Играем в пляжный футбол

18:00 / 01.06.2013
На працягу двух дзён ў Гродне на пляжы ля ракі Нёман праходзілі спаборніцтвы Кубка на прызы Гродзенскай абласной федэрацыі футбола па пляжнай гульні “Кронан – брэг”, удзел у якіх прынялі шэсць каманд.

Пляжны футбол дастаткова малады від спорту, зарадзіўся ён толькі ў 1992 годзе – менавіта тады былі зроблены спробы ўніфікаваць правілы гульні. У Беларусі першы турнір прайшоў толькі ў 2008 годзе. А ў верасні мінулага года спаборніцтвы па пляжным футболе стартавалі ў горадзе Гродна.


Сёлета ў Гродне сабралася шэсць каманд – у групе А гулялі каманды “Медуніверсітэт” (г. Гродна), “Меліяратар” (г. Астравец), “ФК Пятроўскі замак” (г. Масква). У групу Б увайшлі “ГроднаЛіфт”, “Кіраўск-ДЮСШ” (г. Кіраўск), “Neman-Couch” (г. Гродна).


Кожная гульня складаецца з трох таймаў па 12 хвілін кожны. Першую наш “Меліяратар” правёў з камандай “Медуніверсітэт”. Напачатку гульні астравецкая каманда прайгравала з лікам 3:0, потым ёй удалося зраўняць лік, але ўтрымаць яго не атрымалася. У выніку 4:8 – перамога на баку саперніка.


Другую гульню “Меліяратар” правёў з “ФК Пятроўскі замак”. Да гэтага часу наша каманда ўжо адчула смак пяску і паводзіла сябе больш упэўнена. Астравецкія спартсмены ўпэўнена кантралявалі ўсю гульню – і перамаглі з лікам 5:2. Гэта перамога дазволіла камандзе заняць другое месца ў падгрупе А.


У паўфінале каманда сустрэлася з “ГроднаЛіфт”. Лік быў адкрыты на першай хвіліне, але на гэты раз удача была не на баку астравецкай дружыны – з лікам 6:2 яна саступіла гродзенскім футбалістам.


У другім паўфінальным матчы “Медуніверсітэт “ абыграў “Кіраўск” – і ў барацьбе за трэцяе месца сустрэліся няўдачнікі паўфіналу: астравецкі “Меліяратар” і каманда “Кіраўск”, адзін з удзельнікаў якой, Вадзім Бокач, – член нацыянальнай зборнай па пляжным футболе. Барацьба была нежартоўная. На жаль, астравецкая каманда прайграла – і заняла крыўднае чацвёртае месца ў гэтым рэспубліканскім турніры.


А пераможцам стала каманда “Медуніверсітэт”, якая абыграла “ГроднаЛіфт” з лікам 3:2.


Хаця, калі аналізаваць выступленне астравецкай каманды, улічваючы, што ў спаборніцтвах па пляжным футболе яны ўдзельнічалі ўпершыню, то і вынік атрымаўся нядрэнны.


Дарэчы, ужо сёлета на гарадскім стадыёне будуць абсталяваны пляцоўкі для гульні ў пляжны валейбол і пляжны футбол. Гэта стане добрай магчымасцю для баўлення вольнага часу і, магчыма, для выхавання будучых пераможцаў.


___________________


Алена ЯРАШЭВІЧ,


Фота з сайта 2krota.ru.