Гордость Островецкого района: Андрей Блашкевич - преданный паж "королевы"

13:24 / 22.05.2017

Блашкевич.jpgІмя варнянскага трэнера па лёгкай атлетыцы Андрэя Уладзіслававіча Блашкевіча вядома ў свеце спорту даўно. Яго выхаванцы паказваюць высокія вынікі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Адзін з іх – Аляксандр Ляховіч стаў удзельнікам мінулагодніх Алімпійскіх гульняў. Іншыя, калі і не становяцца вядомымі спартсменамі, але сябраваць са спортам не перастаюць, бо памятаюць і прытрымліваюцца аднаго з запаветаў першага трэнера: зрабіўшы аднойчы выбар, ніколі яму не здраджваць.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў фізічнай культуры і спорту мы сустрэліся з Андрэем Уладзіслававічам Блашкевічам і папрасілі адказаць на некалькі пытанняў.

– Для любога спартсмена выступленне на спаборніцтве пачынаецца са старту. А што стала стартам вашага спартыўнага жыцця?

– Думаю, для кожнага, хто захапляецца спортам, першыя крокі перш за ўсё пачыналіся з цікавасці. А ўжо пазней адбываецца выбар пэўнага віду спорту. Пасля надыходзіць практычны этап – трэніроўкі.

Так было і са мной: я не проста цікавіўся лёгкай атлетыкай, у мяне яшчэ нешта і атрымлівалася, а самае галоўнае – мне падабалася займацца спортам. Гэта своечасова заўважыў трэнер Уладзімір Пятровіч Пятроў, які і пазнаёміў з усімі таямніцамі лёгкай атлетыкі. З пятага класа пачалося сяброўства з “каралевай спорту” – і працягваецца да гэтага часу. І я ніколі не здраджваў сваёй “каралеве”.

– Няўжо ў пятым класе вы ўжо марылі стаць трэнерам?

– Канешне, не. У такім узросце я наўрад ці разумеў, навошта мне наогул патрэбен спорт. Проста падабалася – таму бегаў на трэніроўкі. А што тычыцца дзіцячых фантазій, то я марыў стаць астраномам. Ды толькі мой трэнер здолеў пераўпэўніць у выбары прыярытэтаў. (Усміхаецца) Напэўна, бачыў нейкія задаткі, якія пасля сталі нядрэннымі вынікамі.

Уладзімір Пятровіч ніколі не павышаў на нас, выхаванцаў, голасу, але яго педагагічныя метады дзейнічалі беспамылкова. Добры быў трэнер і чалавек.

Вы працуеце трэнерам па лёгкай атлетыцы ў філіяле Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Варнянах. Ці адрозніваюцца ўмовы трэніровак у горадзе і на вёсцы? І якой спартыўнай базы не хапае вясковым дзецям?

– Палова, а можа, нават і больш поспеху спартсмена залежыць ад яго жадання займацца спортам. А другая палова – ад сілы волі, старання на трэніроўках і мэтанакіраванасці. Калі няма ў дзіцяці іскрынкі, запалу, імкнення, цікавасці да заняткаў лёгкай атлетыкай, то яго не спакусяць ні модныя дарожкі, ні суперсучасныя стадыёны. Для мяне няма розніцы, дзе трэніраваць дзяцей – у горадзе ці ў вёсцы. Паўтаруся, галоўнае – жаданне і работа над сабой.

Ведаю, што ў Варнянскіх яслях-садзе - сярэдняй школе з’явіўся спартыўны клас, над якім вы ўзялі “шэфства”. Аб якіх выніках можна гаварыць сёння і што чакае ў перспектыве?

Так, гэта 6-ты клас, аднак аб прагнозах гаварыць пакуль рана. Мы трэніруемся, развіваем здольнасці і пакрысе ўдасканальваемся. Некаторыя вучні ўжо зараз дэманструюць нядрэнныя вынікі. Магу адзначыць Яраслава Заянчкоўскага – добра бегае. Магчыма, падрастае і дастойная змена Аляксандру Ляховічу – адзін з вучняў паказвае здольнасці ў спартыўнай хадзьбе. Прозвішча пакуль казаць не буду.

Будзем працаваць – а пасля пабачым.

– Дарэчы, пра Аляксандра Ляховіча: летась ён спазнаў смак Алімпійскіх гульняў і зараз старанна рыхтуецца да наступных. Настрой у яго баявы і сур’ёзны. Як думаеце, якія шансы ў вашага выхаванца?

– Калі дайшоў да Рыа, то, думаю, дойдзе і да Токіа. На нядаўніх спаборніцтвах Саша палепшыў свой вынік – а гэта найлепшы доказ сур’ёзнага настрою і падыходу да трэніровак. Ён мэтанакіраваны і ўпарты, а ставіць і дасягаць мэты – галоўная задача спартсмена.

– Кім са сваіх выхаванцаў вы ганарыцеся больш за ўсё?

– Аляксандрам Ляховічам, Аідай Рубель (па мужу Недалтоўская), Томасам Нарушысам і многімі іншымі, хто шчыра займаўся лёгкай атлетыкай.

– Найвышэйшая і самая жаданая ўзнагарода для спартсмена – залаты медаль. А што самае галоўнае для трэнера?

– Добрыя адносіны са сваімі выхаванцамі: калі трэнера памятаюць і паважаюць не толькі на момант першых крокаў спартсмена, але і пасля.

Сёння вы адзначаеце прафесійнае свята, а нядаўна ваш партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Як адрэагавалі на такі падарунак?

Спакойна. Праўда, было прыемна, што маю работу бачаць і станоўча ацэньваюць.

– Дзякуй за размову. І са святам!


Текст: