Вынікі раённых спаборніцтваў "Беларуская лыжня-2011"

15:11 / 01.02.2011
10639

У суботу ў прыгожым месцы, сярод тонкастволых бяроз, прайшлі раённыя спаборніцтвы “Беларуская лыжня-2011”, арганізатарам якіх выступіў аддзел па фізічнай культуры, спорту і турызму.


Пазмагацца за перамогу, добра адпачыць на свежым паветры,  паправіць здароўе і “пахварэць за сваіх” на спартыўную базу, што размясцілася паміж Малямі і Гурамі, сабралася каля сотні спартсменаў з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела адукацыі, кардоннай фабрыкі “Альхоўка, лясгаса, СВК “Гудагай”, “Міхалішкі”, “Гервяты”, саўгаса “Падольскі”, Гудагайскай і Дайлідскай школ, Кямелішкаўскага і Рытаньскага НПК, СШ №1 і гімназіі №1.
З прывітальным словам да юных і ўжо вопытных аматараў здаровага ладу жыцця  звярнуўся  начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэін, ён пажадаў лёгкай трасы ў  цудоўны зімовы дзень і аддаў каманду падняць сцяг. Гэтая ганаровая місія была даверана чэмпіёнцы вобласці Гелене Варановіч. А галоўным суддзёй спаборніцтваў быў прызначаны дырэктар ФСК Леанід  Станіслававіч Даўляш.


І спаборніцтвы пачаліся. Тры дыстанцыі і дзесяць узроставых катэгорый… На вуліцы мароз, але гэта ніяк не псавала настрой ні ўдзельнікам, ні балельшчыкам. Усе яны па чарзе заступалі на старт і з лёгкасцю, прынамсі,  так здавалася, прабягалі кіламетр, два, тры. Аж зайздрасць брала. А пакуль дзяўчаты беглі, мужчыны разаграваліся, потым яны памяняліся месцамі. Важнае месца займалі  і балельшчыкі – яны не толькі фатаграфавалі ўдзельнікаў са сваіх каманд, але  і горача падтрымлівалі іх крыкамі. І толькі  на фінішы ўсё становілася зразумелым – нават тыя, хто гаварыў, што прыехаў проста паўдзельнічаць, хацеў перамагчы.
А калі холад прабіраў да касцей, на дапамогу прыходзіла палатка выязнога гандлю, прадстаўленая Астравецкім райспажыўтаварыствам. Там можна было набыць піражкі, гарачы чай ці каву, хаця ў дзяцей найбольшым попытам усё ж карысталіся чыпсы і салодкія прысмакі.
І вось дыстанцыі пройдзены, надышоў самы хвалюючы момант – вызначэнне пераможцаў і прызёраў у кожнай узроставай групе, падпісанне грамат і ўзнагароджванне пераможцаў. Усім гэтым і заняўся галоўны суддзя спаборніцтваў.
А пакуль ён займаўся падлікамі, мы паразмаўлялі з удзельнікамі.
– Звычайна я прыходзіў на фініш другім, – гаворыць Вадзім Лебядзевіч. – Сёлета стаў першым. Мінулыя гады першую прыступку заўсёды займаў Валерый Пясляк, які заўчасна пайшоў жыцця. І я яшчэ да старту для сябе вызначыў, што сваю перамогу прысвячу яго памяці.
– Мне падабаецца ўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах, – усміхаецца Гелена Варановіч, якая працуе ў Белдзяржстраху, але выступае за каманду лясгаса. А на маё пытанне: «Чаму за каманду лясгаса?» адказвае: «выступаць у камандным заліку нашмат цікавей, чым ісці ў асабістым заліку».
На спаборніцтвах быў і самы маленькі аматар здаровага ладу жыцця – пяцігадовы Коля Барысевіч, які на лыжню разам з бацькамі прыязджае кожны год. Вось і сёлета яшчэ да пачатку старта ён прайшоў на лыжах метраў трыста і ні трохі не змарыўся. А падчас забегу перажываў за маму.
Але вось вынікі падведзены, граматы падпісаны і суддзя аб’яўляе пастраенне і ўзнагароджвае пераможцаў і прызёраў.
Дзяўчаты-школьніцы 1997-1998 гадоў нараджэння беглі адзін кіламетр. Лепшы вынік тут атрымаўся ў школьніцы з Дайлідак Аліны Саўко – яна прайшла дыстанцыю ўсяго за 4 мінуты 50 секунд. На другім месцы Дар’я Крывіцкая з СШ №1, на трэцім – Таццяна Захарэвіч з гімназіі №1.
Сярод дзяўчат 1994-1996 гадоў нараджэння, якія  спаборнічалі на дыстацыі ў два кіламетры, лепшай стала Марыя Мураўская з Дайлідскай школы, на другую прыступку паднялася  Святлана Крывіцкая з Рытаньскага НПК, на трэцім месцы – Вераніка Дашына з Кямелішкаўскага НПК.
Жанчыны ўсіх узроставых катэгорый пераадольвалі дыстанцыю ў адзін кіламетр. Сярод удзельніц  да 35 гадоў пераможцамі сталі Ганна Восарава, якая хаця і працуе ў РУП ЖКГ, выступала за каманду лясгаса, Юлія Ермашэвіч, настаўніца Гудагайскай школы, якая выступала за каманду аддзела адукацыі, і Рэгіна Лукойць з кардоннай фабрыкі “Альхоўка”, яны занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.
Сярод аматараў спорту  старэй за 35 гадоў, роўных не было Гелене Варановіч, спартсменцы з  каманды лясгаса. Яна пераадолела дыстанцыю за 4.53. На другім месцы была настаўніца Гудагайскай школы Нэлла Сідарук з ПМС.
У старэйшай узроставай катэгорыі заяўку на ўдзел падала толькі адна жанчына. Яна і стала пераможцай – і гэта Ганна Перка з РУП “Саўгас “Падольскі”.
Перад юнакамі і мужчынамі задача была больш складаная – яны спаборнічалі ў гонцы на два і тры кіламетры. Малодшыя хлопцы 1997-1998 гадоў нараджэння беглі два кіламетры. Перамогу тут святкаваў Вадзім Вайдак, вучань Гудагайскай школы, на другім месцы – Яўгеній Масойць з Рытаньскага НПК, на трэцім – Арцём Мураўскі з Дайлідскай школы.
Старэйшыя юнакі-школьнікі змагаліся ў гонцы на тры кіламетры. Тут лепшымі сталі  Віталій Шанчук, вучань Міхалішкаўскай школы, Арцём Бодак з Гудагайскай школы і Руслан Герасім з Дайлідскай, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.
Сярод мужчын да 35 гадоў роўных не было Вадзіму Лебядзевічу, які выступаў за каманду лясгаса, на другім месцы – Артур Грачанік з Рымдзюнскай школы, на трэцім – Павел Місюра, настаўнік з Гудагая, абодва выступалі за каманду аддзела адукацыі.
Мужчыны старэй за 35 гадоў беглі два кіламетры. Тут на п’едэстал падняліся Уладзімір Салавей з каманды лясгаса, які заняў першае месца, Іван Скаржынскі і Мікалай Трафімчык, якія выступалі за СВК “Міхалішкі”, заваявалі другое і трэцяе месцы адпаведна.
Ва ўзроставай катэгорыі пасля 51 года былі толькі два ўдзельнікі – Уладзімір Клусевіч, з каманды СВК “Гудагай” і Уладзімір Якубоўскі з саўгаса “Падольскі”. Перамогу тут святкаваў Уладзімір Клусевіч.
Увогуле падчас спаборніцтваў было ўсялякага – спартсмены падалі, палкі ламаліся, адны прыходзілі на фініш на адной лыжы, другую неслі ў руках, іншыя – сыходзілі з дыстанцыі. А некаторыя працягвалі змагацца нягледзячы на падзенні і надзвычайныя сітуацыі. Адзін мужчына ўвогуле бег на розных лыжах, але не апусціў рукі і годна справіўся са сваёй задачай, і дайшоў да фініша. Пераможцы і прызёры атрымалі граматы і памятныя падарункі.
У камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца ў Астравецкага лясгаса,  чатыры ўдзельнікі з каманды якога занялі чатыры першыя месцы, другое – заваявала каманда аддзела адукацыі, на трэцім – спартсмены з СВК “Міхалішкі”. За імі ідуць каманды з раённай бальніцы, саўгаса “Падольскі”, СВК “Гервяты”, кардоннай фабрыкі “Альхоўка” і ПМС.
Сярод дзіцячых каманд на першую прыступку паднялася каманда Дайлідскай школы, на другой – спартсмены з Рытаньскага НПК, на трэцяй – школьнікі з Міхалішак.
Беларуская лыжня стала першым масавым спартыўным мерапрыемствам сёлетняга года, якое, хочацца верыць, дасць старт шэрагу іншых цікавых, карысных для здароўя  спартыўных мерапрыемстваў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений