Спартакіяда маладых спецыялістаў прайшла ў Гервятах

13:36 / 08.05.2012
1


Падобна, вясна вырашыла рэабілітавацца за сакавік, і ў апошнія дні парадавала ўсіх па-летняму цёплым надвор’ем. А калі сонейка свеціць ярчэй, то і настрой больш вясёлы і бадзёры. Таму на традыцыйную спартакіяду маладых спецыялістаў Астравецкага раёна, якую сумесна арганізавалі і правялі аддзел па справах моладзі райвыканкама, аддзел па фізкультуры, спорце і турызме і райкам БРСМ, каманды-ўдзельніцы прыехалі бадзёрымі, радаснымі і настроенымі на спаборніцтва і перамогу.


Ужо не першы год вясна збірае самых лоўкіх і спрытных, маладых і энергічных, актыўных і няўрымслівых, спартыўных і атлетычных прадстаўнікоў нашага раёна ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Вось і сёлета ўдзельнікі яшчэ задоўга да старту прыехалі ў прызначанае месца, каб паспець зарэгістравацца, патрэніравацца, маральна і фізічна падрыхтавацца да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. І пакуль адны заязджалі і пераапраналіся, іншыя ўжо распачалі сяброўскія спаборніцтвы па закідванні мячыка ў кальцо, бегу, размінцы, ну і, вядома ж, самы прыемны момант – радаснае прывітанне знаёмых. Наогул, упэўніваюся не першы раз, што падобнае спаборніцтва – найлепшая нагода і месца для сустрэчы сяброў і добрых знаёмых, якія жывуць у розных кутках раёна і не заўсёды могуць знайсці час, каб сустрэцца і пагаварыць. А тут не толькі пастасавацца – яшчэ і паспаборнічаць можна.


Нягледзячы на працоўны суботні дзень, пазмагацца і паспаборнічаць у розных відах спорту ў Гервяты прыехалі сем каманд: цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела ўнутраных спраў, аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, лясгаса і СВК “Варняны”, “Гервяты” і “Міхалішкі”. Асобнай камандай з’явіліся і работнікі аддзела культуры, каб парадаваць прысутных і падтрымаць удзельнікаў прыгожымі і вясёлымі музычнымі нумарамі.


Урачыстае пастраенне каманд, прывітальнае слова і жаданне поспеху ад першага сакратара райкама БРСМ Марына Кутовіч, знаёмства з відамі і правіламі спаборніцтваў, якія будуць праходзіць, і суддзямі, якія за гэтым будуць уважліва сачыць, гімн – і каманда: “Разысціся. Да пачатку – пяціхвілінная гатоўнасць”. Раённая спартакіяда маладых спецыялістаў распачата. А значыць, да цікавых відовішчаў і хвалюючых, напружаных паядынкаў засталіся лічаныя хвіліны.


У імгненне вока на яшчэ нядаўна пустой пляцоўцы ФАКа з’яўляецца спартыўны інвентар і абсталяванне для спаборніцтваў. Армрэстлінг, дартс, падыманне гіры і сілавая гімнастыка – усё гэтыя віды праводзяцца адначасова. Такім чынам, спаборніцтвы праходзяць хутка і рытмічна – і ад гэтага яшчэ больш цікава. Не падабаецца дартс – можна паглядзець на армрэстлінг, не па душы і гэты від спорту – калі ласка, да гіраў. Ну, а калі хочацца паглядзець усё і паспець усюды, давядзецца і самому прадэманстраваць некаторыя спартыўныя здольнасці. Такім чынам, спартакіяда праходзіць з карысцю і для ўдзельнікаў, і для балельшчыкаў.


Спачатку напраўляюся да “цяжкай артылерыі” – тут адносіны высвятляюць двое: спартсмен і 24-кілаграмовая саперніца. Тут усё проста: хто найбольш разоў яе падыме, той і пераможца. Але пры гэтым трэба дакладна выконваць адпаведныя правілы: падымаць гіру на ўсю выцягнутую руку, асабліва не размахвацца перад рыўком, ну і, вядома ж, не шпурляць 24-кілаграмоўку ў сапернікаў, што стаяць побач. Ад кожнай каманды ўдзельнічаюць па два чалавекі. Вось з гірай пазмагаўся першы ўдзельнік. Другім да яе падыходзіць Дзмітрый Лаздзін з раённай бальніцы. “Ну, гэта надоўга”, – каменціруе яго выхад Марына Кутовіч. “Як мінімум на паўгадзіны”.


Пакуль Дзмітрый “гуляецца” з гірай, мы падыходзім да пляцоўкі, дзе разгортваюцца спаборніцтвы па армрэстлінгу. Гэты спорт даўно пакарыў мяне. Ды як можна застацца раўнадушнай да сілавога і эмацыянальнага паядынку двух асілкаў? Вельмі цікава назіраць, як перакатваюцца ў напрузе мускулы маладых людзей, як стройныя і элегантныя дзяўчаты дэманструюць не толькі сілу рук, але і сілу волі... Лічаныя імгненні адбываецца процістаянне фізічнай сілы, псіхалагічнай настроенасці і ўласнага шанцавання. І пакуль сапернікі змагаюцца ў маўклівым, але эмацыянальна насычаным паядынку, балельшчыкі падтрымліваюць сваіх: “Давай, давай, давай!”, “Пакажы, на што здольны!”, “Юля, ты ж можаш!”.


Спаборніцтва праходзіла па алімпійскай сістэме: выйграўшы працягвае барацьбу, прайграўшы – выбывае. У выніку ў апошняй схватцы рук паміж сабой сустрэліся пагранічнік Валянцін Яўдакавец і Яўген Волкаў з лясгаса. Перамога дасталася Яўгену. У Валянціна – другое месца. “Бронзавым” прызёрам стаў Дзмітрый Бародка з Гервят.


Высвятлялі адносіны “на руках” і прадстаўніцы слабага полу. Тут на трэцім месцы аказалася Ганна Міжыгурская з ЦРБ, на другім месцы – Юлія Лукша з каманды РАУС. А пераможцай спаборніцтва ў чарговы раз стала Наталля Духновіч з лясгаса.


Па агульных выніках армрэстлінгу – трэцяе агульнакаманднае месца ў каманды аддзела ўнутраных спраў, другое занялі асілкі з Гервят, пераможцы – дружны тандэм з лясгаса.


Тым часам вяртаемся да гіравога спорту. Тут таксама кіпяць жарсці. У чарговага ўдзельніка, здаецца, мускулы напружаны да краю, на твары выступілі кропелькі поту, але ён зноў і зноў падымае гіру...


Трэцяе месца па гіравому спорту займае Валянцін Пятровічаў з аддзела пагранічнай службы, які падняў гіру 68 разоў. На другім – яго таварыш-пагранічнік – Аляксандр Папруга, яго вынік 84 разы. А “залаты” рэкорд – 137 разоў –  і шчырыя аварыі гледачоў, сяброў і журы чакана і заслужана атрымаў Дзмітрый Лаздзін з ЦРБ.


Агульнакаманднае трэцяе месца аказалася ў СВК “Гервяты”, на другім – пагранічнікі, першае месца займае каманда ЦРБ.


Дартс, ці кіданне дроцікаў у мішэнь – спаборніцтва цікавае і непрадказальнае. Бо тут важна быць не толькі спрытным, лоўкім і трапным, але не ў апошнюю чаргу – шчасліўчыкам. Бывае, што і цэлішся старанна, і ўсё павінна атрымацца –  а рука здрыганецца ў самы рашаючы момант... Сёлета мужчыны і жанчыны выступалі не паасобку, а разам. Ад кожнай каманды выступала пара, ачкі складваліся і атрымліваўся агульны вынік. На трэцім месцы ў дартсе сталі Валянціна Калпак і Віталій Філіпчык з Варнян. “Серабро” – у пары з лясгаса Людмілы Стрыжаус і Алега Бондзікава. Самымі трапнымі сталі Юлія Раткевіч і Марус Пятровіч (СВК “Гервяты”).


У гэтым годзе ў праграму спартакіяды дадаўся новы від спорту: настольны тэніс замяніла сілавая гімнастыка. Пакуль мужчыны падымалі гіры, жанчыны дэманстравалі гібкасць, хуткасць і грацыёзнасць. І ўсё гэта за адну хвіліну – менавіта столькі часу было адведзена для сілавой гімнастыкі, ці прасцей – “качання прэса”. Ад кожнай каманды ўдзельнічалі дзве жанчыны. У выніку трэцяе месца дасталася адразу дзвюм дзяўчатам: Анастасіі Палачанскай з Гервят і Алене Мястоўскай з РАУС з вынікам 52 разы. На адзін раз больш у “сярэбранай” прызёркі Таццяны Мятлеўскай (РАУС). Пераможцай стала пагранічніца Людміла Хамянок з паказчыкам 54 разы.


У агульнакамандным заліку па сілавой гімнастыцы трэцяе месца заняла каманда лясгаса, на другім – аддзел пагранічнай службы, першымі сталі дзяўчаты з міліцыі.


На гэтым умоўная першая частка спартакіяды скончылася. Пакуль арганізатары рыхтаваліся да наступнай, прысутных песнямі парадавалі работнікі культуры.


Стрытбол – гульня кшталту баскетбола, толькі на адно кальцо. Адпаведна, на адной пляцоўцы праходзілі дзве гульні. А значыць, назіраць за вострымі момантамі, удалымі і не вельмі кідкамі мячыка ў кальцо і рэакцыяй ігракоў было ўдвая цікавей. Гульня праходзіла па ранейшай сістэме: працягвалі барацьбу тыя, хто выйграваў матч. У выніку ў фінале сустрэліся каманда СВК “Гервяты” і аддзела пагранічнай службы. Перамога аказалася на баку гаспадароў. Цікавым, напружаным і відовішчным атрымаўся і матч за трэцяе месца, дзе паміж сабой гулялі каманды ЦРБ і лясгаса. Нават фінальны свісток арбітра не прынёс развязкі, бо на табло была нічыя. І толькі ў дадатковы час медыкі вырвалі перамогу.


Не паспелі ўціхамірыцца жарсці па стрытболу, як удзельнікаў на старт запрашалі эстафеты. Першую ўмоўна можна было б назваць “чароўная палачка”. Умова простая: бегчы на вызначаную адлегласць, перадаючы наступнаму спартсмену эстафетную палачку. Адзінае патрабаванне – рабіць гэта трэба было як мага хутчэй.


Наступная эстафета была больш складанай. Спачатку зігзагамі вакол спецыяльных знакаў да вызначанага месца трэба было дакаціць два баскетбольныя мячы. Затым, прыхапіўшы іх з сабою, пралезці праз абруч і хутка прыбегчы назад. На першы погляд, здаецца, усё проста. Але мячы, бы знарок, ніяк не жадалі слухацца і “разбягаліся” ў розныя бакі. Або на бягу выпадалі з рук. А без іх на фініш вяртацца ніяк нельга…


Пасля ўсіх забегаў і заданняў эстафеты прызавыя месцы падзяліліся наступным чынам: на трэцім аказаліся гервятцы, на другім – варнянцы, а самымі хуткімі і спрытнымі сталі міліцыянеры.


Заключная частка спартакіяды. Сіл ужо амаль не засталося. А яны тут ой як спатрэбіліся. Бо надышла чарга для самага відовішчнага і сілавога спаборніцтва – перацягвання каната. Па чарзе каманды спрабуюць перацягнуць яго кожны ў свой бок. А ён, падаўшы надзею адным, раптам аказаўся на баку іншай каманды.


Асабліва цікавым, напружаным і ў выніку зусім непрадказальным аказаўся паядынак за трэцяе месца паміж пагранічнікамі і супрацоўнікамі бальніцы. Даўно быў дадзены старт, а канат заставаўся амаль на месцы. І толькі дружнае: “Эх! Эх! Давай!” раздавалася з абодвух бакоў. Некалькі хвілін было невядома, хто заваюе “бронзу”. Ды толькі сіл у спартсменаў станавілася ўсё менш... І нарэшце канат перацягваюць медыкі! Радасці няма мяжы – у літаральным сэнсе вырваная перамога. Але… Гучыць свісток суддзі, і праз некалькі імгненняў высвятляецца, што ў агульным запале цягі да перамогі – у літаральным сэнсе гэтага слова – адзін з удзельнікаў каманды ЦРБ схапіўся рукамі за чырвоную стужку, а гэта па правілах рабіць забаронена. Такім чынам, трэцяе месца прысуджаецца камандзе аддзела пагранічнай службы.


Фінальная барацьба паміж лясгасам і СВК “Міхалішкі” атрымалася менш інтрыгуючай і напружанай. Хвілінны паядынак – і пераможцамі становяцца супрацоўнікі лясгаса. Міхалішкаўцы – “сярэбраныя” прызёры.


Усе этапы спартакіяды пройдзены. Каманды расслабіліся ў прыемным чаканні, а журы адправіліся падлічваць ачкі і вызначаць пераможцаў.


Спачатку ганаровымі дыпломамі пад шчырыя апладысменты былі ўзнагароджаны ўсе прызёры і пераможцы ў кожным з відаў спаборніцтваў.


А па выніках усіх праведзеных спаборніцтваў прызёрамі маладзёжнай спартакіяды сталі: пагранічнікі, якія занялі трэцяе месца, на другім – гервятцы, а першае месца ў лясгаса. Кожная з гэтых каманд была ўзнагароджана каштоўным падарункам.



Марына МАЦКЕВІЧ.