Рымдзюнская “Вясёлка”

16:54 / 14.07.2010

Кожны год самыя актыўныя дзеці з усіх школ раёна збіраюцца менавіта тут – у летніку піянерскага актыву “Вясёлка”. Жадаючых адпачыць у Рымдзюнах вельмі шмат, таму і сёлета работа летніка арганізавана ў дзве змены. Першая ўжо завяршылася, а другая – пачалася.


За васемнаццаць дзён, якія дзеці правялі падчас першай змены ў “Вясёлцы”, яны не толькі добра адпачылі, аздаравіліся, пападарожнічалі па роднай краіне, але і сталі сапраўднымі сябрамі. У гэтым годзе большасць мерапрыемстваў была прысвечана 65-годдзю Вялікай Перамогі, хаця дырэктар і важатыя не забываліся пра спорт і здароўе, забавы і гульні.
Упершыню за чатыры гады ў летніку сабраўся новы калектыў. Маладыя спецыялісты, якія на працягу вучэбнага года працавалі ў школах нашага раёна, прыехалі ў летнік, каб бліжэй пазнаёміцца з дзецьмі і разнастаіць адпачынак. Іх маладосць і ініцыятыўнасць, канешне, унесла новы дух у работу летніка. Аляксандра Лукіна, Валерый Кулеш і Павел Букель сталі для дзяцей добрымі памочнікамі ва ўсіх справах і пачынаннях.
Кожны дзень праводзіліся сустрэчы і конкурсы, мерапрыемствы і спаборніцтвы. Акрамя традыцыйных “Містэр-2010” і “Міс-2010”, гульнёва-пошукавай гульні “Па слядах Кукарамбы”, якія штогод праводзяцца ў “Вясёлцы”, дырэктар і важатыя арганізавалі і правялі шэраг новых гульняў. Так, аддзел фізкультуры і спорту райвыканкама дапамог у правядзенні гульні “Гарады”. Сёлета дзеці ўпершыню не паехалі ў Гудагай ў аддзяленне пагранічнай службы, а Віталій Субаткевіч і Дзяніс Кетаў з пагранічнікамі прыехалі ў Рымдзюны і правялі ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца” на тэрыторыі, якая прылягае да летніка.
– На працягу двух дзён дзеці праходзілі розныя выпрабаванні, шукалі дыверсанта, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, кідалі гранату, збіралі і разбіралі аўтаматы і пісталеты. А закончылася ўсё частаваннем салдацкай кашай, – расказвае дырэктар летніка Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
У гэтым годзе ў “Вясёлцы” дзякуючы намаганням Паўла Букеля атрымалася правесці папулярную псіхалагічную гульню “Мафія”. А яшчэ дзеці пабывалі ў Гродна, зрабілі аглядную экскурсію па гораду, наведалі заапарк і аквапарк. Выхаванцы летніка сустракаліся з праваслаўным святаром – айцом Георгіем, начальнікам па справах непаўналетніх Р.І. Гайдулём, у летніку праводзіўся Дзень МЧС і, канешне, штодзённыя дыскатэкі. І кожнае мерапрыемства заканчвалася ўручэннем падарункаў пераможцам, хаця не толькі дзеля падарункаў едуць у “Вясёлку” дзеці.
– У лепшым летніку ўсё павінна быць лепшым, – лічыць дырэктар “Вясёлкі”. – Таму вялікую ўвагу мы надавалі харчаванню і вітамінізацыі дзяцей, для чаго выкарыстоўвалі вітаміны “VITUS”. А самае цудоўнае тое, што дзеці ў гэтым годзе сабраліся самыя актыўныя – кожны хацеў быць першым і лепшым. І ў канцы змены, запаўняючы анкеты, выхаванцы пісалі: “Гэта лепшы летнік у свеце”.
Падчас апошняй урачыстай лінейкі ўсе былі ўзнагароджаны граматамі за актыўны ўдзел у праведзеных мерапрыемствах, і кожны атрымаў у падарунак дыск з фотаздымкамі, якія рабіліся на працягу ўсёй лагернай змены.
Дзеці раз’язджаліся з надзеяй зноў сустрэцца ў будучым годзе.


Алена СВЕТЛАЯ.