Школьники Островетчины боролись за звание "Снежного снайпера"

10:00 / 31.01.2013

У Астраўцы прайшлі раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер”.


У апошнія гады спартыўнай падрыхтоўцы школьнікаў надаецца вялікая ўвага, і таму шматлікія спаборніцтвы па розных відах спорту праводзяцца амаль кожны тыдзень.
У суботу ў Астравец з розных школ раёна з’ехаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, якія не ўяўляюць свайго жыцця без зімовых відаў спорту – у прыватнасці, лыжаў.
Спаборніцтвы сярод школьнікаў былі арганізаваны ў дзвюх узроставых катэгорыях – малодшая група (2001-2002 гады нараджэння) і старэйшая (1999-2000 гады нараджэння). І нягледзячы на марознае надвор’е, прыняць удзел у дзіцячых спаборніцтвах пажадалі ажно 128 школьнікаў.
Першая частка іх праходзіла ў лесапаркавай зоне – тут школьнікі дэманстравалі свае магчымасці ў лыжнай гонцы. Прабегчы 3 кіламетры класічным стылем – задача не з лёгкіх. Але ўсе рабяты справіліся з гэтым выпрабаваннем.
Прасцейшым быў другі этап спаборніцтваў, які праходзіў на базе гімназіі №1 – тут школьнікі стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. Па выніках двух этапаў і вызначалася агульнае месца.
Лепшымі ў малодшай групе сярод дзяўчат сталі Ксенія Лапуня з Гервяцкай школы – дзяўчынка заняла першае месца, другой стала Саша Лаўрэцкая з Гудагайскай СШ, трэцяй – Эвеліна Даніла з Гервят.
Сярод дзяўчат старэйшай узроставай групы перамогу святкавала Дзіяна Мілаш з Міхалішкаўскай школы, другое месца заняла Паліна Усціновіч з Гервяцкай СШ, трэцяй стала Вераніка Сідарава з Падольскага НПК.
Сярод хлопчыкаў, якія выступалі ў малодшай узроставай групе, лепшым па выніках двух этапаў спаборніцтваў стаў Мікіта Кушлевіч са Спондаў, другое месца заняў Кірыл Сянюць з гімназіі №1, трэцяе – Сяргей Пятровіч з Дайлідскай СШ.
У старэйшай узроставай катэгорыі першае месца журы прысудзіла Аляксею Гаўрыльчыку з Міхалішкаўскай школы. Другое месца – у Валерыя Грамбоўскага з Дайлідак, трэцяе заняў Ігар Алёкса з Гудагайскай СШ.
Па выніках спаборніцтваў у індывідуальным заліку былі вызначаны пераможцы ў агульнакамандным заліку. Так, дзякуючы настойліваму імкненню да перамогі больш за ўсё балаў набрала каманда школьнікаў з Гервяцкай школы – яна і заняла І месца. Другое месца прынеслі сваёй школе спартсмены з Міхалішак. І трэцяе месца – у лыжнікаў гімназіі №1. Нядрэнна праявілі сябе і юныя спартсмены з базавых школ. Першае месца журы прысудзіла Мальскаму НПК, другое – Трокенікскай школе.
Усе пераможцы і прызёры спаборніцтваў будуць узнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі і памятнымі падарункамі аддзела па фізкультуры, спорце і турызме Астравецкага райвыканкама.
У сярэдзіне лютага лепшыя спартсмены Астравеччыны прымуць удзел у абласных спаборніцтвах, якія сёлета пройдуць у Навагдудку.
Пажадаем ім поспеху!


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Эдуарда ІВАНАВА.