Астраўчане прынялі ўдзел у спаборніцтве па лыжным спорце

14:48 / 11.02.2011

У пачатку лютага на працягу двух дзён у Лідзе прайшло абласное спаборніцтва па лыжным спорце сярод сельскіх жыхароў.


Сярод 16 каманд, якія сабраліся на спаборніцтва, была і астравецкая зборная. Выступалі ўдзельнікі па дзвюх узроставых катэгорыях – юнацкая група 1994-96 гадоў нараджэння і старэйшыя за 18 гадоў.
У першы дзень была індывідуальная гонка. Дзяўчаты беглі 1,2 кіламетра, а мужчыны – 2,5 кіламетра. І нашы спартсмены паказалі нядрэнныя вынікі. Напрыклад, удзельнікі юнацкай групы Ганна Калтан і Ігар Канчанін са Страчы ўвайшлі ў 20 мацнейшых з 64 удзельнікаў. Уладзімір Салавей – дарэчы, таксама з вёскі Страча – які выступаў у старэйшай групе,  прыйшоў на фініш чацвёртым. А Нэля Сідарук і Гэлена Варановіч з Астраўца занялі сёмае і чацвёртае месцы адпаведна. У выніку пасля першага дня астравецкая каманда займала шостае месца, саступаючы толькі адзін бал калегам са Шчучына і на такую ж колькасць ачкоў  апярэджваючы каманду з Карэлічаў.
Другі дзень спаборніцтва пачаўся і завяршыўся эстафетай. У выніку астраўчане паказалі наступныя вынікі: дзяўчаты – 8 месца, юнакі – 11, жанчыны – 6 і мужчыны – 9 месца.
Такім чынам, у агульным заліку каманда лыжнікаў Астравецкага раёна заняла шостае месца з шаснаццаці каманд. Нядрэнны вынік і добрыя перспектывы на іншыя спаборніцтвы.


Марына МАЦКЕВІЧ.