Фестываль адзінаборстваў прайшоў у Гродна

15:27 / 27.12.2011

Адправіліся туды іншых паглядзець, а таксама і свае здольнасці паказаць астравецкія юныя каратысты разам з трэнерам Дзмітрыем Куцько.


Спаборніцтвы праходзілі ў Лядовым палацы. Тут размяшчаліся тры пляцоўкі, на якіх адначасова праходзілі розныя паказальныя выступленні спартсменаў. Напрыклад, пасярэдзіне быў рынг, дзе “высвятлялі адносіны” прыхільнікі бокса і тайскага бокса. З аднаго боку свае ўменні і прыёмы дэманстравалі барцы вольнай і грэка-рымскай барацьбы. А з іншага – праходзілі паядынкі па тэквандо, дзюдо, самба і каратэ татамі. Такім чынам, можна было назіраць за тым відам спорту, які найбольш падабаецца, або атрымаць задавальненне адразу ад усяго.
–Я сам быў упершыню на спаборніцтве такога маштабу, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Дзмітрый Куцько. –Безумоўна, там было на што паглядзець. У сукупнасці гэта глядзелася насычана, цікава і відовішчна. Думаю, кожны атрымаў вялікае задавальненне ад убачанага.
Дарэчы, Дзмітрый Куцько з’яўляўся не толькі гледачом, але і непасрэдным удзельнікам фестывалю. Там праходзіў чэмпіянат рэспублікі па каратэ ў абсалютнай вагавой катэгорыі сярод дарослых. Астраўчанін правёў два баі. У першым ён перамог саперніка з Гомеля, а ў чвэрць фінале, на жаль, уступіў мінчаніну.
А вось ужо на другі дзень фестывалю сваё майстэрства духу ў адкрытым чэмпіянаце рэспублікі па каратэ дэманстравалі дзеці. Гэта было спаборніцтва высокага ўзроўню, куды акрамя каратыстаў з усёй Беларусі прыехалі таксама спартсмены з Масквы і Калінінграда. З Астравецкага раёна разам са сваім трэнерам Д. Куцько на фестываль прыехалі і пяць яго выхаванцаў. Трынаццацігадовы Сяргей Кандратовіч па жараб’ёўцы трапіў на вельмі вопытнага каратыста з Масквы. Іх бой працягваўся прыкладна дзве хвіліны і наш Сяргей трымаўся да апошняга, але ў выніку ўсё ж такі ўступіў. Не лішнім будзе адзначыць, што ў фінальным паядынку гэтаму самаму масквічу спатрэбілася ўсяго толькі 15 секунд, каб выйграць бой. Таму, як адзначыў трэнер, Сяргей Кандратовіч выступіў на добрым узроўні.
Філіп Масальскі правёў нармальны бой, але прайграў. Яшчэ ў спаборніцтве ўдзельнічалі Дзіма Патаповіч, Лёша Пагада і Лёша Рогач, аднак таксама безвынікова.
–Канешне, былі і здзіўленне, і расчараванне, і крыўда, – пракаменціраваў выступленні рабят трэнер. –Проста мы ўпершыню вярнуліся без прызавых месцаў. Аднак гэта таксама вопыт. Напрыклад, я ўбачыў некаторыя новыя варыянты тэхнікі вядзення бою. Словам, ёсць над чым працаваць.


Марына МАЦКЕВІЧ.