Берлін – зручны, свабодны, непрадказальны

16:49 / 15.07.2010
10519








У тым, што думка матэрыяльная і нашы жаданні маюць уласцівасць спаўняцца – праўда, часам не зусім так, як нам хацелася б – я ў чарговы раз пераканалася гэтым летам. Заўсёды марыла падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі і людзьмі, назапашваць уражанні. Па меры магчымасці ажыццяўляла гэтыя жаданні… А гэтым летам мая мара збываецца, здаецца, у найвышэйшай ступені: так складваецца, што, пачынаючы з мая месяца, рэдкія выхадныя бываю дома. І паездкі – адна цікавейшая за другую: і па блізкіх мясцінах, і больш далёкіх, вандроўкі па роднай Беларусі і па блізкаму і больш далёкаму замежжу. Што ўжо казаць пра доўгачаканы і загадзя спланаваны адпачынак – прабачце, родныя, сябры і знаёмыя, што дома з’яўляюся толькі ў перапынку паміж вандроўкамі…
Амаль заўсёды гэтымі ўражаннямі хочацца падзяліцца з чытачамі. Але часта стрымліваю сябе: ці ўсім гэта цікава? Тым больш, што наша газета, здаецца, усё больш нагадвае філіял “Непуцёвых нататкаў” з Дзмітрыем Крыловым, што паказваюць кожную нядзелю на канале АНТ. Але, можа, гэта і нядрэнна – як вы лічыце, чытачы?
І ўсё ж ад спакусы падзяліцца ўражаннямі ад самай далёкай – і не толькі сёлетняй — сваёй вандроўкі я не ўтрымалася. Хоць і разумею, што ў многіх гэтая “далячынь” можа выклікаць усмешку: знайшла чым здзівіць, падумаеш — Германія! Не Амерыка ж і нават не Венесуэла… Ну але ж не ва ўсіх, праўда? Спадзяюся, што адкрыцці, што зрабіла я падчас наведвання адной з галоўных краін Еўропы, стануць цікавымі калі не ўсім, то многім нашым чытачам. У любым выпадку – буду ўдзячна за водгукі.






У Германію я ляцела найперш да дачкі, якая вучыцца ў Берлінскім універсітэце і ўжо даўно запрашае мяне ў госці. Урэшце сабралася — калі не сябе паказаць, то хоць свет паглядзець.
Першае адкрыццё, даволі непрыемнае для сябе, я зрабіла яшчэ пры адлёце з Каўнаскага аэрапорта – і яно затым суправаджала мяне на працягу ўсяго тыдня знаходжання ў Германіі, мацнеючы з кожным днём. А пры адлёце з Берліна стала цвёрдым перакананнем: калі хочаш падарожнічаць па замежжы, трэба вучыць мову! Хаця б англійскую і хаця б у мінімальным аб’ёме. Бо калі ў Каўнасе, хоць без асаблівага энтузіязму, яшчэ тлумачылі па-руску, што патрабуецца, у Берліне ў выпадку непаразуменняў у магазінах ці кафэ побач заўсёды быў “асабісты перакладчык” у асобе дачкі, то пры вяртанні, калі да вылету самалёта засталіся лічаныя хвіліны, Алёна засталася за рысай, куды не пускаюць праважатых, а пры асабістым даглядзе рэчаў знаёмыя са школы тры дзесяткі слоў не дазвалялі зразумець, якой яшчэ халеры патрабуе супрацоўнік аэрапорта – сітуацыя, скажу я вам, не самая прыемная, і настрой пры гэтым – блізкі да панічнага. Дарэчы, зараз можна нават арендовать самолет. Але ў чарговы раз пераканалася, што свет не без добрых людзей, і яны, гатовыя прыйсці на дапамогу зусім незнаёмаму чалавеку, жывуць не толькі ў Беларусі.
Другім непрыемным адкрыццём, якое я зрабіла пры наведванні Германіі, — Берлін даволі брудны горад. Наслухаўшыся пра супер-акуратнасць і паталагічнае чыстаплюйства немцаў, я са здзіўленнем адзначала перапоўненыя сметніцы, шматлікія абгорткі ад фастфуду на адной з цэнтральных вуліц Берліна – Фрыдрыхштрасэ, зарослыя пустазеллем клумбы… Ці можа, гэта таму, што Берлін – вельмі інтэрнацыянальны горад? Тут на кожным кроку можна сустрэць туркаў – іх захутаныя з ног да галавы нават у трыццаціградусную спёку жанчыны здалёк кідаюцца ў вочы, пачуць рускую мову, згледзець кітайцаў, японцаў, афраамерыканцаў – і каго там толькі няма! Але гэта дало лішнюю падставу для гонару за сваю краіну: усё ж нездарма цяпер усе адзначаюць асаблівую чысціню і парадак у беларускіх гарадах. І ў Астраўцы – у тым ліку. Куды там Берліну да нас! Амаль што як нам да немцаў — у пытаннях узроўню жыцця.
Але справядлівасці дзеля трэба сказаць, што гэта, бадай, адзіная “лыжка дзёгцю” ў вялізнай бочцы станоўчых берлінскіх уражанняў.
Адразу хачу папярэдзіць тых нашых чытачоў, каго ў расповедах пра чужыя краіны больш за ўсё цікавіць параўнанне іхніх і нашых цэн і зарплат: выбачайце, тут я мала што магу расказаць. Галоўным чынам таму, што ні з кім з немцаў стасавацца не давялося, а вывады, пабудаваныя на асартыменце магазінаў, якія я да таго ж мала наведвала, і па цэнах у іх – вельмі аднабаковыя. Адно магу сказаць: дачка, якая не толькі вучыцца, але і працуе на дзвюх работах, хоць і моцна стамляецца, тым не менш забяспечвае сябе поўнасцю і “на запалках” не эканоміць.
А эканоміць – як і ўсе ў Германіі, — на бутэльках. У першы дзень, задаволеная ад таго, што самастойна дабралася з дзвюма перасадкамі з ускраіны, дзе жыве ў інтэрнаце Алёна, на Аляксандарплац – цэнтральную плошчу Берліна, дзе мы дамовіліся сустрэцца, я, чакаючы дачку, са здзіўленнем заўважыла даволі прыстойна апранутага чалавека, які са сметніцы выбіраў пластыкавыя бутэлькі – раздзельны збор адходаў у Германіі даўно стаў паўсядзённай практыкай: асобна – пластык, папера, арганічныя рэшткі, усё астатняе. Падзялілася “адкрыццём” з Алёнай:
—А ў Берліне, аказваецца, таксама бамжы ёсць!
—Бамжы, ці, правільней сказаць, асацыяльныя асобы, сапраўды ёсць – як, напэўна, і ўсюды. Але чалавек, пра якога ты расказваеш, хутчэй за ўсё, ніякіх адносін да гэтай катэгорыі не мае, — парыравала дачка. – Проста немцы вельмі эканомныя, у нашым разуменні – нават скупыя. Зрэшты, калі б у Беларусі паўлітровую пластыкавую бутэльку можна было здаць у магазін за тысячу рублёў, думаю, знайшлося б нямала жадаючых іх збіраць.
Сапраўды, як я пазней пераканалася, пластыкавую тару, як і шкляную, можна здаваць назад у магазін – прычым пластык па незразумелай для мяне прычыне цэніцца амаль удвая даражэй, чым шкло: паўлітровая пластыкавая бутэлечка – 25 еўрацэнтаў. Спецыяльны прыёмны аўтамат уважліва вывучае ваш слоік ці бутэльку, пакручваючы яго так і гэтак – правярае па маркіроўцы, ці ёсць у маркеце такая прадукцыя. Калі адказ станоўчы — забірае вашу тару і выдае чэк, па якім на касе вы можаце атрымаць свае грошыкі. Калі ж не – вяртае назад: ідзіце ў іншы магазін, калі не лянуецеся.
Але і з чысцінёй і парадкам у Берліне таксама ўсё дастаткова адносна. Гэта я зразумела, калі ўбачыла, як “вылізаны” прыватныя падвор’і на вуліцы, дзе жыве дачка, з якім густам і як арыгінальна кожнае з іх аформлена. І калі наведала некалькі паркаў, якіх тут вялікае мноства і якія з’яўляюцца своеасаблівымі цэнтрамі турыстычнага паломніцтва – Шарлоттэнбург у Берліне, Сан-Сусі ў Патсдаме. Такое ўражанне, што іх “змалявалі” з кніжкі казак – усе гэтыя акуратна, незвычайна пастрыжаныя дрэўцы і кусцікі, каналы, рэчкі і сажалкі, ажурныя мосцікі над імі, замкі, фантаны, касякі залатых рыбак у іх, шматлікія скульптуры — і перанеслі “на прыроду”






Але найбольш мяне ўразіў Трэптаў-парк. Мо таму, што ён быў наведаны першым у ліку пералічаных? Ці таму, што там знаходзяцца пахаванні тысяч загінуўшых падчас баёў за Берлін савецкіх воінаў і мемарыял у іх гонар – тыя, хто вучыўся ў савецкай школе, памятаюць па фотаздымках знакаміты помнік Вучэціча салдату з выратаванай дзяўчынкай на руках. Надпісы на мемарыяле – на нямецкай і рускай мовах. І ўзбоч алеі побач з нямецкімі высачэннымі таполямі — рускія плакучыя бярозкі. А парадак там – ну проста ідэальны. Хоць гэта мемарыял – адзначаю пра сябе – у памяць салдатам варожай арміі, пераможцам у той вайне… Такія адносіны да мінулага і гісторыі ў Германіі не могуць не выклікаць павагу – асабліва з улікам таго, што робіцца ў гэтай сувязі ў суседняй Прыбалтыцы, дзе да гэтага часу ваююць з помнікамі і судзяцца з састарэлымі ветэранамі.
Увогуле, тэма другой сусветнай вайны ў гісторыі Германіі, як расказвае дачка і як паспела зразумець я – асобная, і для немцаў – вельмі балючая. Імя Гітлера там знаходзіцца пад няпісанай забаронай, узгадваць пра яго – усё роўна што гаварыць у доме вісельніка пра вяроўку. Гэты трагічны час – не толькі для Еўропы, а напэўна, найперш для самой Германіі, калі фашысты былі пры ўладзе, называюць тут “калі правілі нацыянал-сацыялісты”, не персаніфікуючы. І не з-за таго, што саромеюцца таго, што было. Не – да прыкладу, напалову разбураную падчас баёў за Берлін царкву Памяці тут вырашылі не рэстаўрыраваць, руіны яе так і стаяць у цэнтры горада побач з сучаснымі будынкамі са шкла і бетону — як напамін аб тым, што было і чаго забываць нельга. Але немцам гэта баліць. Уяўляеце сабе – да гэтага часу, праз 65 гадоў! Яны публічна папрасілі прабачэння, выплацілі кампенсацыю тым, хто пацярпеў у гады вайны – тысячам людзей. І ўсё роўна лічаць сябе вінаватымі – нашчадкі ў трэцім-чацвёртым пакаленнях! — перад светам за злачынствы фашыстаў. Пагэтаму ў такім парадку – помнікі загінуўшым савецкім воінам. Пагэтаму асаблівае месца ў цэнтры Берліна займае помнік ахвярам Халакосту, дзе ў гэты свой прыезд – застаецца спадзявацца, што ён быў не апошні – я, на жаль, пабываць не паспела.
…У Берлін я прыехала ў кампаніі са сваім “каханым мужчынам” – рабочым ноутбукам: у час, калі Алёна – мой асабісты перакладчык і гід — была на занятках ці на рабоце, займалася справай. У прыватнасці, пісала нарыс пра ветэрана вайны Франца Станіслававіча Дамброўскага-Дубіцкага, які ў гады вайны з баямі дайшоў да Берліна і 5 мая 1945 года адправіў адтуль пісьмо родным, надрукаванае на нямецкай пячатнай машынцы. Як усё ўзаемазвязана ў гэтым свеце! Назаўтра я гуляла па вуліцах Берліна – і ўзгадвала расказы Франца Станіслававіча аб тым, якім зруйнаваным, разбураным быў Берлін у 45-м. Стаяла ў чарзе на экскурсію ў рэйхстаг – і ўяўляла, як на гэтых прыступках ішлі баі, як нашы салдаты змагаліся за кожны пралёт – а нямецкія абараняліся да апошняга, бо разумелі, што гэта — канец…
Канешне, на сённяшнім рэйхстагу няма тых шматлікіх надпісаў, што пакінулі тут у маі 45-га салдаты-пераможцы – іх зафарбавалі і закрылі плітамі падчас рэканструкцыі. І сцягі над вежамі рэйхстага сёння развяваюцца дзяржаўныя, нямецкія. Гэта заканамерна, тут цяпер размяшчаецца дзяржаўная ўстанова, праходзяць пасяджэнні бундэстага, на якіх прысутнічае канцлер Германіі Ангела Мерхель. І любы жадаючы, набыўшы білет на гасцявую ложу, можа назіраць за гэтымі пасяджэннямі.
У тую ложу мы купляць білет не сталі. А вось зрабіць экскурсію па шкляным купале, што высіцца над каменным целам рэйхстага, можна абсалютна бясплатна – як такую магчымасць не скарыстаць? Да слова, такія жадаючыя былі не мы адны — чэргі сюды заўсёды доўгія. А ў дадатак нам, як і іншым экскурсантам, пры ўваходзе выдалі спецыяльны навушнік з партатыўнай відэакамерай, якая фіксавала нашы перамяшчэнні, і падчас прагулкі па вельмі функцыянальна сканструяваным шкляным купале нябачны гід вёў для нас аглядавую экскурсію на рускай мове. “Паглядзіце налева: прама перад вамі сімвал Берліна – Брандэрбургскія вароты… Спыніцеся – удалечыні вы бачыце абрысы самага вялікага ў Еўропе заапарка…” Класна!



Яшчэ адзін сімвал і помнік Берліна – знакамітая Берлінская сцяна, 155 кіламетраў якой на працягу 28 гадоў, з 1961 да 1989, дзялілі горад на дзве часткі: усходнюю і заходнюю. І трагедыя: сотні людзей загінулі пры спробе перабрацца цераз яе ў іншы свет, якім стаў для людзей яшчэ нядаўна родны і адзіны горад. Дарэчы, мемарыял ахвярам Берлінскай сцяны, вельмі сціплы і вельмі ўражваючы, таксама стаіць паблізу яе рэшткаў.
Цяпер ад былога сімвалу “жалезнай заслоны” толькі і засталося, што мемарыялы ў некалькіх месцах. Я бачыла не ўсе, але з бачанага найбольш спадабалася “Усходняя галерэя”: на рэштках сцяны спецыяльна запрошаныя для гэтага мастакі ўсяго свету намалявалі карціны-фрэскі — і паказалі ў іх сваё бачанне волі і несвабоды. Уяўляеце: на працягу больш як двух кіламетраў – некалькі соцень карцін, адна за другой, розныя, ад рэалістычных і гумарыстычных, гратэскных і лубачных — да мадэрнісцкіх, сюррэалістычных, графіцісцкіх… Напэўна, кожны чалавек – палітык, мастацтвазнаўца, хатняя гаспадыня, гісторык, студэнт – знойдзе тут найбольш блізкую свайму светаадчуванню работу. Мяне “зачапілі” многія. Найбольш – на першы погляд абсалютна невыразны партрэт стомленага Андрэя Сахарава з заплюшчанымі вачыма на фоне шэрай сцяны з надпісам “Дзякуй, Андрэй Сахараў”. І яшчэ — сусветна вядомыя сцены: Кітайская, Крамлёўская, Берлінская… А чацвёртая – асабістая: від з акна, за якім — высачэнны плот. Гэтая, чацвёртая сцяна, завецца проста — “Заўсёды”.
Цяпер “рэшткі” Берлінскай сцяны прадаюць на сувеніры: кавалачкі бетону на магніціках ці на падстаўках. Купіла такі, нягледзячы на пратэсты Алёны, і я – а як жа, сімвал Берліна! І ўсяго за пяць еўра! І толькі нядаўна пачула ў таго ж Дзмітрыя Крылова – аказваецца, мы з ім былі ў Берліне прыкладна ў адзін час – што “асколкаў Берлінскай сцяны” прададзена ўжо столькі, што з іх можна было б пабудаваць пяць Кітайскіх.
А бадай што самым галоўным берлінскім адкрыццём стала для мяне шыльда ў цэнтры горада на Фрыдрыхштрасэ: “Беларускае мастацтва. Беларусь-Мінск. Аляксандр Родзін”.
—Я хачу туды зайсці! – запрасілася я.
—Ты ўпэўнена? – засумнявалася Алёна. – Ну, добра. Толькі не сёння – ты яшчэ недастаткова падрыхтаваная.
За некалькі наступных дзён мяне дастаткова “падрыхтавалі” да разумення, што ў Берліне найбольш цэніцца свабода чалавека і яго годнасць, гэта тут – самае галоўнае. Таму на падстрыжаным лужку перад самым рэйхстагам сядзяць і ляжаць людзі – адпачываюць, перакусваюць, пацягваюць вадзічку. У кафэшцы на вуліцы, акрамя традыцыйных столікаў – мяккія канапы з матрацамі і падушкамі – і любы жадаючы можа паляжаць і нават падрамаць там. На набярэжнай Шпрэе – вялізная пляцоўка, застаўленая шэзлонгамі: сядзі, адпачывай — хочаш з півам і кактэйлем, хочаш – проста скінь туфлі і выцягні стомленыя ногі. А не падабаецца шэзлонг ці не хапіла – можна і на траўцы пад дрэвам расцягнуцца. Побач – пляцоўка для танцаў, і не нейкай там дыскатэкі, а сапраўдных, бальных, І трэба бачыць, як захоплена танцуюць мужчыны ў шортах і рваных джынсах танга і румбу! Прычым неабавязкова з дамамі: прадстаўнікі нетрадыцыйнай арыентацыі вальсіруюць – ды як прыгожа! – адзін з адным на вачах у шматлікай публікі, якой да іх – ну ніякай справы, падобна, што шакіравана гэтым была толькі я.
Калі Алёна палічыла, што я дастаткова “саспела” для знаёмства з усёй непрадказальнасцю нетрадыцыйнага мастацтва, то павяла мяне ў яго цэнтр – “Тахелес”, месца, якое лічыцца для берлінскіх турыстаў такім жа абавязковым для наведвання, як рэйхстаг. Праўда, “цэнтрам” яго можна назваць з нацяжкай – гэта нейкае неверагоднае скапленне самых несуразных рэчаў на вельмі абмежаванай і жудасна нядобраўпарадкаванай пляцоўцы пад адкрытым і закрытым небам. На мяне найбольшае ўражанне зрабіла крэсла, зваранае са старых жалязяк невядомым “мастаком” – ці пачынаючым зваршчыкам? Дакладней, не само крэсла, а цана на яго – 650 еўра. Нашы зборшчыкі металалому, ўзяўшы ў дапамогу нядаўняга выпускніка ПТВ, азалаціліся б!
А што тычыцца мастацтва, то ці яно для мяне залішне сучаснае, ці наадварот – я вельмі несучасная, але мне ў гэтым “Тахелесе” было няўтульна. Парадавала толькі беларуская мова на выставе таго самага Аляксандра Родзіна, які прадстаўляе ў Берліне сучаснае беларускае мастацтва. Карціны яго, на мой дылетанцкі погляд, цікавыя, у стылі Сальвадора Далі, але зноў-такі: я яшчэ не дарасла да вышыні гэтага мастацтва. І наўрад ці дарасту ўжо… Але ж сустрэць земляка ў Берліне – гэта, пагадзіцеся, дарагога варта.
Пра гэта мне гаварылі і жанчыны ў Потсдаме, у рускай праваслаўнай царкве, дзе настаяцель з 1986 года — беларускі бацюшка па прозвішчу Каляда.
—Такое шчасце, што ў нас ёсць гэтая царква, гэтае прыстанішча духу ў чужой старане — гэта як глыток свежай вады ў спёку…
Я хацела расказаць пра Берлін яшчэ шмат: пра зручнасць і функцыянальнасць яго транспарту, пра краіну веласіпедаў, пра замкі і паркі, пра футбол, якім у тыя дні, што праходзіў чэмпіянат свету, жыла ўся Германія, нават мая далёкая ад спорту дачка, пра берлінскія рэстараны, пра рускую калонію ў Патсдаме…
Але ж газета не гумовая! І таму я наступаю на горла ўласнай песні. І абяцаю, што, калі выдасца яшчэ якая-небудзь захапляючая паездка, абавязкова вам пра яе расказаць.
Калі, вядома, вам гэта цікава…

Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений