Жаночыя ножкі не дачакаліся адзёжкі...

13:28 / 29.03.2011

22 сакавіка лідскія вартавыя мяжы ў аўтамабільным пункце пропуску “Беняконі” спынілі адміністрацыйна-мытнае правапарушэнне, аб’ектам якога стала партыя жаночых калготак. Раніцай у ходзе агляду транспартнага сродку пагранічнікі затрымалі іншамарку, якая ехала з Літоўскай Рэспублікі. Вадзіцель аўтамабіля, жыхар Шальчынінкая, вырашыў не дэклараваць устаноўленым парадкам свой тавар, а схаваць яго ў канструктыўных асаблівасцях асабістага “Аўдзі”. За што і паплаціўся.


Пагранічнікі сумесна з супрацоўнікамі мытні знайшлі незадэклараваныя рэчы, схаваныя за пярэднім і заднім сядзеннямі, а таксама ў бакавых нішах багажніка аўтамабіля. Звыш ста пар жаночых калготак без дакументаў, якія б пацвярджалі легальнасць іх набыцця, былі схаваны ад дагляду. Нелегальны тавар праваахоўныя органы канфіскавалі за спробу незаконнага перамяшчэння. У адносінах да вадзіцеля пачаты адміністрацыйны працэс. Хутчэй за ўсё незадэклараваны тавар і аўтамабіль будуць канфіскаваны і звернуты ў даход дзяржавы. Сума ацэнкі ўстанаўліваецца.


А. АНАЦКІ, начальнік прэс-службы Лідскага пагранічнага атрада.