Тыдзень postfactum: у пошуку дэманаў

11:31 / 18.01.2012
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

І хацелася б у новым годзе звяртаць больш увагі на пазітыў, ды, на жаль, падзеі, што адбываюцца ў свеце, пакуль не даюць такой нагоды.



БЕЛАРУСКІ “СЛЕД” БРЭЙВІКА

Дзіву даешся непераадольнаму імкненню пэўных сіл надаць Беларусі дэманічнае аблічча. У якіх толькі смяротных грахах не абвінавачвалі нашу краіну! Прышывалі “белымі ніткамі” гандаль зброяй з Суданам, удзел нашых ваенных у лівійскім канфлікце, парушэнне міжнародных эмбарга, захаванне залатога запасу Кадафі…
Ні адзін з гэтых фактаў не быў пацверджаны. Аднак знайшла смеласць папрасіць афіцыйнага прабачэння за паклёп толькі Арганізацыя Аб’яднаных нацый.
А на мінулым тыдні ў беларускім кантэксце нечакана ўсплыла справа нарвежскага тэрарыста Брэйвіка. Падставай паслужыла паведамленне аб тым, што некалькі гадоў назад Брэйвік наведваў Беларусь. Сам факт сапраўды меў месца. Але што з таго — ці мала іншаземцаў штогод бывае ў нашай краіне?
Некаму, аднак, закарцела выкарыстаць гэта для чарговага “выкрывальніцкага” паведамлення. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі, не марудзячы, распаўсюдзілі інфармацыю з ананімнай крыніцы аб тым, што ў нашай краіне тэрарыст нібыта праходзіў падрыхтоўку ў нейкім таямнічым лагеры падрыхтоўкі баевікоў.
Праўда, на гэты раз сенсацыі не атрымалася. Версія аказалася настолькі бязглуздай, што ёй не надалі ўвагі ні ў нас, ні ў Нарвегіі, паліцыя якой катэгарычна заявіла, што да злачынства Брэйвіка Беларусь не мае ніякага дачынення.



ПЕРАГОРНУТАЯ, АЛЕ НЕ ЗАКРЫТАЯ СТАРОНКА

Літва на мінулым тыдні паспрабавала запатрабаваць у Расіі Гарбачова. Не на пастаяннае месца жыхарства, зразумела, а для допыту ў сувязі з падзеямі 21-гадовай даўнасці ля Вільнюскага тэлецэнтра. Расія прадказальна адмовіла ў гэтым.
Падзеі 13 студзеня 1991 усплылі з даўніны ў Літве зусім нядаўна – пасля таго, як па гэтай справе быў адменены тэрмін даўнасці.
Затым была беспаспяховая спроба экстрадыцыі з Аўстрыі, затрыманага там па просьбе Літвы былога камандзіра АМАПу Галаватава.
Цяпер — імкненне выклікаць на допыт Гарбачова.
Трэба заўважыць, што еўрапейскія партнёры неяк даволі млява падтрымліваюць Літоўскую Рэспубліку ў палітычнай ацэнцы тых далёкіх падзей.
Не зусім адназначная іх інтэрпрэтацыя і ў самой Літве.
Тым не менш, факты аб тым, што ў дэманстрантаў стралялі зусім не амапаўцы, а снайперы з суседніх дамоў, ні разу сур’ёзна не правяраліся. Нават нягледзячы на запыты некаторых прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу.
Афіцыйны Вільнюс разглядае толькі адну версію. Яна мае выразны ўсходні вектар, выдатна атаясамліваецца з дэманічным вобразам Масквы, які настойліва падтрымліваецца ў грамадскай свядомасці і цудоўна стасуецца з сучаснай трактоўкай навейшай гісторыі Літвы, згодна з якой падзеі ля тэлевежы з’яўляюцца выдатным узорам змагання за свабоду і незалежнасць.


ЯШЧЭ АДНА “ГАРАЧАЯ КРОПКА”

Па ўсім відаць, сучасны свет проста не можа існаваць без ворага. Гэткага злога генія, ад якога неабходна абавязкова пазбавіцца. Некалі такім быў Садам Хусейн, затым Усама бен Ладэн, потым Муамар Кадафі, Хосні Мубарак…
Цяпер свету “пагражае” Іран. А ў якасці сусветнага збавіцеля зноў выступаюць Злучаныя Штаты.
Нагоду для зачэпкі і прад’яўлення прэтэнзій нават шукаць не прыйшлося. Яна добра вядомая і не новая – іранская ядзерная праграма. Некалі з гэтага ж пачыналася і вайна ў Іраку. Тады, праўда, амерыканскія салдаты ніякай атамнай зброі так і не знайшлі. Зруйнавалі краіну і пад пераможныя маршы вярнуліся на радзіму.
У сітуацыі з Іранам усё выглядае крыху інакш. Ядзерныя амбіцыі гэтай краіны зусім не блеф, і амерыканцы гэта добра ведаюць, таму што самі некалі і прадалі ім цэнтрыфугу для абагачэння ўрану.
Зрэшты, здзяйсняць неабдуманыя ўчынкі, а затым мужна пераадольваць іх наступствы для ЗША не дзіва. Так было з талібамі, якія з’явіліся пры непасрэдным удзеле амерыканскага капіталу. Так цяпер і з іранскай ядзернай праграмай.
Заявы іранскага кіраўніцтва аб выключна мірным выкарыстанні атама за акіянам пад увагу, зразумела, не прымаюцца.
Таму ў непасрэднай блізкасці ад іранскіх берагоў з’явіўся амерыканскі флот.
Іран, у сваю чаргу, заявіў аб магчым перакрыцці стратэгічна важнага Армузскага праліва, які з’яўляецца адным з важнейшых нафтавых шляхоў.
Хто першым пераадолее нябачную рысу невяртання – прадказаць цяжка. Аднак у тым, што яе перайдуць, на жаль, сумнявацца не прыходзіцца.