Прыемнае паражэнне для гервяцкіх баскетбалістаў

14:46 / 29.03.2012








Менавіта з такімі эмоцыямі вярталіся юныя гервяцкія баскетбалісты з таварыскай гульні, якая прайшла ў Смаргоні паміж вучнямі Гервяцкай сярэдняй школы і выхаванцамі Смаргонскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Трэба адзначыць, што смаргонцы, выхаванцы трэнера-выкладчыка С.А. Дурэйкі, неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод юнакоў розных узроставых груп. Таму гэтая сустрэча для гервяцкіх баскетбалістаў – якія, дарэчы, за два тыдні да гульні сталі чэмпіёнамі раёна – была сур’ёзным і адказным выпрабаваннем.
З першых хвілін спаборніцтва гаспадары далі зразумець, “хто ў хаце гаспадар” і завалодалі ініцыятывай. Але пасля гульня зраўнялася і пайшла на роўных. За шэсць хвілін да заканчэння паядынку гервятцы скарацілі адставанне ў ліку да аднаго ачка. І нічыя, а можа нават і перамога была так блізка – усяго толькі ў некалькіх трапных кідках у кальцо. Аднак усё ж такі вопыту ў сапернікаў было больш, яны скарысталі памылкі нашых юнакоў і ў выніку перамаглі з лікам 71:60.
Нягледзячы на пройгрыш, юныя гервяцкія баскетбалісты засталіся задаволенымі. Яны прадэманстравалі добрую тэхніку гульні, змагаліся да апошняга і наогул паказалі сябе на годным узроўні.
За арганізацыю паездкі хочацца падзякаваць кіраўніцтву аддзела адукацыі райвыканкама і метадысту па фізічнаму выхаванню М.І. Сінкевіч. Спадзяёмся, што такія сустрэчы з нашымі суседзямі стануць традыцыйнымі.


А. КАВАЛЕЎСКІ, настаўнік фізкультуры Гервяцкай СШ.