Методическая копилка: Как заинтересовать школьников учебным предметом?

09:00 / 07.05.2013
Пытанне “Як зацікавіць школьнікаў сваім прадметам?” не раз, напэўна, паўставала перад маладымі педагогамі. Магчыма, наша новая рубрыка, у якую мы будзем запрашаць настаўнікаў-ветэранаў, дапаможа ім знайсці адказ на гэтае вечнае пытанне.
Першым нашым госцем стала Марыя Паўлаўна Пешка, ветэран педагагічнай працы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі:

– На плячах настаўнікаў ляжыць вельмі вялікая адказнасць: не толькі вучыць грамаце, але і развіваць здольнасці дзяцей, выхоўваць словам, прыкладам. Перш-наперш трэба выявіць схільнасці і здольнасці вучняў, а потым прыступаць да рэалізацыі свайго прызначэння. Кожны вучань у дарослае жыццё пойдзе сваім шляхам, і настаўнік павінен дапамагчы яму правільна абраць сваю жыццёвую дарогу – але для гэтага патрэбна вялікая любоў настаўніка да свайго прадмета, творчае натхненне, пошук і добры настрой.
Я заўсёды прадумвала планаванне ўрока, фарміравала навучальныя, развіццёвыя і выхаваўчыя мэты ўрока так, каб яны былі скіраваны на карысць вучняў, а не на аўтарытэт настаўніка. Стварала ў класе атмасферу працаздольнасці, даверу і ўзаемапавагі. Ніколі не падымала вучня па стойцы “смірна” для адказу. Дзеці самі выбіралі, як ім лепш адказваць: перад класам, каля дошкі, седзячы за партай.
Дазваляла пры гэтым пры неабходнасці карыстацца канспектамі ці дапаможнай літаратурай. Такі падыход надаваў вучням больш упэўненасці, смеласці, раскаванасці. На ўроках літаратуры вучыла дзяцей адстойваць свае перакананні, што давала магчымасць самастойна думаць, спрачацца, выказваць сваю думку, але пры гэтым умець слухаць іншых і рабіць абгрунтаваныя вывады. А настаўніку трэба абавязкова бачыць і чуць адказы вучняў. Раскаванасць, самастойнасць, давер – вялікая справа на ўроку.
Пазнавальны інтарэс на ўроках літаратуры развівала шляхам правядзення завочных падарожжаў, віктарын, урокаў-конкурсаў, урокаў-алімпіяд, гульняў, творчых справаздач, вечарын, выстаў “навуковых” распрацовак. Такія ўрокі
патрабуюць шмат падрыхтоўкі, сіл і намаганняў, але ж вынікі і карысць ад іх – вялікія! Па-першае, у ім удзельнічаюць усе вучні, па-другое, кожны выбірае сабе заданне па магчымасцях і інтарэсах. Цікава, захапляюча – а колькі пазнання!
У маёй практыцы здарыўся такі выпадак. Я пайшла на заслужаны адпачынак – і не паспела давучыць сваіх вучняў, не ўсе тэмы прайшла па курсе “Пунктуацыя беларускай мовы”. І вучні яшчэ амаль цэлы год бегалі да мяне дамоў у вольны час “на ўрокі”. У нашай хаце, як гаварыў муж, быў “лікбез”. І дзецям было добра, і я не сумавала, без праблем перайшла ў новы статус – беспрацоўнай настаўніцы. Дарэчы, тэсціраванне мае вучні здалі проста цудоўна!
Я часта паказвала дзецям асабісты прыклад, сваё стаўленне да працы, вучыла іх любіць родную мову, чытала ім свае вершы, нарысы, урыўкі з апавяданняў. З часам мае вучні – Насця Валанцэвіч, Таня Дабракова, Віка Сянюць, Антаніна Янкойць – таксама пачалі пісаць вершы. Асаблівы мой гонар – вучні, якія абралі ў будучым для сябе прафесію настаўніка. Сёння беларускую мову і літаратуру ў Альхоўскай школе выкладае Рэната Францаўна Салавей, Антаніна
Янкойць заканчвае лінгвістычны ўніверсітэт, але, нягледзячы на тое, што асноўная яе прафесія завязана з замежнымі мовамі, яна ўдасканальвае і беларускую: Антаніна – прызёр універсітэцкіх конкурсаў мастацкага чытання.
Тое насенне, якое я сеяла на працягу амаль сарака гадоў, дае ўраджай. І ён абяцае быць вялікім і каштоўным. І я зразумела, што нездарма жыву на свеце. Дэвіз, які я некалі абрала для сябе: “У навучанні – выхоўвай, а ў выхаванні – навучай” – я перадала і сваім вучням.