В Островце прошёл районный конкурс "Учитель года"

13:00 / 02.02.2014
Напрыканцы тыдня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў раённы этап прафесійнага конкурсу “Настаўнік года”, удзельнікамі якога сталі 12 педагогаў з розных школ і дашкольных устаноў нашага раёна.
Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” стартаваў яшчэ ў лістападзе 2013 года. Яго ўдзельнікамі на першым этапе сталі 88 педагогаў, якія ў сваіх школах і садках далі адкрытыя ўрокі і падрыхтавалі прэзентацыі пра ўласную педагагічную дзейнасць.
У кожнай установе былі выбраны пераможцы, якія накіравалі заяўкі на раённы этап. Такіх аказалася 23.

Раённы конкурс праходзіў у тры этапы. Спачатку педагогаў чакала завочная ступень. Кожны з канкурсантаў прадаставіў метадычную распрацоўку ўрока, пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці і мультымедыйную самапрэзентацыю. Членам журы неабходна было перагледзець усе прадстаўленыя матэрыялы, выставіць балы і выбраць лепшых.
Педагогам, якія прайшлі ў наступны тур раённага этапу, давялося “папацець”. Іх чакала некалькі выпрабаванняў. Спачатку ўсе 12 канкурсантаў далі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах гімназіі №1 і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 Астраўца – і за свае старанні атрымалі балы ад членаў журы, якія прысутнічалі на ўроках. Трэба адзначыць, што амаль усе канкурсанты вельмі хутка справіліся з хваляваннем і прадэманстравалі навыкі сваёй педагагічнай дзейнасці.
А напрыканцы тыдня педагогі – фіналісты раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” – сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, каб публічна прадставіць сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці на тэму “Навучаючы, я выхоўваю”.
Менавіта тут было найбольш складана справіцца з хваляваннем, бо на сцэну былі скіраваны дзясяткі поглядаў: спачувальных, захопленых, іранічных, крытычных. У кінаканцэртнай зале сабралася і журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты і метадысты аддзела адукацыі, спорту і турызму пад кіраўніцтвам начальніка Наталлі Іосіфаўны Станкевіч. Лепшых педагогаў “журылі” таксама намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
Сёлета вопытам сваёй прафесійнай дзейнасці дзяліліся з педагогамі і журы дзесяць прыгожых жанчын і адзін мужчына.
Першай выйсці на сцэну выпала настаўніцы пачатковых класаў Эліне Віктараўне Гражуль-Гульбінскай. Але ёй не прывыкаць! Менавіта настаўнікам пачатковых класаў звычайна даводзіцца быць першымі для школьнікаў, якія толькі пераступаюць парог школы. Эліна Віктараўна з веданнем справы расказала пра сваю любімую работу, якой аддадзена ўжо дваццаць гадоў жыцця. Перад членамі журы паўстала сапраўдная Мэры Попінс, якая з першага класа думае пра будучае дзяцей. Менавіта таму настаўніца захапілася інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія з задавальненнем выкарыстоўвае на сваіх уроках і на якія з гатоўнасцю адгукаюцца дзеці. А выступленне на вялікай сцэне і ўдзел у конкурсе жанчына прысвяціла свайму бацьку, які заўсёды быў для яе найлепшым прыкладам.
Адзіны мужчына-канкурсант – настаўнік фізічнай культуры і здароў’я Гудагайскай сярэдняй школы Артур Слававіч Грачанік – не толькі захоплены спортам і здаровым ладам жыцця, да гэтага ён прывучае і сваіх вучняў. Нягледзячы на тое, што яго педагагічны стаж складае толькі два гады, ужо сёння ён дакладна ведае, што знайшоў сваё прызванне і таму лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Падтрымаць любімага настаўніка прыехалі і яго вучні, якія з воклічамі “Ура! Фізкультура!” прадэманстравалі агністы спартыўны танец.
Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца Ірына Віктараўна Перко сваё выступленне падзяліла на дзве часткі. У першай гледачам была прадстаўлена цікавая відэапрэзентацыя, падчас якой добрыя словы ў адрас выхавальніка выказалі і кіраўнік, і бацькі, і дзеці. А ў другой частцы Ірына Віктараўна раскрыла асноўныя пастулаты тэмы па самаадукацыі: “Сэнсарнае выхаванне ў паўсядзённым жыцці дашкольнікаў”, над якой малады педагог працуе ўжо два гады. Зробленае ёй уражвае. Так працаваць могуць толькі ўлюбённыя ў сваю справу людзі!
Настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Таццяна Валянцінаўна Казак многім першакласнікам дала пуцёўку ў жыццё. Менавіта ад настаўніка, лічыць Таццяна Валянцінаўна, залежыць, якім вырасце дзіця – кволай раслінкай ці магутным дрэвам. Таму ўжо ў пачатковых класах настаўніца знаёміць сваіх выхаванцаў з цудоўным светам прафесій, прывівае ім навыкі здаровага ладу жыцця і патрыятызму, удзельнічае разам са сваімі школьнікамі ў алімпіядах, конкурсах і навуковых канферэнцыях. А шэраг яе публікацый і дапаможнікаў для калег-педагогаў дазваляе ўсім даведацца пра яе вопыт.
Алена Уладзіміраўна Шымковіч з дзяцінства марыла быць педагогам – гэта ўплыў яе бабулі і адначасова першай настаўніцы Алены Баляславаўны Ковель. І мара дзяўчынкі ажыццявілася: пяць гадоў Алена Уладзіміраўна працуе ў пачатковых классах Мальскай школы. І як аказалася, поўнасцю адпавядае патрабаванням дырэктара, калег, бацькоў і дзяцей. Малады педагог актыўна ўкараняе ў педагагічную дзейнасць сістэму шасці “Т” – “труд, терпение, теплота души, творчество, требовательность, тактичность” (на рускай мове – аўт.). І, гледзячы на яе запал, разумееш, якім павінен быць сапраўдны педагог!
Алена Чаславаўна Севасцьян выкладае ў гімназіі №1 англійскую мову. Таму і да гледачоў, што сабраліся ў зале, звярнулася па-англійску. Настаўніца запрасіла ўсіх на педагагічны занятак, падчас якога не толькі расказвала, чым яна займаецца на ўроках, але і спявала песні, чы-тала свае вершы. Словам, глядзелася яна вельмі цэльна, упэўнена і прыгожа.
Яніна Іванаўна Куцько выкладае біялогію ў Альхоўскай сярэдняй школе. Хоць у маладосці пры выбары прафесіі прысутнічаў элемент выпадковасці, жанчына ўпэўнена, што знаходзіцца на сваім месцы. Праўда, адчула яна гэта толькі тады, калі пачалі з’яўляцца плады яе працы. І сёння Яніна Іванаўна ўпэўнена, што менавіта на плечы настаўніка ўскладзена самая дастойная місія.
Настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Наталлю Гендрыкаўну Адула прыехалі падтрымаць яе вучні, якія не толькі падняліся разам з ёй на сцэну, але і дапамагалі сваёй падтрымкай з залы. Сваё школьнае жыццё Наталля Гендрыкаўна параўнала з кнігай, у якой ёсць пачатак і канец. Пачатак яе кнігі запоўнены прыемнымі ўспамінамі, сярод якіх – выбар прафесіі, час рэалізацыі планаў, збор педагагічнага ўраджаю, час роздуму і асэнсавання памылак. А да апошняй старонкі кнігі яшчэ вельмі далёка. Менавіта таму дэвіз Наталлі Гендрыкаўны – адукацыя праз усё жыццё. І чамусьці верыцца, што школьная кніга Наталлі Гендрыкаўны будзе мець добры працяг.
Дваццаць гадоў выкладае родную мову ў Падольскай школе Тамара Іосіфаўна Качкан. Яна не любіць сядзець на месцы і пастаянна знаходзіцца ў пошуку. А яшчэ лічыць, што дрэнны той настаўнік, які пасля ўрокаў бяжыць дадому. Сваё выступленне Тамара Іосіфаўна прадставіла на беларускай мове з элементамі дасціпнага гумару, чым, напэўна, і падкупіла членаў журы і гледачоў.
Настаўніца пачатковых класаў Варонскага дзіцячага садка-пачатковай школы Наталля Чаславаўна Ількевіч ніколі не разумела, як можна жыць без дзяцей і не любіць іх. Для настаўніцы кожны дзень, праведзены з яе “пачаткоўцамі” – гэта новая старонка гісторыі, у якой не можа быць канца. Сёння настаўніца вельмі ўдзячна педагогам, з якімі звёў яе лёс, бо кожны з іх навучыў яе любіць настаўніцкую прафесію.
Апошняму, як і першаму, выходзіць на сцэну складана. Такі лёс на гэты раз выпаў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 Вользе Іванаўне Грынцэвіч. У школе яна працуе трэці год і пахваліцца вялікім вопытам пакуль не можа. Але ўжо тое, што настаўніца пастаянна знаходзіцца ў пошуку, разам са сваімі вучнямі праводзіць мерапрыемствы, падарожнічае і адкрывае нешта новае, заслугоўвае ўвагі і павагі.
Яшчэ адна ўдзельніца конкурсу, якая прайшла завочны этап, – выхавальніца яслей-сада “Дубок” Ірына Чаславаўна Ган – на момант правядзення конкурсу знаходзілася на курсах. Аднак і яна падрыхтавала відэапрадстаўленне, якое змаглі паглядзець члены журы, канкурсанты і гледачы. Напачатку пра сваю выхавальніцу распавялі “супрацоўнікі дзіцячага тэлебачання”, а потым пра сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці расказала і сама педагог.
Сёлета рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года” праводзіўся па намінацыях. Менавіта таму і падчас раённага этапу былі выбраны тры педагогі, якія вельмі хутка прадставяць Астравеччыну на занальным этапе абласнога конкурсу “Настаўнік года”. Імі сталі настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Астраўца Таццяна Валянцінаўна Казак, філолаг Падольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Тамара Іосіфаўна Качкан і настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян. Пераможцы конкурсу атрымалі ў падарунак ад раённага выканаўчага камітэта планшэты, а ўсе лаўрэаты раённага этапу сталі ўладальнікамі радыётэлефонаў.
Цёплыя словы віншавання і падарункі адрасавала пераможцам конкурсу і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.У. Сянюць.
У цэлым жа конкурс перарос у нешта значна большае, чым выпрабаванне – ён стаў святам для педагогаў, у якіх з’явілася яшчэ адна падстава для сустрэчы.
А на справе конкурс яшчэ раз пацвердзіў, што ў нашых школах шмат годных педагогаў з ганаровым званнем Настаўнік.
Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” закончыўся. Наперадзе ў пераможцаў –
занальны этап, які ў гэтым годзе будзе праходзіць у Астраўцы. Таму будзем спадзявацца, што словы прыказкі “дома і сцены дапамагаюць” спраўдзяцца, і ў нашых настаўнікаў атрымаецца пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні на занальным этапе.


За час існавання рэспубліканскага конкурсу – а зарадзіўся ён у суверэннай Беларусі ў 1995 годзе – яго пераможцамі на раённым этапе станавіліся сённяшні дырэктар гімназіі №1, а на той час – настаўніца хіміі СШ №1 Ірына Антонаўна Лях, настаўнікі замежнай мовы гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян, рускай мовы і літаратуры Таццяна Вадзімаўна Берняковіч, пачатковых класаў Наталля Казіміраўна Шукяловіч і філолаг Варнянскага НПК Ганна Мечыславаўна Пацэль.


«У раённым конкурсе я ўдзельнічаю другі раз. І лічу, што падобныя конкурсы – гэта добрая падстава для самарэалізацыі педагога. Перамогу я, канешне, не планавала, але да конкурсу рыхтавалася. Радавацца ці не – пакуль што не ведаю. Адно магу сказаць: мне вельмі прыемна, і ўражанні ад сённяшняга мерапрыемства вельмі добрыя. Для мяне яно стала не проста конкурсам, а прыгожым святам для педагогаў», – падзялілася ўражаннямі ад конкурсу адна з пераможцаў раённага этапу Алена Чаславаўна Севасцьян.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.