Школьное лесничество Ворнянского УПК оказалось в числе победителей Всемирной олимпиады по посадке деревьев

11:00 / 02.03.2016
школьное лесничество ВорняныШкольнае лясніцтва “Лесавічок”, якое дзейнічае на базе Варнянскага НПК, неаднойчы станавілася пераможцам і дыпламантам розных конкурсаў. Сёлета скарбонка юных лесаводаў папоўнілася яшчэ адной узнагародай – на гэты раз міжнароднага ўзроўню.
Варнянскі НПК, дзякуючы дзейнасці юных лесаводаў, трапіў у дзясятку мацнейшых школ свету па выніках ІІ Сусветнай алімпіяды па пасадцы дрэў.

У алімпіядзе ENO Treelympics 2015, якая ў другі раз прайшла па ініцыятыве арганізатараў праграмы “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу”, удзельнічала 20 школ з Беларусі. А ў дзясятку пераможцаў увайшло 7 беларускіх школ, у тым ліку і Варнянскі НПК.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы хіміі і біялогіі Варнянскага НПК Алены Іванаўны Юркойць, прыняць удзел у Сусветнай алімпіядзе ім параілі суседзі – вучні і настаўнікі з сярэдняй школы №3 г. Ашмяны, якія, дарэчы, у мінулым годзе атрымалі “золата”.
Умовы алімпіяды дастаткова простыя: трэба было зарэгістравацца на спецыяльным сайце, пакінуць кантактныя даныя, звесткі пра колькасць удзельнікаў і пасаджаных дрэў (з адпаведным пацвярджэннем).
А варнянцам было чым пахваліцца. На працягу мінулага года вучні разам з настаўнікамі пры падтрымцы раённых і мясцовых улад, грамадскіх аб’яднанняў заклалі ў Варнянах парк з 70 бярозак у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, разбілі побач са школай яблыневы сад, а таксама дапамагалі мясцоваму лясніцтву ў пасадцы лесу. І хто б мог падумаць, што за цэлы год юныя лесаводы пасадзілі 44 034 (!) саджанцы туй, сосен і бяроз.
Праца школьнікаў была адзначана. Напярэдадні навагодніх свят прадстаўнікі Варнянскага НПК атрымалі ад арганізатараў ІІ Сусветнай алімпіяды па пасадцы дрэў запрашэнне прыняць удзел у семінары і цырымоніі ўзнагароджвання ў Стамбуле.
На жаль, трапіць у Турцыю ў нашых лесаводаў не атрымалася. Аднак памятны сертыфікат і кнігі кіраўнік праекта Алена Іванаўна Юркойць і актыўная ўдзельніца алімпіяды Анжаліка Масойць усё ж атрымалі: 4 лютага ва ўрачыстай абстаноўцы ў аддзеле Пасольства Фінляндыі ў Беларусі былі ўшанаваны лепшыя школы-ўдзельніцы, у тым ліку і Варнянскі НПК, якія ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых школ свету па выніках ІІ Сусветнай алімпіяды па па-садцы дрэў.
Віншуем варнянскіх школьнікаў і жадаем новых перамог!

Для даведкі
ENO Treelympics – алімпіяда па пасадцы дрэў сярод навучальных устаноў усяго свету, якая доўжылася 217 дзён. Яна праходзіць пад дэвізам “Хутчэй. Больш. Мацней.”

Цікава ведаць
У алімпіядзе ENO Treelympics прынялі ўдзел педагогі, навучэнцы і бацькі з 1 256 школ з 86 краін свету.
Усяго было пасаджана 997 501 дрэва.
Па колькасці пасаджаных дрэў – а гэта 527 371 саджанец – Беларусь апынулася ў неаспрэчных лідарах.

Меркаванні ўдзельнікаў
Алена Іванаўна Юркойць, кіраўнік праекта:
– Прыемна, што наша праца адзначана на такім высокім узроўні. Шчыра прызнацца, нават не разлічвалі, што ўвойдзем у дзясятку лепшых школ свету. У наступным годзе пройдзе ІІІ этап алімпіяды, у якім мы таксама з задавальненнем прымем удзел.

школьное лесничество Ворняны1Анжаліка Масойць, вучаніца 11 класа, член школьнага лясніцтва “Лесавічок”:
– Я вельмі ўдзячна Алене Іванаўне, за тое, што мне выпаў гонар прадстаўляць наша школьнае лясніцтва ў Мінску падчас узнагароджвання. Мне спадабалася, як нас прынялі ў аддзеле Пасольства Фінляндыі ў Беларусі. Арганізатары, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, – вельмі шчырыя, адкрытыя і простыя людзі. Лічу, што школьнікі павінны прымаць удзел у падобных мерапрыемствах, таму што ад кожнага з нас залежыць лёс нашай планеты, краіны і вёскі.

-----------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.