Диплом II степени привезли юные островецкие футболисты с республиканских соревнований

09:00 / 23.01.2014
З дыпломам другой ступені і незабыўнымі ўражаннямі вярнуліся дзве дзіцячыя каманды па міні-футболе 2000-01 і 2002-03 гадоў нараджэння з рэспубліканскага спаборніцтва гран-пры “Зіма 2014”, якое арганізоўвала грамадскае аб’яднанне “Ліга дзіцячага футбола Беларусі”.

Як паведаміў трэнер рабят Казімір Бабіч, усё пачалося яшчэ восенню, калі яго разам са сваімі выхаванцамі запрасілі паўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах. Дарэчы, там дзве астравецкія каманды занялі першае і трэцяе месцы – і такім чынам зарэкамендавалі сябе як моцныя сапернікі. Што яны яшчэ раз прадэманстравалі і на рэспубліканскім спаборніцтве.
Каманда старэйшых футбалістаў 2000-01 гадоў нараджэння з першых хвілін матча паказала, што яе ўдзельнікі не толькі любяць, але па-сапраўднаму ўмеюць гуляць у футбол. У сапернікаў са Слуцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы нашы юныя футбалісты выйгралі з лікам 6:2. Унічыю астраўчане сыгралі з футбалістамі з Докшыцаў – 1:1. А вось у мінскага “Стымула” выйгралі ўсухую – 2:0. У выніку футбольны клуб “Астравец” заняў другое месца, толькі крыху саступіўшы па ачках сапернікам з Докшыцаў.
Не “падкачала” і малодшая каманда. Спачатку яны выйгралі з вялікай перавагай у футбольнага клуба “Заслаўе” – 7:1. Затым таксама не на жарт “размачылі” мінскі “Стымул” – 7:2. А вось у матчы з футбольным клубам “Докшыцы” да перамогі крыху не хапіла. Выйгралі сапернікі з лікам 2:1. Такім чынам, і ў гэтай узроставай катэгорыі астраўчане сталі сярэбранымі прызёрамі.
Прыемным сюрпрызам стала тое, што тры ігракі з астравецкай каманды атрымалі запрашэнне на прагляд у футбольную акадэмію Пастаўскага мэблевага цэнтра. Акрамя гэтага, Аляксей Гаўрыльчык быў прызнаны лепшым іграком спаборніцтва. Трэнер Казімір Бабіч застаўся задаволены гульнёй сваіх выхаванцаў.
– Канешне, кожны ігрок павінен імкнуцца толькі да перамогі, бо менавіта ў гэтым імкненні і жаданні заключаецца поспех, – адзначыў ён. – Я задаволены гульнёй, якую прадэманстравалі рабяты. Дарэчы, хачу падзякаваць іх бацькам за разуменне і дапамогу з падвозам. А яшчэ сваім калегам-трэнерам, чые выхаванцы гулялі ў нашай камандзе, – настаўніку фізкультуры Варнянскага НПК Аляксею Часнойцю і трэнеру па футболе Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Андрэю Страцэўскаму. Нашы дасягненні – агульная заслуга.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
.