В новом детском саду открыли музей
14:00 / 30.04.2015

З адкрыццём новай дашкольнай установы ў адміністрацыі і выхавальніц дзіцячага садка ўзнікла задумка арганізаваць тут этнаграфічны куток.
– Мы пачалі збіраць экспанаты для нашага музейнага кутка, – расказвае намеснік загадчыка ясляў-сада №1 Галіна Восарава. – І дзеці, і дарослыя ўключыліся ў пошукавую работу. Пакрысе, дзякуючы работніку дашкольнай установы Мікалаю Уладзіміравічу Герману, выхавальніцам, дзецям і іх бацькам, у нас з'явіліся збаны, ткацкія прылады, цапы, жорны, барана, прас, патэфон, дзіцячая люлька, драўляныя граблі, ручнікі і шэраг іншых экспанатаў.
Калі старых рэчаў набралася шмат, выхавальніцы ўзяліся за стварэнне этнаграфічнага кутка, які размясціўся ў фае і атрымаў назву «А ці не злазіць на гарышча?».
Першымі наведвальнікамі выставы, вядома, сталі выхаванцы дзіцячага садка, потым яе наведалі бацькі і госці. Сёння хлопчыкі і дзяўчынкі пры дапамозе выхавальніц праводзяць тут экскурсіі для сваіх аднагодкаў і бацькоў. І мараць пра адкрыццё музейнага пакоя з відэасалонам, каб наведвальнікі музея маглі атрымаць поўнае ўяўленне пра жыццё і побыт сваіх продкаў.

– На жаль, сёння чалавек прапануе ручніку незайздросную долю, хоць у даўнія часы ён быў абярэгам сям'і. І таму мы з дзецьмі хочам, каб ручнік стаў не толькі музейным экспанатам, але і каб людзі заўважылі яго сярод сучасных вырабаў і каб ён стаў рэліквіяй, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, – расказвае Галіна Андрэеўна Восарава. – Мы збіраемся наладжваць этнаграфічныя экспедыцыі і будзем працягваць збіраць старыя рэчы, якія вельмі часта пыляцца на гарышчах вясковых хат.
Верыцца, што ў хуткім часе ў яслях-садку №1 з'явіцца сапраўдны этнаграфічны музей, які стане гонарам не толькі гэтай дашкольнай установы, але і ўсяго раёна.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.