В Островце подвели итоги спортивной жизни района за 2013 год

08:00 / 11.02.2014
Якім было спартыўнае жыццё на Астравеччыне ў мінулым годзе? Колькі медалёў па розных відах спорту заваявалі нашы спартсмены і колькі засталося ў рэзерве? Што з пастаўленых задач удалося рэалізаваць і што запланавана на сёлета? Аб усім гэтым і не толькі ішла размова падчас пасяджэння па падвядзенні вынікаў работы за 2013 год аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Паслухаць, чаго дасягнулі ў спартыўным жыцці ў Астравецкім раёне, і папрысутнічаць на выніковым пасяджэнні аб падвядзенні вынікаў прыехаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Еўстаф’евіч Андрэйчык.
Спачатку ўсіх прысутных прывітаў і пажадаў плённай працы падчас пасяджэння намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Затым надышоў час падводзіць вынікі. За мінулы год скарбонка Астравецкага аддзела адукацыі, спорту і турызму папоўнілася новымі медалямі, кубкамі і дыпломамі. Пра вынікі работы фізкультурна-спартыўнай і турыстычнай галіны, дасягненні нашых спартсменаў, а таксама планы і задачы на гэты год расказаў у сваім выступленні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін.
Як спорт уплывае на свядомасць і фізічную падрыхтоўку школьнікаў раёна, што робіцца для развіцця спартыўнага накірунку ва ўстановах адукацыі, якія спартыўныя спаборніцтвы праходзяць у школах – пра ўсё гэта паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч.
Больш падрабязна пра поспехі і дасягненні выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і перспектывы развіцця спорту “на раёне” расказаў дырэктар ДзЮСШ Анатоль Іванавіч Шаўчэнка. А як выглядалі астравецкія юныя і дарослыя спартсмены і якіх вынікаў дасягнулі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах – пра гэта прысутныя пачулі ад дырэктара раённага ФСК Леаніда Станіслававіча Даўляша. Дарэчы, у мінулым годзе астраўчане зарэкамендавалі сябе на дастойным узроўні: трэцяе месца ў дзіцячым валейболе і хакеі, а таксама ў міні-футболе сярод дарослых, “серабро” па лёгкай атлетыцы сярод сельскіх жыхароў і рэспубліканскае чэмпіёнства Яніны Філіповіч – усё гэта назаўсёды застанецца ў гісторыі дасягненняў астравецкіх аматараў спорту.
Не абышлося пасяджэнне і без уручэння ўзнагарод. І самае прыемнае таксама пакінулі на завяршэнне пасяджэння – былі агучаны вынікі раённага агляда-конкурсу на лепшую пастаноўку фізкультурна-масавай і спартыўна-аздараўленчай работы сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама сярод сельгаскааператываў. Першае месца і сертыфікат на тры мільёны рублёў атрымала ДУ “Астравецкае ПМС”. Другое месца і два мільёны аказаліся ў спартсменаў з цэнтральнай раённай бальніцы. І трэцяе месца – і мільён рублёў атрымала ДЛГУ “Астравецкі лясгас”. Сярод сельгаскааператываў было прысуджана толькі першае месца, і пераможцамі сталі спартсмены СВК “Варняны”, якія таксама атрымалі сертыфікат на тры мільёны рублёў. Дарэчы, грашовыя прэміі будуць напраўлены на набыццё спартыўнага інвентару.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
.