першым матчы “Ветэраны” выйгралі ў “БЧК” 9:2. Сустрэча “Прамень” – “БЧК” скончылася ўнічыю 3:3. А вось у апошнім матчы паміж ашмянскімі “Ветэранамі” і астравецкім “Праменем” ішла ўпорная барацьба, якая ў выніку скончылася на карысць сапернікаў 6:5.
Такім чынам, “Ветэраны” занялі першае месца, “Прамень” – другое, а “БЧК” сталі трэцімі. Усе каманды атрымалі дыпломы, а пераможцы – падарунак. Акрамя гэтага лепшыя ў намінацыях “Лепшы ігрок”, “Лепшы варатар” і “Лепшы абаронца” былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.



Аднак не футбол стаў галоўнай падзеяй турніру, а дабрачынная акцыя “Спартсмены – дзецям”, якую сумесна праводзілі аддзел па фізкультуры, спорту і турызму і Чырвоны Крыж і падчас якой кожны з прысутных – ігрок ці проста балельшчык, змог паўдзельнічаць у агульнай добрай справе і ахвяраваць пэўную суму грошай. Жадаючых аказалася нямала – і ў выніку было сабрана 704 тысячы рублёў. На гэтыя грошы былі куплены навагоднія падарункі для дзяцей, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений