Островецкие каратисты демонстрировали своё мастерство в Гродно

12:00 / 08.05.2013
Майстэрства бою па ката і кумітэ дэманстравалі юныя каратысты Астравеччыны падчас адкрытага першынства вобласці па кёкусінкай, якое прайшло ў Гродне.

На спаборніцтва разам са сваім трэнерам Дзмітрыем Куцько адправіліся пяць астраўчан. Для кагосьці з іх гэта было чарговае спаборніцтва, а для некага – першы адказны і сур’ёзны дэбют у каратэ.
Дзесяцігадовы Данік Махневіч на такім сур’ёзным спаборніцтве выступаў упершыню. Хлопчык удзельнічаў у двух відах  спаборніцтваў: ката – тэхнічны комплекс практыкаванняў, які выконвае адзін чалавек, а суддзі ацэньваюць, і кумітэ – спарынгавыя баі. Астраўчанін добра правёў баі, але сапернікі былі больш вопытныя, і Данік уступіў, хаця і з невялікай розніцай. Такім чынам, як адзначыў трэнер, дэбют у хлопца прайшоў вельмі нядрэнна.
Мікіта Спірыдонаў, якому таксама дзесяць гадоў, пачаў займацца каратэ яшчэ ў Расіі. Не так даўно ён з бацькамі прыехаў жыць у Астравец, аднак заняткі каратэ вырашыў працягваць і запісаўся ў секцыю да Дзмітрыя Куцько. Як адзначае трэнер, у Расіі Мікіта займаўся ў некалькі іншым стылі, і зараз яму прыходзіцца крыху перавучвацца і спасцігаць новыя асаблівасці. Для больш хуткай адаптацыі юнак і вырашыў паўдзельнічаць у першынстве. І недарэмна – у спаборніцтве па ката ён заняў першае месца.
Саша Верамейчык (13 гадоў) ужо не першы раз выступае на падобных спаборніцтвах. На гэты раз ён заняў трэцяе месца  ў спарынгавых баях.
Для пятнаццацігадовага Яраслава Бароўскага з Гудагая гэтае першынство таксама было першым сур’ёзным спаборніцтвам. Ужо падчас жараб’ёўкі яму не вельмі пашанцавала – трапіліся моцныя сапернікі. Тым не менш першы бой Яраслаў выйграў па ачках, тым самым зарабіўшы для сябе каштоўныя балы, у другім па рашэнні суддзяў таксама быў названы лепшым. А вось у паўфінале юнаку крыху не хапіла для перамогі, і ён саступіў, хоць з невялікай розніцай. Такім чынам, Яраслаў стаў трэцім. А гэта вельмі добры вынік для пачынаючага. Тым больш, што, па словах трэнера, юнаку ўласцівыя такія якасці, як рашучасць, настойлівасць і ўпартасць. І значыць, можна спадзявацца на новыя дасягненні Яраслава.
Дзіма Патаповіч (16 гадоў) – не навічок у каратэ і ўжо ўдзельнічаў у спаборніцтвах. З гэтага спаборніцтва юнак таксама вярнуўся бронзавым прызёрам.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта sport.permkrai.ru