Островецкие школьники состязались в меткости и скорости

13:00 / 13.02.2014
Якраз у той час, як у алімпійскім Сочы падымалі сцяг нашай краіны, а беларускія алімпійцы рыхтаваліся да адкрыцця 22 Зімовай Алімпіяды, 112 астравецкіх школьнікаў удзельнічалі ў спаборніцтвах па біятлоне, лыжным спорце і стральбе – у Астраўцы праходзілі раённыя спаборніцтвы “Снежны снайпер”.

Адкрыццё зімовага спартыўнага мерапрыемства прайшло ў гімназіі №1. Спачатку тут адбылося ўзнагароджванне пераможцаў спаборніцтваў па зімовым шматбор’і “Абаронца Айчыны”.
Потым школьнікі-“снайперы” адправіліся ў цір, каб прадэманстраваць уменне трапна страляць. У гэтым годзе спаборнічалі на базе гімназіі №1 і СШ №1 Астраўца.
Тры пробныя стрэлы, пяць заліковых… Некалькі хвілін на падлік балаў – і прадэманстраваць навыкі ў стральбе запрашаюцца наступныя канкурсанты.
Лепшымі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод дзяўчат сталі Марыя Казлоўская з Падольскага НПК і Паліна Кандратовіч з СШ №1, а сярод хлопцаў – Дзяніс Качан з Падольскага НПК і Арцём Сінкевіч з Гудагайскай школы. Яны і занялі першыя месцы. Прычым у трапнасці дзяўчаты амаль не саступалі хлопчыкам і набралі прыблізна аднолькавую колькасць балаў.
Другі этап спаборніцтваў – лыжная гонка – праходзіў на гарадскім стадыёне. Дзень спрыяў настрою школьнікаў на перамогу: сонейка выглянула з-за хмар і асвяціла наваколле і невялікі марозчык прыемна казытаў, а не шчыпаў за шчокі і нос. А вось снегу было не вельмі шмат. З-за гэтага дыстанцыю вырашана было скараціць з трох да паўтара кіламетра.
Стартуе першая група дзяўчат. Некаторыя бягуць лёгка – і бачна, што гэты занятак прыносіць ім асалоду. Для школьнікаў малодшага ўзросту – гэта яшчэ адно выпрабаванне, якое не ўсім даецца з лёгкасцю.
Калі дыстанцыю прайшлі ўсе, дайшла справа да членаў журы, якія і падсумавалі вынікі. Лепшымі ў лыжнай гонцы сярод дзяўчат сталі Дар’я Рабкоўская з Рытанскага НПК і Дзіяна Кардаш з Варнянскай школы, а сярод хлопцаў – Дзмітрый Аляхновіч і Юсцін Базіс з Дайлідскай школы.
Вызначыць лепшых у біятлоне – а гэта значыць, падсумаваць вынікі стральбы і лыжнай гонкі – справа з няпростых. І ўсё ж у малодшай групе сярод дзяўчат перамогу святкавалі Марыя Казлоўская з Падольскага НПК і Карына Захарэўская з Дайлідскай школы. Другое месца заняла Карына Шатроўская з Міхалішкаўскай СШ. На трэцяй прыступцы п’едэсталу апынулася гудагайская школьніца Кацярына Маргуж.
У групе дзяўчат 2000-2001 гадоў нараджэння першае месца падзялілі ажно тры спартсменкі – Яна Шаблаўскайтэ з Гервяцкай школы, Паліна Кандратовіч і Паліна Шымковіч з СШ №1 Астраўца. Трэцяе месца заняла Эвеліна Даніла з Рытанскага НПК.
Перамогу ў біятлоне сярод хлопчыкаў святкавалі Артур Мураўскі з Дайлідскай школы. Дзмітрый Аляхновіч з Дайлідак стаў другім, Вадзім Духновіч з Кямелішкаўскага НПК – трэцім.
У старэйшай узроставай групе па суме балаў пераможцам быў прызнаны Юсцін Базіс з Дайлідскай школы, Арцём Сінкевіч з Гудагайскай СШ стаў другім, а Эрнэст Карэйва з Гервят – трэцім.
Па выніках спаборніцтваў першае месца занялі Гудагайская школа і Падольскі НПК, другое падзялілі Варнянскі НПК і Дайлідская базавая школа, трэцяе месца ў Міхалішкаўскай школы, СШ №1 Астраўца і Спондаўскай СШ.
19 лютага лепшыя астравецкія спартсмены прымуць удзел у абласных спаборніцтвах, якія пройдуць у Навагрудку.

---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.