З недалёкіх вандровак: Кіеўскі вальс

13:40 / 09.07.2010
12432

Ідэя турыстычнай паездкі ў сталіцу суседкі-Украіны нарадзілася ў калектыве рэдакцыі недзе ў сярэдзіне вясны, а аформілася ў рэальнасць напачатку лета... І вось камфартабельны аўтобус ад турбюро імчыць нас да беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы. Едзем у кампаніі з групай супрацоўнікаў Маладзечанскага завода жалезабетонных вырабаў.


У Кіеў прыбылі раненька – сонца толькі-толькі ўзышло. Але дзень ужо абяцаў быць гарачым. Што ж, мы рады пагрэцца – дома намерзліся і намокліся (ха-ха! Дарэмна радаваліся: 38-градусная спёка за два дні так дастане!..) У агавораным месцы нас сустракае прадстаўнік прымаючага боку Таццяна – менеджэр фірмы “Агратэхтур”, уладжвае нейкія фармальнасці і “здае” пад апеку экскурсаводу Вячаславу Вадзімавічу – немаладому, але энергічнаму чалавеку, гісторыку па адукацыі. Апошняя акалічнасць зрабіла экскурсію сапраўды пазнавальнай і змястоўнай, бо гід не страчыў завучанымі фразамі, а актыўна ўцягваў нас у дыялог, уражваў нейкімі асаблівымі запамінальнымі фактамі.
Знаёмства з горадам пачалося з аўтобуснай экскурсіі “Кіеў – сталіца Украіны”, якая пачалася ля помніка летапісным заснавальнікам Кіева – Кію, Шчэку і Харыве, каля якога мы з вялікім задавальненнем сфатаграфаваліся, і прадоўжылася аглядам іншых славутасцей – набярэжнай Дняпра, моста вынаходніка асаблівага зварачнага шва Патона, Уладзімірскага сабора, архітэктурных помнікаў – будынкаў Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе вучыліся многія выбітныя людзі, і Нацыянальнай оперы Украіны, сцэна якога памятае Шаляпіна і Гмыру, Ворвулева і Мірашнічэнку; Праспекта Перамогі, кінастудыі імя Даўжэнкі, Бабінага Яру, да помніка акцёру Леаніду Быкаву ў вобразе героя фільма “У бой ідуць адны старыя”. Да слёз расчуліў бронзавы конік, што прысеў на падножжы. Здавалася, вось-вось застракоча...
Аўтобус калясіў па зялёных вуліцах, а ў душы маёй гучала мелодыя “Кіеўскага вальса” і словы:
Знову цвітуть каштани,
Хвіля дніпровська б’е...
Другую палову дня занялі засяленне ў гасцініцу, абед у рэстаране “Украінская казка” і пешаходная экскурсія па старадаўняй сталіцы Кіеўскай Русі з наведваннем падвор’я славутага Сафійскага сабора, многіх утульных куточкаў, ад якіх вее сівой даўніной і ў якіх пачуваеш сябе настолькі ўтульна, што не заўважаеш бегу часу.
Па галоўнай вуліцы Кіева – Крашчаціку мы таксама гулялі пешшу. Праездам, узіраючыся праз аўтобуснае акно, нічога не ўбачыш. Трэба падэшвамі адчуць цяпло брукаванай маставой, ноздрамі – водар кветак і кавы. Праўда, еўрапейская экспансія пакрысе выціскае ўкраінскую самабытнасць, асабліва ў цэнтры горада – то тут, то там раскінулі палатняныя шатры кавярні і рэстаранчыкі ў італьянскім стылі... Зрэшты, гэта чысты суб’ектыў.
На Майдане Незалежнасці адразу кінуліся ў вочы фантаны. Варта было бачыць, як група салідных з выгляду турыстаў (мы) рынулася да гэтых рукатворных крыніц, на хаду разуваючыся, каб паплёскацца ў цёплай вадзе! Вячаслаў Вадзімавіч толькі пасмейваўся ды цярпліва чакаў, пакуль нацешымся “купаннем”, каб... развітацца да раніцы. У каго хапіла сіл, паехалі на рачны прычал — пакатацца на катэры па Дняпры. Назаўтра хваліліся: адпачылі і праветрыліся па вышэйшаму класу.
На наступны дзень мы зноў шмат хадзілі па кіеўскіх вуліцах. Вячаслаў Вадзімавіч, падобна, упадабаў нашу групу, таму што паказаў нашмат больш заяўленага ў праграме: звадзіў да помніка легендарнаму футбалісту і трэнеру Валерыю Лабаноўскаму, чыё імя носіць стадыён “Дынама”, на Падоле паказаў самыя маляўнічыя куточкі – Кіева-Магілянскую акадэмію, сімпатычныя і любімыя турыстамі помнікі мульцяшнаму вожыку, кошцы, якой можна прашаптаць на вушка патаемнае жаданне і яно збудзецца, правёў па вулачцы, дзе размясціліся са сваімі творамі мастакі і народныя майстры.
Здаецца, мы не абмінулі ніводнай славутасці ўкраінскай сталіцы. Нават па дворыку ля рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы пагулялі ды архітэктурнымі вартасцямі самога будынка палюбаваліся. А ў задавальненні сфатаграфавацца на ганку ды патрымацца за ручку масіўных дубовых дзвярэй не адмовіў сабе амаль ніхто. Міліцыянты з варты толькі пасміхаліся: маўляў, няхай пацешаць душу турысты.
Пабываць у Кіеве і не наведаць Кіева-Пячэрскую лаўру проста немагчыма. З якога боку ты б ні ўязджаў у горад, яе залатыя купалы зіхацяць, нібыта маякі.
З асабістага вопыту зазначу: наведваць святыні лепш усё ж у складзе паломніцкай, а не экскурсійнай групы – найперш таму, што праграмы наведвання розныя. Паломніцкая складзена так, што мы не проста аглядаем славутасці, а маем магчымасць няспешна пастаяць у храмах, памаліцца за родных, паўдзельнічаць у богаслужэннях, пранікнуцца духам святога месца. А на экскурсіі ўсё “галопам па Еўропах”....
Увянчаная залатымі купаламі Лаўра раскінулася на высокім беразе Дняпра. Паводле падання, гарыстыя гэтыя берагі блаславіў сам святы апостал Андрэй Першазваны, які падарожнічаў з хрысціянскай пропаведдзю ў землі скіфаў. Мінулі стагоддзі, і вырас тут горад Кіеў. Паблізу яго знаходзілася сяло Берастава, летняя “дача” кіеўскіх князёў. Старэц Іларыён, што служыў у тутэйшай царкве, шукаючы самотнай малітвы, выкапаў сабе пячору на адным з дняпроўскіх пагоркаў. Але не суджана яму было стаць пустэльнікам – Яраслаў Мудры паставіў яго на кіеўскую мітрапаліцкую кафедру. А месца ў пячоры заняў афонскі пастрыжэнец Антоній. З часам да яго далучыліся манахі з гараджан і прышлыя з іншых мясцін, колькасцю дванаццаць чалавек. Пячоры памалу пашыраліся. У іх абуладкавалі келлі і падземны храм у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Так зараджалася манаскае жыццё, а Антоній у летапісах стаў звацца Першаначальнікам. Роля настаяцеля прыйшлася прападобнаму Антонію не па душы, і ён прызначыў першым ігуменам прападобнага Варлаама, а сам сышоў на сорак гадоў у аддаленую пячору на суседнім пагорку. Але неўзабаве і тут пачалі збірацца жадаючыя быць пад яго кіраўніцтвам, абжылі звычайны пагорак настолькі, што зараз тут знаходзяцца Бліжнія або Антоніевы пячоры. Даўжыня іх 313 метраў. Спачатку іх выкарыстоўвалі як келлі, а пазней пачалі хаваць лаўраўскіх падзвіжнікаў, пячорных старцаў, вядомых дзеячаў царквы і культуры. Сярод іх – Нестар Летапісец – аўтар “Повести временных лет”, Сімон і Палікарп – складальнікі Кіева-Пячэрскага Пацерыка, іканапісец Аліпій (ім былі напісаны многія абразы Валаамскага манастыра, але да цяперашняга часу захаваліся адзінкі –Т. С.), урач Агапіт (у Лаўры можна ўзяць алей, асвечаны на яго мошчах). А яшчэ тут захоўваюцца мошчы быліннага волата Іллі Мурамца.
Паступова і новая пячора прападобнага Антонія пачала разрастацца. З тых, хто прасіўся да яго, першым прыняў ён прападобнага Нікана, потым – прападобнага Феадосія, якога потым паставіў замест сябе ігуменам. Феадосій першым на Русі ўвёў манастырскае агульнае жыццё (цяпер сказалі б: камуну), калі маёмасць браціі – толькі агульная, час праводзіцца ў малітвах і паслушэнствах, якія прызначаюцца ігуменам кожнаму брату па яго сілах. Настаяцелем Феадосій быў надзвычай строгім, але і адначасова прыкладам для браціі – сам сек дровы, насіў ваду, працаваў у манастырскай пякарні, адзенне меў самае простае, у храм і на працу прыходзіў першым. У манастыры ён абуладкаваў асобны дом для пражывання жабракоў, сляпых, кульгавых, на ўтрыманне якога выдзялялася дзесяціна ад манастырскіх даходаў. І кожную суботу цэлы воз хлеба адпраўляўся з абіцелі вязням у цямніцы.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі насталі цяжкія часы для манахаў. У 1926 годзе Кіева-Пячорскую Лаўру прызналі гісторыка-культурным дзяржаўным запаведнікам і вырашылі ператварыць ва “Усеўкраінскі музейны гарадок”. Ізаляцыя царкоўнай абшчыны і выцясненне яе новаствораным музеем завяршыліся да 1930 года поўнай ліквідацыяй манастыра. Частка браціі была вывезена за сотню кіламетраў і расстраляна, астатнія кінуты ў турмы або сасланы, а сама Лаўра — разрабавана.
Велізарны ўрон архітэктурным і гістарычным каштоўнасцям абіцелі нанесла Вялікая Айчынная вайна. Праўда, фашысты ў 1942 годзе дазволілі аднавіць манастырскае жыццё на ніжняй тэрыторыі Кіева-Пячэрскага “запаведніка”, але не ўпускалі пры гэтым сваёй галоўнай мэты: каштоўнасці ўнікальнага музея вывозіліся днём і ноччу. А 3 лістапада 1941 года акупанты ўзарвалі Свята-Успенскі сабор.
У канцы 1950-х гадоў “запаведнік” ператварыўся ў рассаднік атэістычнай прапаганды, старадаўнія калодзежы прападобных Антонія і Феадосія, якія акрамя ўсяго іншага, выконвалі дрэнажную функцыю, былі засыпаны, што негатыўна дае сябе знаць і зараз. Адноўлены ў вайну манастыр быў зачынены ў 1961 годзе.
Адраджэнне манаскага жыцця пачалося ў Кіева-Пячэрскай Лаўры ў чэрвені 1988 года, калі ў сувязі са святкаваннем 1000-годдзя Хрышчэння Русі новастворанай абшчыне была перададзена тэрыторыя Дальніх (Феадосіевых) пячор з усімі наземнымі пабудовамі, а два гады пазней Царкве былі вернуты і Бліжнія (Антоніевы) пячоры.
Уражваюць сваёй велічнасцю храмы Лаўры – Надваротная Троіцкая царква, Цэрквы Усіх Святых і Трапезная з палатай (Сабор Антонія і Феадосія Пячэрскіх), Спаса на Бераставе. Мы доўга не маглі адвесці вачэй ад хараства Успенскага сабора, занава адбудаванага ў 2000 годзе ў барочным стылі ХУІІІ стагоддзя. У 1941 годзе храм быў узарваны фашыстамі і паўвека на яго месцы высіліся руіны. У памяць аб гэтым над фрагментам яго сцяны ўзведзена павець-сень, да якой прыходзяць пакланіцца шматлікія паломнікі, а новы Сабор узвышаецца побач. Частка яго сцен выканана такім чынам, што дае ўяўленне аб даўнейшым выглядзе святыні. Сабор Успення Прасвятой Багародзіцы – першы ў Кіеўскай Русі каменны сабор. У “Повести временных лет” Нестара-летапісца сказана, што быў ён закладзены прападобным Феадосіем.
Галоўная святыня храма – ікона Успення Маці Божай грэчаскага пісьма, на вялікі жаль, была страчана ў гады вайны – знішчана або вывезена фашыстамі, дакладна невядома. Зараз над Царскімі варотамі Крыжаўздзвіжанскай царквы знаходзіцца дакладная копія абраза.
... Экскурсавод, што апекавалася намі ў Лаўры, вядзе групу на аглядавую пляцоўку, адкуль адкрываецца від на храмы і пабудовы ніжняга ўзроўню, палаты прадстаяцеля Украінскай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра, і неўзабаве развітваецца. Мы маем вольны час і спяшаемся ў манастырскія лаўкі – падаць запіскі для манаскай малітвы аб здароўі нашых блізкіх і супакаенні душ памёршых, купіць абразкі, алей, сувеніры. А потым па каменных прыступках спускаемся да Надкалодзежнай капліцы прападобнага Антонія Першаначальніка – набраць святой вадзіцы. Зваротная дарога ў горад ідзе крута ўгару. Змучаная спёкай, ледзьве караскаюся па ёй і ціха зайздрошчу маладзенькаму інаку, які імчыць уверх амаль подбегам. Няхай такой жа лёгкай будзе ўся твая дарога служэння Богу, братчык.
Вядома, духоўная частка паездкі не абмяжоўвалася толькі наведваннем Кіева-Пячэрскай Лаўры. Мы пабывалі ў царкве ў імя апостала Андрэя Першазванага, на падвор’і Фролаўскага жаночага манастыра і Міхайлаўскага мужчынскага, некаторымі храмамі любаваліся здалёк. Гэта ж усяго толькі экскурсія...
Прыемным яе завяршэннем быў шопінг у адным з гіпермаркетаў, і многія закупілі ўкраінскіх тавараў на свой густ і кашалёк.
Канешне, урачыстым маршам нас не праводзілі. Але “Кіеўскі вальс” яшчэ доўга гучаў у душы.


Таіса СЯМЁНАВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений