Аматары скураных пальчатак у чарговы раз праславілі Астравеччыну

16:31 / 03.12.2010
2
Золата сербскае...

23-27 лістапада ў Сербіі праходзіў турнір катэгорыі А на ўзроўні нацыянальных зборных. Тут майстар-клас паказвалі сапраўдныя прафесіяналы. У вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў выступаў майстар спорту Сяргей Лобан. У першым жа баі ён сустракаўся з вельмі сур’ёзным сапернікам – чэмпіёнам Расіі, сярэбраным прызёрам Еўропы. На працягу двух раундаў ішоў роўны бой, а ўжо ў трэцім у розніцай у два ачкі Сяргей прайграў паядынак.


Аднак за земляка поўнасцю “разлічыўся” майстар спорту міжнароднага класа Віталь Бандарэнка (вагавая катэгорыя да 75 кілаграмаў), які проста бліскуча правёў усе баі. У першым паядынку ён сустракаўся з алжырцам і без асаблівых праблем выйграў. Наступным на рынг выйшаў даўні сапернік Віталя з Расіі Чабатароў. На гэты раз да расіяніна таксама не было літасці – і з лікам 6:4 астраўчанін перамог. А ў фінале ў першым жа раўндзе на другой хвіліне Віталь “выбіў” з гульні мараканца – і суддзям нічога не заставалася, як спыніць бой і падняць уверх руку пераможцы. Такім чынам, шматлікую скарбонку ўзнагарод Віталя Бандарэнкі дапоўніла яшчэ і золата з Сербіі. Віншуем!



...і гродзенскае

А з 26 па 27 лістапада ў Гродна праходзіла адкрытае першынство горада. Па ўсіх узроставых катэгорыях прыехалі юныя баксёры з абласнога цэнтра, Скідзеля, Ліды, Карэліч, Слоніма, Астраўца – усяго 110 удзельнікаў. Таму графік выступленняў быў напружаным – у дзень на рынг выходзілі па 33 пары. Але ад гэтага баі былі яшчэ больш відовішчнымі і цікавымі.


Паспрабаваць свае сілы на рынгу прыехалі і пятнаццаць юных выхаванцаў А.З. Маргужа – адносныя навічкі, якія толькі пачынаюць выступаць на падобных спаборніцтвах. Як расказаў іх трэнер, усе яны правялі прыгожыя, годныя баі, але хтосьці баксіраваў адразу ўпэўнена і дакладна, а нехта хваляваўся, не змог справіцца з эмоцыямі і спачатку даў фору праціўнікам. Аднак у выніку рабяты вярталіся дадому пераможцамі – хто не заняў першае месца, той стаў другім.


Марына МАЦКЕВІЧ.