Гудогайцы за здоровый образ жизни

17:00 / 30.11.2012

Спартыўнае свята “Дзеці, бацькі, настаўнікі – за здаровы лад жыцця” сабрала ў Гудагайскай школе ў мінулыя выхадныя вялікую колькасць аматараў спорту. Тут прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, удзельнікамі якіх сталі тры каманды – школьнікаў “БЭМС”, бацькоў “Новае пакаленне” і педагогаў “ФІФ”.


Усё было, як на сапраўдных спаборніцтвах – пастраенне каманд, гімн, падняцце сцяга, адкрыццё спаборніцтваў і прадстаўленне журы, у лік якога, акрамя намесніка дырэктара школы Г.А. Шоцік і прадстаўніка спартыўнага сектара школьнага самакіравання Уладзіміра Шафрана, давялося трапіць і мне, як прадстаўніку бацькоў. І шчыра прызнаюся: “журыць” было цяжка – хацелася, каб перамаглі мацнейшыя, але сэрца разрывалася паміж настаўнікамі, бацькамі і дзецьмі.
Калі для школьнікаў прапанаваны набор конкурсаў не павінен быў выклікаць ніякіх цяжкасцей, то педагогаў і бацькоў спачатку напалохалі нават іх назвы. “Хто хутчэй”, “Конік”, “Тунэль”, “Хакеіст”, “Тэнісіст”, “Раскладзі і збяры”, “Пераправа” і шэраг іншых. І хоць конкурсаў было шмат, прайшлі яны на адным дыханні і ўвесь гэты час зала шумела, нібы вулей –  кожны “хварэў” за выбраную каманду.
– Я заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у школе, – гаворыць старшыня школьнага бацькоўскага камітэта Таццяна Козіч. – І сённяшняе спартыўнае свята – толькі пацвярджэнне таго, як важна супрацоўнічаць бацькам, педагогам і дзецям. Гэта свята стала не толькі добрай магчымасцю стаць больш спартыўнымі і вясёлымі, але і зразумець, што мы патрэбны адзін аднаму.
Пераможцамі ў спаборніцтвах стала каманда вучняў, на другім месцы апынуліся бацькі, і трэцяе занялі педагогі. Але ніхто не застаўся без узнагарод. Усе каманды атрымалі дыпломы і медалі, у кожнай быў выбраны лепшы ігрок, які ў падарунак ад аддзела па фізкультуры, спорце і турызме атрымаў кнігу “Зоркі Гродзенскага спорту”, а бацькі, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, былі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі адміністрацыі школы.
Свята не атрымалася б такім урачыстым і ў той жа час вясёлым, каб не арганізатарскія здольнасці настаўніка фізічнай культуры Артура Слававіча Грачаніка.
Закончыліся спаборніцтвы салодкім сталом, падчас якога вучні, бацькі і педагогі намецілі планы на будучыню.