Хутчэй, вышэй, мацней – у абноўленай спартыўнай зале Гудагайскай СШ прайшла спартландыя
18:01 / 26.11.2018
Заканчэнне рамонтных работ у спартыўнай зале з нецярпеннем чакалі ўсе, хто мае дачыненне да Гудагайскай сярэдняй школы. Яшчэ летам тут распачаўся рамонт – ад старога памяшкання засталіся толькі сцены і столь, хаця, па праўдзе кажучы, і яны абнавіліся. У спартзале замянілі вокны і падлогу, тут з’явіліся новыя шведскія сценкі, футбольныя вароты і баскетбольныя шчыты. Заканчэнню рамонту радаваліся ўсе, менавіта таму і вырашылі ў чарговы раз даказаць, што вучні, іх бацькі і настаўнікі тут самыя спартыўныя, што, дарэчы, яны не раз пацвярджалі на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях.
– Кожны, хто пераступіў парог спартыўнай залы, быў прыемна здзіўлены. Тут будзе добра трэніравацца, умацоўваць здароўе і ісці да новых спартыўных перамог, – адзначыла намеснік дырэктара Жанна Леанардаўна Янцэвіч. – Мы ўдзячны кіраўніцтву раёна і аддзелу адукацыі за такі цудоўны падарунак.
Да пачатку спартландыі ўсіх, хто ў той дзень завітаў у школу, вучні запрашалі ў кафэ “Асілак”, дзе можна было падсілкавацца; Нязнайка і Воўк з задавальненнем пазіравалі дзецям і дарослым; а ў спартыўнай зале адбывалася фізкультурна-спартыўнае шоу, падчас якога школьнікі прадэманстравалі свае здольнасці: жангліравалі мячамі, скакалі на скакалцы, баксіравалі, танцавалі.
Бег з вядзеннем баскетбольнага мяча, велагонка, перадача мяча, скачкі ў даўжыню, конкурс “Кенгуру”, пераадольванне перашкод, бег праз абручы і складанне выказвання “Я люблю спорт” – весела, задорна і спартыўна дзеці і дарослыя, абганяючы адзін аднаго, рухаліся да фінішу.
– Спартыўныя спаборніцтвы ў школе праходзяць часта. І прыемна, што многія бацькі з задавальненнем у іх удзельнічаюць, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Валер’еўна Саевец. – Прычым падчас іх зусім не важна, хто стане пераможцам, галоўнае, што спорт аб’ядноўвае дзяцей і дарослых і дорыць ні з чым не параўнальныя ўражанні і добры настрой.
Што ж датычыцца пераможцаў, то на гэты раз імі сталі школьнікі. Яно і зразумела: на старт дзеці выходзяць значна часцей, чым настаўнікі і бацькі, якія падзялілі другое месца.
– Усё вельмі спадабалася: і абноўленая спартыўная зала, і спаборніцтвы, і нават другое месца не засмуціла, – расказалі ўдзельнікі бацькоўскай каманды. – Большасць з нас вучыліся ў гэтай школе – і нам ёсць з чым параўноваць. Зала сапраўды цудоўная! Жадаем настаўнікам і школьнікам радаваць нас сваімі спартыўнымі дасягненнямі.