Вясеннія перамогі астравецкіх спартсменаў

15:18 / 15.03.2011

Напачатку сакавіка прайшлі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, у якіх прынялі ўдзел і выхаванцы Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.


З 3 да 4 сакавіка ў Слоніме прайшло першынство Гродзенскай вобласці па лёгкаатлетычных скачках сярод школьнікаў 1997-98 гадоў нараджэння. Астравеччыну прадстаўлялі пяць удзельнікаў. Арцём Асадчук і Таццяна Ляшнеўская выступалі ў трайных скачках і скачках у даўжыню. Ксенія Рабкоўская і Аляксандр Букель дэманстравалі свае магчымасці ў скачках у даўжыню і вышыню. Усе яны паказалі нядрэнныя вынікі, якіх аднак не хапіла для перамогі. Пашанцавала толькі  Максіму Андралойцю. У скачках у даўжыню ён “скокнуў” на другое месца сярод 28 удзельнікаў. А вось у трайным скачку з месца Максіму не было роўных – ён стаў пераможцам. У выніку каманда Астравецкага раёна заняла чацвёртае месца.
А 5-6 сакавіка адбыўся міжнародны юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы. Тут Анастасія Рароўская ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 3 кіламетры заняла трэцяе месца. Аляксей Скварцоў у бегу на дыстанцыі 400 метраў таксама стаў бронзавым прызёрам, а на дыстанцыі 800 метраў ён аказаўся чацвёртым.
І яшчэ адно спаборніцтва – адкрытае першынство па лёгкай атлетыцы, прайшло 11-12 сакавіка ў Маладзечне. Сярод прызёраў тут таксама адзначыліся нашы юныя спартсмены. Андрэй Васілеўскі стаў трэцім у трайным скачку, Максім Андралойць заняў другое месца ў скачках у вышыню, а Віка Пятровіч заваявала “серабро” ў бегу на дыстанцыі 400 метраў.


Марына МАЦКЕВІЧ.