У Астравец – за вопытам

13:29 / 09.07.2010
10773

У апошні час Астравец стаў вельмі папулярным пунктам правядзення розных семінараў. Вось і нядаўна ў нас праходзіў абласны семінар начальнікаў аддзелаў фізічнай культуры, спорту і турызму гаррайвыканкамаў.
Думаю, ніхто не будзе спрачацца з тым фактам, што спартыўнае жыццё ў нашым раёне бурліць і прыносіць нядрэнныя вынікі. Шматлікія перамогі баксёраў на розных турнірах, паспяховыя выступленні лёгкаатлетаў і, канешне ж, непараўнальны залаты дубль астравецкіх хакеістаў. Пра ўсё гэта можна бясконца расказваць, але, як сцвярджае народная мудрасць, лепш адзін раз убачыць. Што і паспяшаліся зрабіць удзельнікі абласнога семінара: прыехалі ў Астравец набрацца вопыту і падзяліцца сваімі метадамі работы.



Пачаўся семінар з пленарнага пасяджэння. Адразу выступіў намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама А.Я. Андрэйчык, які пазнаёміў прысутных са складам прэзідыума і аб’явіў асноўны накірунак семінару. Затым гасцей на астравецкай зямлі прывітаў і пажадаў усім плённай і карыснай працы старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч. Пасля ж надышла чарга сказаць слова і гаспадару – начальніку раённага аддзела фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэіну. І перш за ўсё ён прадставіў прысутным сваю дружную каманду супрацоўнікаў, дзякуючы сумеснай працы якіх і дзейнічаюць цяперашнія спартыўныя і турыстычныя аб’екты. А каб госці больш поўна ўявілі карціну ўсяго сказанага, для іх прадэманстравалі невялікі азнаямляльны цікавы відэафільм аб спартыўнай дзейнасці раёна. Затым С.В. Шэін паведаміў, з якіх стартавых пазіцый пачынаў, калі ўзначаліў аддзел, падзяліўся вопытам і асноўнымі метадамі работы, расказаў, што наогул было зроблена ў спартыўнай галіне з 2005 года.
Пасля надышоў час на свае вочы пабачыць, ці адпавядае сказанае зробленаму. І першым прыпынкам у падарожжы, у якое адправіліся ўдзельнікі семінару, стала дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Тут пра свае ўладанні расказваў і паказваў іх дырэктар ДзЮСШ А.І. Шаўчэнка. Кандыдаты ў майстры і майстры спорту – колішнія выхаванцы Астравецкай ДзЮСШ, якія зараз выступаюць за нацыянальную зборную краіны і праслаўляюць радзіму рознымі ўзнагародамі, перспектыўныя юныя спартсмены, якія таксама ўжо прыносяць залатыя медалі і якімі ганарыцца Астравеччына – уся інфармацыя змешчана на школьнай Дошцы гонару. Затым наведвальнікі прайшлі і ў нядаўна адрамантаваную спартыўную залу і сталі сведкамі трэніроўкі юных аматараў скураных пальчатак пад кіраўніцтвам іх трэнера – А.З. Маргужа.
Наступным аб’ектам для азнаямлення і вывучэння стала вёска Падольцы. Дакладней, спецыяльная спартыўная пляцоўка, якая размяшчаецца ля сярэдняй школы і ўключае ў сябе цэлы комплекс пабудоў: мініфутбольнае поле, валейбольную і баскетбольную пляцоўкі, хакейны каток, спецыяльнае поле для гульні ў вялікі тэніс. Такім чынам, не толькі ў райцэнтры створаны ўсе ўмовы для фізічнага развіцця, але і ў сельскай мясцовасці таксама.
Спартыўныя аб’екты паглядзелі, а што наконт турыстычнай базы? І тут астравецкім гаспадарам ёсць чым пахваліцца. Непаўторнасць, некранутасць, нейкая дзіўная таямніца і прыгажосць астравецкіх краявідаў зачароўвае, прыцягвае і аднаўляе сілы. А хто хоць аднойчы пакалыхаўся на цёплых і пяшчотных хвалях азёр Сарачанскіх караляў, абавязкова вернецца сюды яшчэ раз, каб зноў дакрануцца да прыемнай прахалоды і фізічна адчуць, як адыходзіць некуды негатыў, а цела і душа напаўняюцца новымі сіламі. Адчулі сябе сапраўднымі турыстамі на астравецкай зямлі і ўдзельнікі семінара, якія часам нават не знаходзілі патрэбных слоў, каб выказаць сваё захапленне.
На другі дзень мерапрыемства гасцей чакала віртуальнае падарожжа па будучай атамнай электрастанцыі. Якія перспектывы развіцця, у тым ліку і спартыўных аб’ектаў, плануюцца у новым горадзе энергетыкаў, што будзе з экалогіяй і хто будзе будаваць АЭС – на гэтыя і іншыя пытанні адказалі супрацоўнікі ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” Э.І. Свірыд і У.П. Петрушкевіч.
І зноў – у дарогу. Наперадзе яшчэ некалькі аб’ектаў, якія заслугоўваюць увагі. Напрыклад, стадыён, што знаходзіцца ля лесапарку. Пакошаны газон, нанесены разметкі – і здаецца, вось-вось мяч заляціць у вароты пад дружны вокліч трыбуны: “Го-о-л!” Гэта ў перспектыве. А пакуль на спецыяльнай пляцоўцы для мініфутболу трэніруюцца пад пільным кіраўніцтвам В.А. Лебядзевіча падрастаючыя “Пеле” і “Раналды”.
Наступны прыпынак – вёска Гервяты. За час семінару яго ўдзельнікі неаднойчы чулі пра Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс – і вось нарэшце ўбачылі яго на свае вочы. Трэнажоры, настольны тэніс, пляцоўка, дзе можна гуляць у валейбол і баскетбол, – словам, усе выгоды для заняткаў спортам. Галоўнае, каб было жаданне.
І, вядома ж, экскурсія па Гервятах не абышлася без наведвання Гервяцкага касцёла Святой Тройцы – святыні, чыя непаўторная прыгажосць і станоўчая атмасфера нікога не пакідае раўнадушным.
Апошнім пунктам семінару сталі Рымдзюны. Тут госці пазнаёміліся з мясцовым Домам культуры, паглядзелі спартыўную залу ў школе, а таксама дакрануліся да мінулага і змаглі выпрабаваць свае сілы і ўменні за кроснамі ў гісторыка-краязнаўчым музеі.
Заключным акордам стала пасяджэнне, дзе надышла чарга падвесці вынік і даць адзнаку семінару. У адзін голас удзельнікі адзначылі высокі ўзровень, разнастайнасць, цікавасць і насычанасць мерапрыемства. Такім чынам, семінар атрымаў добрую адзнаку, а С.В. Шэін – ганаровую грамату, якую ўручыў А.Я. Андрэйчык.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений